Апостальскі Нунцый пракаментаваў вынікі візіту Дзяржаўнага Сакратара Папы ў Беларусь | Друк |
Іерархі
04.09.2015 14:21

Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці пракаментаваў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ўжо відавочныя вынікі візіту ў Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы кардынала П’етро Параліна. Кардынал знаходзіўся ў Беларусі з 12 па 15 сакавіка.

Па словах арцыбіскупа, для Дзяржсакратара гэты візіт быў магчымасцю зразумець сітуацыю ў Касцёле ў Беларусі, і дзякуючы гэтаму візіту краіна была на вачах усяго свету.

«Візіт кардынала П’етро Параліна прыцягнуў увагу ўсёй Беларусі да Каталіцкага Касцёла і зрабіў яго больш заўважным. Касцёл стаў больш бачным у вачах усіх, ён набыў больш значнасці і ўвагі з боку ўсяго беларускага народа. Другім вельмі важным вынікам было тое, што Беларусь стала больш прысутнай у вачах свету пасля візіту кардынала. Яна стала больш заўважнай, узнікла больш ініцыятыў у адносінах да Беларусі з боку ўсяго свету, і гэта дазволіла Папу непасрэдна ўмяшацца, каб паспрыяць вызваленню вязняў, якое адбылося нядаўна. Канешне, мы гэтым вельмі ганарымся, таму што гэта пайшло на службу міру і стабільнасці ў краіне. Я таксама вельмі задаволены тым, што беларускія ўлады высока ацанілі гэты ўдзел Папы», – сказаў арцыбіскуп.

Прадстаўнік Святога Айца дадаў, што будынак нунцыятуры ў Мінску, вуглавы камень якога Дзяржсакратар асвяціў падчас свайго візіту, амаль гатовы, і Апостальскі Нунцый удзячны ўладам за тое, што працэс будаўніцтва адбываецца вельмі хутка.

«Прысутнасць нунцыятуры азначае прысутнасць Папы ў Беларусі, у асобе Нунцыя, не ў часовай, але ў стабільнай форме. Гэта знак вялікай пашаны з боку Апостальскай Сталіцы і ўсяго Каталіцкага Касцёла да Беларусі і імкнення спрыяць будучыні, росквіту і міру. Святы Пасад не мае ніякіх патрабаванняў, а толькі хоча ўносіць уласны ўклад і аказваць падтрымку будучыні гэтага народа, які шмат пакутаваў», – адзначыў іерарх.

2 верасня арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і новы сакратар нунцыятуры мансеньёр Марынко Антолавіч наведалі Гомель у складзе групы дыпламатаў краін Еўрасаюза і прадстаўнікоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб азнаёміцца з умовамі пражывання бежанцаў і перасяленцаў у рэгіёне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by