Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB

Мінская архікатэдра

21 мая

Глыбокапаважаны Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтар, Вашы Эксцэленцыі, браты ў святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.

1. Сёння біскуп Аляксандар Яшэўскі SDB адзначае сярэбраны юбілей манаскіх абяцанняў, якія склаў у салезіянскай законнай супольнасці. Хоць, стаўшы біскупам, ён перш за ўсё належыць да дыяцэзіі, аднак дух св. Яна Боска, заснавальніка манаскай супольнасці салезіянаў, з яго дэвізам «Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце», застанецца з Яго Экцэленцыяй назаўсёды.

Разам з біскупам Аляксандрам гэты юбілей святкуюць яго аднакурснікі. Усіх вас сардэчна вітаю, а сабраных тут заклікаю да малітвы ў інтэнцыях юбіляраў.

2. Сённяшняе Евангелле шостай Велікоднай нядзелі рыхтуе нас да Унебаўшэсця Езуса. Сын Божы, які, дзякуючы таямніцы Богаўцелаўлення, дзеля нас і нашага збаўлення стаўся чалавекам, пасля выканання даручанай Яму Нябесным Айцом місіі вяртаецца да Яго дому.

Мы ведаем, што такое камандзіроўка. Пасля выканання даручанага задання, камандзіраваная асоба вяртаецца дамоў. Падобна і з Езусам. Ён нібы вяртаецца на неба з камандзіроўкі на зямлю. Пры гэтым Ён вучыць апосталаў, што для іх будзе лепш, калі Ён адыйдзе, бо спашле ім Святога Духа як новага Суцяшальніка. Менавіта дзякуючы Яго дзеянню Езус ёсць там, дзе святар выконвае свае святарскія абавязкі навучання, асвячэння і кіравання даручаным яго апецы народам.

3. Сёння мы глядзім на біскупа Аляксандра і яго аднакурснікаў як на законнікаў і святароў, якія праз Святога Духа дзейнічаюць моцаю Езуса, дзякуючы чаму Ён прысутнічае сярод нас і адорвае нас сваёю ласкай.

Усе яны ў свой час пачулі голас клічучага іх Хрыста пайсці за Ім, каб пасля адпаведнай чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай фармацыі стаць святарамі. Пачулі яго ў харызме св. Яна Боска, апекуна маладых дзякуючы свайму прэвентыўнаму метаду выхавання, які стаў найбольш вядомым у свеце хрысціянскім педагогам. Таму перад святарскай фармацыяй яны прайшлі законную, а яе кульмінацыйным пунктам сталі манаскія абяцанні чысціні, беднасці і паслухмянасці, якія яны склалі 25 гадоў таму.

Законныя абяцанні чысціні, беднасці і паслухмянасці не з’яўляюцца выдумкай чалавека, яны выводзяцца з аднайменных евангельскіх радаў, якія нам пакінуў Езус Хрыстус. Чалавек, які складае гэтыя абяцанні, робіць гэта дзеля таго, каб цалкам паяднацца з Хрыстом і стаць удзельнікам Яго свабоды, дзякуючы якой ён ва ўсёй поўні можа служыць тым, хто патрабуе яго дапамогі. У гэтых словах крыецца сэнс евангельскіх радаў.

Евангельскімі радамі чалавек нібы «звязвае» сябе, гэта значыць свабодна і свядома ўскладае на сябе некаторыя дадатковыя абавязкі. Таму евангельскія рады — гэта асаблівы заклік Езуса да тых, хто імкнецца выказаць большую адданасць і больш поўна наследаваць Яго прыклад. Такім чынам, прыняцце евангельскіх радаў патрабуе вялікай любові свабоды, якая з’яўляецца крыніцай іх вернага выконвання.

Манаскія абяцанні, складзеныя перад адпаведнай касцёльнай уладай, становяцца абавязкам, які неабходна верна выконваць аж «да смерці». Выраз «аж да смерці» нагадвае нам абяцанне сужонкаў захоўваць сужэнскую вернасць аж да смерці. Як у сужэнстве ўзаемная любоў не мае ніякіх абмежаванняў, так і ў кансэкраваным жыцці вернасць евангельскім радам не можа мець ніякіх абмежаванняў. Выраз «да смерці» не мае часовага вымярэння, але акрэслівае радыкалізм адрачэння ад самога сябе, каб служыць іншым на ўзор Хрыста.

4. Сучасны свет вельмі цяжка ўспрымае розныя абмежаванні, і таму яму няпроста зразумець тое, што малады чалавек выбірае шлях евангельскіх радаў. У той жа час яны з’яўляюцца адказам на дэмаралізаваную антрапалогію нашага часу.

