Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях у гонар св. Вацлава ў Чэхіі | Друк |
Іерархі
28.09.2015 16:33

28 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях у гонар св. Вацлава — галоўнага апекуна Чэхіі — y Стара Баляславе пад Прагай.

Святога Вацлава называюць у Чэхіі Ваяводай чэшскіх земляў. Свята св. Вацлава ў Чэхіі — вольны ад працы дзень і нацыянальнае свята, у якім прымаюць удзел вышэйшыя прадстаўнікі ўлады краіны.

Урачыстасці пачаліся 26 верасня ў 17 гадзін па мясцовым часе на плошчы св. Вацлава ў Празе. Да сабраных звярнуліся прадстаўнікі дзяржаўнай улады і арцыбіскуп Пражскі кардынал Дамінік Дука. Спяваў хор пражскага катэдральнага касцёла.

Потым рэліквіі галавы св. Вацлава былі перавезены на прэзідэнцкім аўтамабілі ў суправаджэнні эскорту матацыклістаў з пражскай катэдры ў Стара Баляслаў — месца яго смерці (святога забіў яго брат Уладзіслаў). Там рэліквіі ўрачыста ўнеслі ў базыліку св. Вацлава, дзе затым адбыўся канцэрт духоўнай музыкі і Нешпары ва ўсходнім абрадзе.

Галоўныя ўрачыстасці прайшлі 28 верасня ў Стара Баляславе на плошчы св. Вацлава. У святой Імшы прынялі ўдзел члены епіскапату краіны, Апостальскі Нунцый у Чэхіі, два ганаровыя госці — Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Грэка-Каталіцкай Царквы ва Украіне Святаслаў Шаўчук, — прадстаўнікі парламенту, ураду Чэхіі і гарадскіх уладаў. Дары на ахвяраванне несла падчас Эўхарыстыі сям’я бежанцаў з Данецка (Украіна).


Пасля Імшы да ўдзельнікаў урачыстасцяў звярнуліся архіепіскап Святаслаў Шаўчук і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«У дзень галоўнага апекуна Чэхіі св. Вацлава сардэчна вас вітаю ад імя беларускіх католікаў. Касцёл у Беларусі, падобна як і ў Чэхіі, перажыў цяжкія часы пераследу. Нашы землі сталіся Галготай ХХ стагоддзя, але, нягледзячы на жорсткі пераслед, не страцілі веры», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім слове.

Як дадаў іерарх, «скончыўся час ідэалагічнага атэізму, але пачаўся час матэрыялістычнага», «Еўропа адракаецца ад хрысціянскай спадчыны», а «свабода становіцца вельмі важным выклікам».

«Святы Вацлаў аддаў сваё жыццё у абароне здаровай веры і свабоды Касцёла, — нагадаў Мітрапаліт. — Браты і сёстры, нашчадкі гэтага вялікага святога, вы з’яўляецеся яго спадкаемцамі і на вас ляжыць абавязак захавання нескажонай веры». Арцыбіскуп падкрэсліў, што «Еўропа і свет, Чэхія і Беларусь маюць патрэбу ў людзях фармату св. Вацлава, каб бараніць веру і быць яе сведкамі ў сучасным секулярызаваным свеце».


Іерарх прыгадаў, што тамілы, народ, які пражывае пераважна ў Паўднёвай Азіі, кажуць, што нават самы галодны леў не есць траву. «Леў — кароль звяроў, а чалавек па волі Божай — кароль стварэння. Чалавек, ты валадар свету! Не еш травы, не старайся запоўніць духоўнай пустэчы сучаснага свету алкаголем, наркотыкамі, неўпарадкаваным сексуальным жыццём і г.д. Яны не заспакояць твайго голаду і духоўнай пустэчы. Еш заўсёды здаровую і актуальную ежу Божага слова і Эўхарыстыі, каб захаваць годнасць Божага дзіцяці і будаваць цывілізацыю любові і жыцця», — заклікаў арцыпастыр.

(DN), (AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by