Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Парафія св. Антонія ў Слуцку сёння адзначае Сярэбраны юбілей свайго адраджэння. 25 гадоў таму рашэннем Мінска-Магілёўскага мітрапаліта Казіміра Свёнтка была адноўлена каталіцкая парафія ў Слуцку.

Католікі ў гэтым горадзе — гэта не новая з’ява. Яны жылі тут здаўна, а каталіцкая парафія была заснавана аж на пачатку XV стагоддзя. На жаль, у 1940-ых гадах мінулага стагоддзя касцёл быў разбураны. Далей прыйшлі часы ганенняў, так што не было ніякай магчымасці адрадзіць парафіяльнае жыццё. Яна з’явілася ў выніку сацыяльна-палітычных працэсаў канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў мінулага стагоддзя, прадказаных 100 гадоў таму Марыяй у Фаціме.

Менавіта ажыццяўленне фацімскага прароцтва аб духоўным адраджэнні нашых зямель кардынальна змяніла духоўную сітуацыю, сведчаннем чаму з’яўляецца гэты касцёл св. Антонія ў Слуцку. Сёння, святкуючы 25-годдзе заснавання гэтай парафіі, у юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, мы павінны дзякаваць Марыі за дадзеную надзею і за яе ажыццяўленне.

2. Парафія — гэта канкрэтная супольнасць вернікаў, якія пражываюць на канкрэтна акрэсленай тэрыторыі. Яна засноўваецца дыяцэзіяльным біскупам. Згодна з дзяржаўным заканадаўствам Беларусі, яна таксама павінна быць зарэгістравана ў адпаведным дзяраўным органам. Кіраўніком парафіі з’яўляецца прызначаны дыяцэзіяльным біскупам святар.

Парафіяй Св. Антоноія ў Слуцку апякуюцца айцы францішкане, якім хачу выказаць падзяку як за будову гэтай прыгожай святыні і кляштара, так і за духоўную апеку вернікаў. Дзякую таксама сёстрам эльжбетанкам, якія ахвярна і плённа служаць у гэтай парафіі і дапамагаюць іншым, асабліва ў галіне ктэхізацыі.

3. Сёння мы дзякуем Богу за 25 гадоў дзейнасці парафіі. Колькі св. Імшаў было адслужана? Колькі споведзей, падчас якіх адбываўся цуд прымірэння чалавека з Богам і касцёльнай супольнасцю, тут прайшло? Колькі святых Камуній было ўдзелена? Колькі хростаў? Колькі шлюбаў? Колькі памерлых святары суправаджалі на месца вечнага спачынку? Колькі людзей у сценах гэтай святыні і пры сустрэчы са святарамі, сёстрамі законнымі і проста вернікамі знайшло сэнс свайго жыцця? На гэтыя і падобныя пытанні можа даць адказ толькі Бог. Але за кожным з іх стаяць лёсы людзей.

4. Сімвалічна, што апекуном парафіі з’яўляецца св. Антоній. У касцёльнай традыцыі св. Антоній лічыцца апекуном ад згубленых рэчаў. Калі мы згубім нешта, то шукаем, аж пакуль не знойдзем. Хрысціянская традыцыя кажа, што ў такіх момантах трэба маліцца да св. Антонія, каб знайсці згубленую рэч.

Напэўна, кожнаму шкада згубленай рэчы. Аднак можа быць згублена не толькі рэч, але і вера. На жаль, чалавек вельмі часта яе губляе. Гэтаму могуць спрыяць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны.

5. Наша краіна перажыла тры пакаленні пераследу веры. Не было касцёлаў, святароў, кансэкраваных асобаў, рэлігійнай літаратуры... Веруючы чалавек лічыўся чалавекам другога гатунку, яму было цяжка заняць добрую пасаду, вучыцца ва ўніверсітэце і г.д. У такіх абставінах было вельмі складана як захаваць веру, так і перадаць яе маладому пакаленню. Мы павінны нізка кланяцца нашым бабулям і дзядулям, нашым бацькам за тое, што ў тыя часы жорсткіх ганенняў на веру, яны — як толькі маглі — на простых малітвах і ружанцы падтрымлівалі агеньчык веры і стараліся, каб ён не згас.

Сёння мы жывём у іншых абставінах свабоды веравызнання. Аднак не ўсе належным чынам яе ўспрымаюць і вельмі часта выкарыстоўваюць яе фальшывае разуменне. У той сам час неабходна разумець, што свабода — гэта вялікі дар Бога, што гэта не самаволя чыніць усё, што захочацца, таксама і ў маральным сэнсе, — гэта вялікая адказнасць.

6. Свабода, будучы дарам, з’яўляецца выклікам і вялікім заданнем, бо сапраўдная свабода — гэта жыць у межах Божага закона. Сучасны свет, на жаль, гэтага не разумее. Імкнучыся да сацыяльна-палітычна-эканамічнай аўтаноміі, аб чым вельмі добра нагадвае прыклад Англіі, жыхары якой прагаласавалі за выйсце з Еўрасаюза, людзі імкнуцца і да духоўнай аўтаноміі, калі замест Божага закона абіраюць свой.

Усё гэта вядзе да таго, што размываецца дух Евангелля, а Божы закон замяняецца чалавечым. Але ці можна самавольна не захоўваць прадпісанні дарожных знакаў? Не, бо гэта прывядзе да катастрофы і могуць нават загінуць людзі. Падобна і з Божам законам. Самавольная яго змена, карэкціроўка ці адказ вядзе да духоўнай катастрофы.

У выніку чаго чалавек траціць веру, а гэта вядзе да таго, што ён не мае падмурка, на якім павінен будаваць сваё жыццё. У той самы час, як вучыць Езус, мы павінны будаваць сваё жыццё на моцным фундаменце, на скале, якой з’яўляецца Ён сам і Яго Евангелле. Таму мы павінны памятаць аб тым, што Евангелле павінна змяняць нас, а не мы яго.           
7. Ці ўсё страчана і дзе шукаць паратунку ў такой сітуацыі? Ці сучасны чалавек яшчэ можа знайсці згубленую веру? Можа. І прыкладаў таму ёсць многа, асабліва калі мы будзем звяртацца за дапамогай да нашага апекуна святога Антонія.

Хрысціянская традыцыя пакінула нам шмат прыкладаў яго прысутнасці і цудаў, якія Бог праз яго здзейсніў.

Адзін вельмі багаты і адначасова бязбожны чалавек высмейваў Бога і адмаўляўся верыць у рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі. На працэсію Божага Цела ён прыйшоў з аслом, кажучы, што, калі ў Эўхарыстыі прысутнічае сапраўдны Бог, то асёл стане перад ім на калені. Святы Антоній маліўся ў гэтай інтэнцыі. І вось, калі працэсія праходзіла побач з гэтым няверуючым чалавекам, то нечакана для ўсіх яго асёл стаў на калені. Цуд так падзейнічаў на чалавека, што той навярнуўся і пакутаваў за свае грахі.

8. Вернікі Слуцка і госці!

Цудам з’яўляецца адраджэнне гэтай парафіі пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў на Касцёл і веру. Але цуды адбываліся не толькі ў мінулыя часы. Яны адбываюцца і сёння, бо Бог не памёр і нават не пайшоў у адпачынак. Ён заўсёды дзейнічае на карысць чалавека, якога стварыў і збавіў коштам крыжовай смерці свайго Сына Езуса Хрыста.

Святыя з’яўляюцца нашымі пасламі ў Бога. Яны перадаюць яму нашы просьбы і падзякі, яны таксама з’яўляюцца нам прыкладам, як перамагчы зло і жыць паводле духа Евангелля.

Такім нашым заступнікам з’яўляецца і св. Антоній, апякун парафіі ў Слуцку.

У гэтую хвіліну падзякі за адраджэнне гэтай парафіі і 25 гадоў яе дзеяння, мы звяртаемся да цябе, св. Антоній: міласціва ўзглянь на нас, на наш народ, на нашу Бацькаўшчыну і ва ўмовах росту секулярызму ва ўсім свеце і адыходу ад Бога і прынцыпаў Евангелля, выпрасі ў Бога новы цуд, каб мы знайшлі згубленую веру і жылі ёю, бо без веры няма збаўлення. Амэн.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі