Арцыбіскуп Кандрусевіч прыме ўдзел у пасяджэнні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы на Святой Зямлі | Друк |
Іерархі
26.08.2015 21:28
Упершыню сваё пасяджэнне Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (РБКЕ) правядзе на Святой Зямлі. З 11 па 16 верасня старшыні каталіцкіх епіскапатаў збяруцца ля вытокаў хрысціянства, наведаўшы падчас пасяджэння Назарэт, Галілею, Ерузалем і Бэтлеем.
 
У ліку ўдзельнікаў і іерарх з Беларусі — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Мару, каб падобнае адбылося і ў Беларусі»

«Пасяджэнне РБКЕ на Святой Зямлі стане адмысловай пілігрымкай старшыняў Біскупскіх Канферэнцый Еўропы да каранёў хрысціянства, — адзначыў у каментарыі для Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Таксама гэтая паездка стане знакам салідарнасці з Каталіцкім Касцёлам і хрысціянскімі супольнасцямі, якія там існуюць».
 
 
Мітрапаліт зазначыў, што ўдзел у пасяджэннях РБКЕ будзе для яго не першым.
 
«Я шмат разоў прымаў удзел у пленарных пасяджэннях РБКЕ, у сустрэчах РБКЕ з Радай Біскупаў Афрыкі, а таксама ў сумесных пасяджэннях Рады з Канферэнцыяй Касцёлаў Еўропы, утворанай прадстаўнiкамі Праваслаўных Цэркваў i Пратэстанцкiх дэнамiнацый Еўропы, — паведаміў іерарх. — У 2006 г. мне даводзілася арганiзоўваць адно з пленарных пасяджэнняў РБКЕ ў Санкт-Пецярбургу». «Мару, каб падобнае адбылося i ў Беларусi. Гэта вялiкi гонар для мясцовага Касцёла i ўсёй краiны», — заключыў арцыпастыр.

У праграме пасяджэння запланаваны сустрэчы з палiтыкамi Iзраiля i Палесцiны, з акрэдытаванымi ў Ерузалеме генеральнымi консуламi з розных еўрапейскіх краiн, а таксама з рознымi каталiцкiмi супольнасцямi, прысутнымі на Святой Зямлi. 
 
Чытайце таксама:
Пасяджэнне РБКЕ сёлета пройдзе на тэму «Касцёл у розных еўрапейскiх краiнах i выклiкi, якiя стаяць перад iм» і адбудзецца па запрашэнні лацінскага Патрыярха Ерузалема.

Падрыхтоўка да Сусветнай сустрэчы сем’яў і Сінода

У Назарэце біскупы сустрэцца з хрысціянскімі сем’ямі, што стане падрыхтоўкай да Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі (21-27 верасня) і Сінода Біскупаў у Ватыкане.

13 верасня кардыналы і біскупы будуць разам пілігрымаваць у горад Мілья на поўначы Галілеі, каб маліцца за хрысціян, якія церпяць пераслед. 14 верасня члены РБКЕ адслужаць святую Імшу ў Магдале. 

Асноўным пунктам працоўнага пасяджэння 15 верасня стане абмеркаванне становішча хрысціян на Святой Зямлі; разам з тым запланаваны і сустрэчы з ізраільскімі і палесцінскімі палітыкамі. У другой палове дня плануецца знаёмства біскупаў з сацыяльнымі напрамкамі працы ў Бэтлееме. 16 верасня кіраўнік Рады Біскупскіх Канферэнцый кардынал Петэр Эрдзё ўзначаліць Эўхарыстыю ў Касцёле Гроба Пана.

Што такое Рада Бiскупскiх Канферэнцый Еўропы?

Рада Бiскупскiх Канферэнцый Еўропы (РБКЕ) была ўтворана напрыканцы Другога Ватыкаскага Сабору. Першапачаткова ў яе ўваходзілі старшыні 13 нацыянальных Канферэнцый Біскупаў, якія аб’ядналіся ў Раду з мэтай аналізу магчымасцяў супрацоўніцтва. У выніку гэтага ў 1971 годзе і была ўтворана РБКЕ.
 
 
РБКЕ складаецца са старшыняў 33 Бiскупскiх Канферэнцый краін Еўропы, да якiх далучаны і прадстаўнiкі краiн, дзе Канферэнцыi Бiскупаў няма (адной з такіх з’яўляецца Малдова). Сёлета ў пасяджэннi возьмуць удзел 39 кардыналаў i бiскупаў, а таксама прадстаўнік Ватыкана.

На чале Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы стаіць старшыня і два віцэстаршыні. Усе яны абіраюцца на пяцiгадовы тэрмiн i могуць быць пераабраны. Сакратарыят РБКЕ знаходзіцца ў г. Сан Гален у Швейцарыi. Галоўнымі мэтамі Рады з’яўляюцца інфармацыйнае ўзаемасупрацоўніцтва, падтрымка экуменічнага супрацоўніцтва ў Еўропе, развіццё адносін з Біскупскімі Канферэнцыямі іншых кантынентаў і інш.
Падрыхтаваў Ілья Лапато
 
© 2003-2025 Catholic.by