Евангельская рада чысціні — гэта адказ на філасофію (якая ўсё мацней укараняецца), калі галоўныя жаданні чалавека зводзяцца да яго сексуальнай прыроды. У сучасным свеце пануе няўстрыманае выкарыстанне чалавечай сексуальнасці, што з’яўляецца адной з прычын крызісу сям’і. Таму евангельская рада чысціні — гэта радыкальны адказ на дэмаралізаваны погляд на чалавечую сексуальнасць. Яна паказвае свету, што чалавек здольны падпарадкаваць сваё сексуальнае жаданне бескарыслівай любові і служэнню Богу і чалавеку.

Евангельская рада беднасці, дзякуючы якой хрысціянін атрымлівае поўную свабоду ў адносінах да матэрыяльнага свету, — гэта адказ на матэрыялістычную філасофію, якая ацэньвае чалавечую дзейнасць матэрыялістычнымі катэгорыямі. Гэтае абяцанне павінна паказваць свету, што матэрыяльнае вымярэнне чалавечага жыцця — не адзінае і не самае асноўнае. Евангельская беднасць павінна стаць сведчаннем Евангелля, сведчаннем таго, што не толькі хлебам жыве чалавек. Таму кансэкраваныя асобы сваім жыццём павінны паказваць, што сапраўды з’яўляюцца свабоднымі ў адносінах да матэрыяльных каштоўнасцяў, хоць і карыстаюцца імі як усе іншыя людзі.

І на канец, евангельская рада паслухмянасці. Дзякуючы ёй вучань Хрыста цалкам падпарадкоўвае сваю волю Касцёлу. Гэта адказ на сучасныя тэндэнцыі фальшывага разумення свабоды, калі чалавек разглядае сябе канчатковым крытэрыем дабра і зла, жыцця і смерці. Такім чынам, прадстаўлены самому сабе, чалавек імкнецца да самазнішчэння. Гэтая евангельская рада адкрывае чалавеку сутнасць чалавечай свабоды. Поўнае падпарадкаванне Божай волі не толькі не супярэчыць свабодзе і годнасці чалавечай асобы, але вядзе да поўнай сталасці і не з’яўляецца праяўленнем чалавечай слабасці. Такім чынам, евангельская паслухмянасць — гэта адрачэнне ад самога сябе, нібы паміранне, якое становіцца крыніцай жыцця і ўваскрашэння.

Такое ўспрыманне евангельскіх рад, дзякуючы радыкальнаму прысвячэнню сябе Хрысту, вядзе да таго, што насуперак асабістай слабасці і недахопам здабываецца сэнс жыцця. Таму яны з’яўляюцца крыніцай радасці і душэўнага супакою.

5. Ваша Эксцэленцыя, біскуп Аляксандр, паважаныя аднакурснікамі нашага іерарха!

Сёння вы дзякуеце Богу як за дар паклікання, так і за 25 гадоў манаскага жыцця. Розныя манаскія супольнасці, у тым ліку і салезіянская, вельмі моцна прычыніліся да адраджэння веры на нашай зямлі пасля трох пакаленняў ганенняў. Іх актыўная дзейнасць стала Божым сюрпрызам, які, дзякуючы Яго бязмежнай міласэрнасці, увайшоў у створаную атэістычным рэжымам эпоху безнадзейнасці.

Калі Хрыстафор Калумб плыў у пошуку новых земляў, яго наёмныя маракі пагражалі бунтам. Плаванне было доўгім і небяспечным, на гарызонце не было відаць зямлі. І вось аднойчы Калумб убачыў падбадзёрваючы знак. На хвалях акіяна знаходзілася зялёная галінка, што азначала, што дзесьці недалёка ёсць зямля. Гэтая галінка аднавіла ў мараках надзею і дадала ім энтузіязму. І сапраўды, неўзабаве яны ўбачылі зямлю.

Калі ўсё здаецца безнадзейным, Бог знаходзіць шлях як нас прыемна здзівіць. Гэта азначае, што Бог не адсутнічае ў нашым жыцці, гэта мы перастаём верыць у Яго і давяраць Яму. Ён нечакана ўваходзіць у нашае жыццё, бо любіць нас бязмежна. Чыніць гэта праз пакліканых ім жа людзей — святароў і кансэкраваных асобаў.

Дарагія юбіляры, беларускі Касцёл сёння раздзяляе вашу радасць, тым больш што адзін з вас, малады, ініцыятыўны і добра падрыхтаваны з салезіянскай харызмай святар і законнік Аляксандр Яшэўскі стаў наступнікам апосталаў і тым самым умацаваў наш Касцёл.

Заставайцеся надалей вернымі свайму пакліканню і той місіі, якую вам прызначыў Хрыстус, каб паводле ўзгаданай вышэй ідэі св. Яна Боска: «Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце» — вы і далей былі надзеяй і радасцю Касцёла. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі