Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў

НАВЯРТАЦЦА І ДЗЯЛІЦЦА ВЕРАЙ

Мінская архікатэдра, 26 чэрвеня

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, пілігрымы!

1.    Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам прыняць удзел у штогадовай пілігрымцы ў нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Кожны год тысячы людзей пілігрымуюць на папулярны будслаўскі фэст, які стаў не толькі рэлігійным, але і нацыянальным святам. Адны накіроўваюцца туды на аўтамабілях і аўтобусах, іншыя на роварах, а яшчэ іншыя выбіраюцца ў нялёгкі і доўгі шлях пяшком.

Пілігрымка — гэта не толькі выпрабаванне самога сябе, сваіх фізічных і духоўных сіл, але і шлях да лепшага пазнання сябе і свайго духоўнага стану. Акрамя таго, пілігрымка — гэта сведчанне нашага хрысціянства і пераказ Евангелля тым, хто яго не ведае, або забыўся.

Людзі з вялікай зацікаўленасцю глядзяць на пілігрымаў і пытаюцца: «Чаму яны ідзуць, можна ж было і на машыне ці аўтобусам даехаць?» Безумоўна, можна, але падчас пілігрымкі чалавек нясе свае жыццёвые праблемы да Маці Божай з надзеяй, што яна дапаможа іх вырашыць. Пілігрым ахвяруе Богу ўсе цяжкасці пілігрымкі, нацёртыя мазалі, невыгоды з прычыны не заўсёды спрыяльнага надвор’я, бо можа быць спякота і можа быць дождж, вецер, холад, не заўсёды добрыя бытавыя ўмовы і г.д.

2.    Сёлетняя пілігрымка праходзіць у юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленяў, падчас якіх Марыя прадставіла гісторыю ўжо мінулага ХХ стагоддзя з жудасным пераследам веры і дала надзею на адраджэнне веры. Гэта надзея — у малітве, пакаянні і ўшанаванні Яе Беззаганнага Сэрца.

Фацімскія аб’яўленні сталі святлом у цемры ідэалагічнага атэізму, які, згодна з філасофіяй Карла Маркса, абвясціў рэлігію опіумам для людзей. Мы ведаем, што опіум — гэта наркотык, які парушае псіхіку чалавека, чыніць яго залежным. Наркаманія сёння з’яўлецца адным з найбольшых бедаў чалавецтва, асабліва моладзі.

Дык вось, паводле атэістаў, такім наркотыкам з’яўляецца рэлігія. У той жа час трэба памятаць, што слова «рэлігія» паходзіць ад лацінакага слова religare, што азначае звязваць, яднаць з Богам, які з'яўляецца нашым Творцам і Збаўцам і ў якім наша надзея. Такім чынам, параўнанне рэлігіі з опіумам не мае нічога супольнана з рэальнасцю. Больш таго, сёння, калі свет сапраўды апусціўся ў наркатычную цемру, рэлігія з'яўляецца найбольш эфектыўным лякарствам ад гэтай пандэміі сучаснасці.

3.    Сёлетні Будслаўскі фэст праводзіцца пад дэвізам: «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання». Усе мы грэшныя і ўсе патрабуем навяртання. Гэта прапісная ісціна нашага жыцця. Мы ведаем, чым з’яўляецца дабро, і ў той жа час чынім зло. Так мы паступаем з-за скажонай першародным грахом нашай чалавечай прыроды.

Напачатку сваёй публічнай дзейнасці Езус, добра ведаючы чалавечую схільнасць да граху, заклікаў да навяртання, бо гэта адзіны шлях вярнуць чалавеку годнасць Божага дзіцяці. Мы створаны на вобраз і падабенства Божае, і такімі павінны быць.

Сваімі сіламі мы не можам гэтага ўчыніць. Але мы не адны ў барацьбе з гэтым злом. Хрыстус устанавіў сакрамэнт пакаяння, у якім мы ачышчаемся ад грахоўнана бруду. А найкарацейшы шлях да Хрыста — гэта Марыя.

4.    Сённяшяе першае чытанне і псальм нагадваюць: благаслаўлёныя тыя, каго выбраў Бог. А Евангелле нагадвае, што разам з благаслаўленнем прыходзіць і адказнасць.

Першае чытанне з кнігі Быцця распавядае пра выбар Абрагама і даручаную яму Богам місію - выйсці са сваёй зямлі і ісці туды, кубы ён пашле. Абрагам прымае даручаную яму місію і з усёй адказнасцю яе выконвае. Таму ён сапраўды дасвядчае вялікага Божага благаслаўлення.

Сённяшняе Божае слова таксама вучыць нас, што Божае благаслаўленне прыходзіць праз жыццё паводле Божых запаведзяў. Менавіта таму Езус у Евангеллі заклікае сваіх паслядоўнікаў быць адказнымі за дар хрысціянства. Мы ўжо атрымалі шчодрае благаслаўленне быць хрысціянамі. Далейшае благаслаўленне будзе залежаць ад таго, як мы адкажам на гэты дар і як будзем дзяліцца ім з іншымі. Дар веры, які мы атрымалі, мы не павінны закопваць, але пакліканы перадаваць яго іншым, каб свет пазнаў Евангелле. Таму з благаслаўленнем нага ў нагу павінна ісці адказнасць.

Гэта падобна да таго, як чалавек атрымлівае ў падарунак торт і стараецца яго захаваць толькі для сябе. Ён яго нікому не паказвае і ні з кім ім не дзеліцца. Ён проста хавае яго і чакае, калі застанецца адзін, каб з'есці. Як вядома, торт не можа доўга заставацца свежым і хутка псуецца. У выніку, ні сам чалавек, ні хто іншы не можа парадавацца торту. Як кажа прыказка: «І сам ні гам, і другому не дам». Ці ж не лепей было б падзяліцца з іншымі і такім чынам раздзяліць з імі радасць?

Якім шчаслівым быў бы свет, калі б мы належным чынам карысталіся атрыманым ад Бога дарам веры і дзяліліся ім з іншымі.

На распачацце пілігрымкі спытаем у сябе: якія дары мы атрымалі ад Бога, як іх выкарыстоўваем і ці дзелімся імі з іншымі, асабліва з шукаючымі веры? Ад гэтага адказу будзе залежаць эфектыўнасць працэсу новай евангелізацыі.

5.    Учора ў Вільнюсе адбылася беатыфікацыя Слугі Божага арцыбіскупа Тэафілюса Матулёніса, жыццё якога цесна звязана не толькі з Літвой, але з Беларуссю, бо быў святаром Магілёўскай архідыяцэзіі, з Латвіяй і Расіяй, бо там працаваў і ў Санкт-Пецярбургу пабудаваў вельмі прыгожы неагатыцкі касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Ён быў літоўцам, але перш за ўсё быў католікам і служыў людзям розных нацыянальнасцяў.

Нездарма падчас беатыфікацыі на катэдральнай плошчы Вільні ўзносіліся малітвы на літоўскай, беларускай, латышскай, расійскай, ангельскай і італьянскай мовах. Такімі і мы павінны быць, а значыць не павінны баяцца дзяліцца дарам веры з кожным чалавекам, якога спаткаем у сваім жыцці.

Таму, дарагія пілігрымы, дазвольце Езусу падчас гэтай пілігрымкі быць з вамі, каб Ён змог прыняць вашы малітвы і ў сакрамэнце пакаяння паяднаў вас з сабой і ўчыніў здольнымі дзяліцца дарам веры з іншымі. Няхай Марыя — самы кароткі шлях да Езуса — суправаджае вас да свайго будслаўскага трону, дзе б’е сэрца нашага народа, каб вы адчувалі сябе духоўна свабоднымі і не заблукалі ва ўзбураным акіяне сучаснага свету. Амэн.

Адноўлена 26.06.2017 11:55
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі