Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску

Бог з намі

Мінск, 28 мая 2017 г.

Не пакіну вас сіротамі, іду і прыйду да вас,
і ўзрадуецца сэрца вашае (пар. Ян 14, 18).


Вашы эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

 

Гэтыя словы спеву перад Евангеллем сёння прапануе Касцёл нашай увазе. Яны, не гледзячы на тое, што Езус узнёсся на неба, нагадваюць аб Яго прысутнасці сярод нас.

Адна гісторыя распавядае пра сустрэчу студэнтаў са святаром. Адзін са студэнтаў задаў пытанне: «Чаму вы з’яўляецеся католікам?». Святар адказаў: «Таму што Езус уваскрос». Студэнт, аднак, гэтым не задаволіўся і націскаў, кажучы: «Ваш адказ тлумачыць, чаму вы з’яўляецеся хрысціянінам, але я хачу ведаць, чаму вы католік?» Тады святар адказаў: «Таму што веру ў Эўхарыстыю».

Сапраўды, гэта так. Вера ў Эўхарыстыю з’яўляецца фундаментальнай у жыцці католіка. Дарэчы, таксама і ў праваслаўных. У сакрамэнце Эўхарыстыі Езус прысутны сярод нас. У ім Ён працягвае ахвяроўваць сябе чалавецтву як крыніца боскага жыцця.
Касцёл вучыць, што Езус прысутны ў сваім слове, якое знаходзіцца ў Евангеллі. Ён прысутны сярод сваіх верных, калі двое або трое збіраюцца ў Яго Імя. Ён прысутны ў святары, які дзейнічае ад Яго Імя і Ягонаю моцаю. Але найперш ён прысутны ў Эўхарыстыі.
Лепш зразумець розніцу паміж прысутнасцю Езуса ў Эўхарыстыі і ў іншых выпадках, прадстаўленых вышэй, можа дапамагчы наступны аповед.

Аднойчы два вернікі, якія добра разбіраліся ў сучаснай тэалогіі, спрачаліся паміж сабой аб прысутнасці Езуса ў нашым жыцці. Адзін казаў аб прысутнасці Езуса ў супольнасці вернікаў: Хрыстус прысутны не толькі ў Эўхарыстыі, але і ў кожным верніку.
Другі пагадзіўся, але спытаў: «Ці ты праслаўляеш Эўхарыстыю?». «Вядома, што так, я ж католік!», — кажа першы. Тады другі пытае: «А ці ты не хацеў бы пакланіцца мне, бо ў ва мне таксама ёсць Хрыстус?»

«Не», — адказвае першы.

Сапраўды, мы павінны шанаваць кожнага чалавека, бо ён створаны па вобразе і падабенству Божаму і мае сваю чалавечую годнасць, але пакланяцца чалавеку мы не можам, бо гэта ідалапаклонніцтва. Гэта вельмі важна ў наш час, калі ўсё больш распаўсюджваецца ідэя антрапацэнтрызму, калі чалавек становіцца пупом зямлі, забываючыся пра Бога і нават займаючы Яго месца.

Езус прысутны ў супольнасці вернікаў, але ніхто не становіцца на калені перад імі. У той сам час мы становімся на калені перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У гэтым і ёсць розніца паміж прысутнасцю Езуса ў веруючым і ў Эўхарыстыі. Падчас св. Імшы дзякуючы служэнню святара Дух Святы перамяняе хлеб і віно ў Цела і Кроў Езуса. Менавіта таму з першых стагоддзяў хрысціянства мы пакланяемся Эўхарыстыі.

У палове III стагоддзя ў Рыме жыў св. Тарцызій. Ён быў маленькім 12-гадовым хлопчыкам, якога святар папрасіў занесці св. Камунію тым, хто з-за пераследу не мог прыняць удзел у св. Імшы. У спецыяльным начынні, якое ён схаваў пад вопраткай на грудзях, Тарцызій нёс ім Эўхарыстыю. Па дарозе сустрэў хлопцаў, якія гулялі ў гульню з мячом. Паколькі ім не хапала аднаго гульца, то яны паклікалі Тарцызія далучыцца. Ён аднак адмовіўся, бо нёс Найсвяцейшы Сакрамэнт. Тады яны яго хацелі змусіць і нават так моцна пабілі, што ён памёр.

Тарцізій стаў ахвярай дзеля Эўхарыстыі. Яго следам пайшлі многія мучанікі, асабліва ў ХХ стагоддзі, калі атэісты і нацысты арыштоўвалі святароў. Аднак у жорсткіх абставінах вязніц і канцэнтрацыйных лагераў тыя цэлебравалі Эўхарыстыю, каб толькі даць вернікам магчымасць карміцца хлебам жыцця.

Былы арцыбіскуп Вашынгтона кардынал Тэадор МакКарык распавядаў, як у складзе міжнароднай дэлегацыі ён наведаў канцэнтрацыйны лагер у часы ганенняў на Касцёл у В’етнаме. Тады вернікі папрасілі яго пайсці разам з ім у джунглі. Яны падыйшлі да адной з пальмаў і сказалі: «У нас быў святар, які цэлебраваў Эўхарыстыю. На жаль, ён памёр і цяпер няма св. Імшы. Аднак пад каранямі гэтай пальмы мы закапалі Найсвяцейшы Сэкрамэнт і калі нам цяжка, то прыходзім сюды». У гэтых словах выказана не толькі вера ў Эўхарыстыю і яе пашана, але таксама неабходнасць быць эўхарыстычнымі людзьмі з мэтай пераадолення крызісаў і імкнення да нармальнага хрысціянскага жыцця нават у складаных абставінах.

Сёння мы павінны дзякаваць Богу за новыя магчымасці рэалізацыі права на свабоду веравызнання і гэтым самым на пашырэнне культу Эўхарыстыі. Асабліва трэба памятаць аб гэтым у Юбілейным годзе 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. За год да іх у далёкай Фаціме анёл удзяліў св. Камунію фацімскім дзецям. Адкуль ён яе ўзяў? Некаторыя даследчыкі кажуць, што, магчыма, з Расійскай імперыі, дзе ўжо пачалі праяўляцца знакі ваюючага атэізму і барацьбы з рэлігіяй.

Бог праз фацімскіх дзяцей таксама хацеў звярнуць увагну чалавецтва на значэнне Эўхарыстыі ў жыцці хрысціяніна. Сёння разам з Марыяй мы павінны спяваць наш беларускі Magnificat, бо сапраўды вялікія рэчы Бог чыніць нам.

Яшчэ не так даўно ў Мінску не было ніводнага касцёла і святара, а сёння ў сталіцы Беларусі ў нядзелю цэлебруецца каля 50 св. Імшаў. Гэта дар, але і выплываючае з нашай хрысціянскай тоеснасці, заданне, каб належным чынам выкарыстаць такую магчымасць і кожную нядзелю прымаць удзел у св. Імшы.

6. Мэтай нашага жыцця не з’яўляецца зарабіць як мага больш, купіць найлепшую машыну ці пабудаваць вялікі катэдж, каб праз гэта стаць вядомым у сваім асяроддзі. Нам патрэбны матэрыяльныя каштоўнасці, але яны не павінны стаць новымі багамі, якія, на жаль, усё часцей дамінуюць у сучасным свеце. Гэтыя багі прамінаюць, як дым, і нагадваюць аб нябачным дасюль узроўні маральнага заняпаду.
Мэта нашага жыцця іншая — пазнаць Бога, Яго любіць і Яму служыць. Гэта азначае Яго праслаўляць, найперш у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Няхай тады Эўхарыстычны стол, да якога нас заклікае Езус, стане сталом, які прыпамінае аб тым, што Езус не пакінуў нас сіротамі. Няхай яднае нас з Богам і паміж намі. Няхай умацоўвае нашы духоўныя сілы, каб мы ва ўсіх абставінах нашага жыцця годна сведчылі аб сваім хрысціянскім пакліканні. Падчас сённяшняй Эўхарыстычнай працэсіі Божага Цела вуліцамі нашай сталіцы будзем разважаць пра таямніцы Ружанца — у малітве, да якой заклікала Марыя ў Фаціме і малітве, дзякуючы якой падчас ганенняў захавалася вера. Няхай гэта працэсія стане яшчэ адным публічным вызнаннем нашай веры, без якой няма збаўлення. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі