Урачысты прыём з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса з нагоды завяршэння арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці місіі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі прайшоў у Мінску (абноўлена) | Друк |
Іерархі
08.12.2015 18:01

7 снежня ў Мінску адбыўся ўрачысты прыём з нагоды завяршэння арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці сваёй місіі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі. Прыём быў арганізаваны Апостальскай Нунцыятурай у Рэспубліцы Беларусь.

Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Апостальскім Нунцыем ва Украіне.

На прыёме прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, дыпламатычных місій, Каталіцкага Касцёла, які прадставіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Беларускай Праваслаўнай Царквы, якую прадставіў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім.

У прамове да прысутных арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзгадаў, што 29 чэрвеня 2012 г., упершыню звяртаючыся да прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу ў Беларусі, цытаваў верш паэткі Валерыі Куставай:

Ля апошняй кветкі лётаў трапяткі матылёк,
Ён нават не спрабаваў сесці на яе:
Пэўна, баяўся зламаць кволую сцябліну.
Раптам неба ўздыхнула — і пайшоў дождж.
Адна буйная кропля збіла знясіленага матылька...

«Праз тры з паловай гады, калі я завяршаю маю місію Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь, мой сардэчны ўспамін пераносіць мяне ў атмасферу тых дзён. Гэта быў час глыбокага непаразумення і ізаляцыі паміж краінамі Захаду і Беларуссю. Я быў скіраваны сюды Святым Пасадам дзеля таго, каб дапамагчы матыльку не знясіліцца, нягледзячы на кроплі дажджу.

Сёння я магу сказаць, што гэты матылёк, у вобразе якога я бачу беларускі народ, адчувае сябе мацнейшым. Праблемы ўсё яшчэ застаюцца, але змянілася атмасфера», заўважыў іерарх.

Поўны тэкст прамовы арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці>>>>

Па словах арцыбіскупа, «вядзецца канструктыўная размова, часам нават дыялог», «прынцыпы застаюцца важнымі, але мы можам абмяркоўваць іх ажыццяўленне на практыцы».

«Гэта было дасягнута нашымі сумеснымі намаганнямі, шаноўныя прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных уладаў і дарагія мае калегі дыпламаты, а таксама дзякуючы намаганням многіх іншых людзей добрай волі з усяго свету, у тым ліку і вернікаў, якія за гэта маліліся», дадаў арцыбіскуп.


«Матылёк зазвычай выглядае вельмі прыгожа. Але ж наш матылёк прызвычаіўся да таго, што вельмі мала хто (калі такі чалавек наогул знаходзіўся) паглядаў на яго з любоўю. Бясконцы дождж стварыў для яго вялікую небяспеку. Часта кроплі збівалі яго амаль да смерці», сказаў іерарх і працытаваў верш яшчэ адной беларускай паэткі Валянціны Аксак:

Саджу рэмантантныя ружы,
але ніхто не прыходзіць дзівіцца
на іх нетутэйшую гожасць.

Шыю фасоніста сукню,
але ніхто не прыходзіць дзівіцца
на маю стрункастаннасць у ёй.

Пяку задушэўныя дранікі,
але ніхто не прыходзіць дзівіцца
на гасціннасць маю невымоўную.

Мама — з Дзядамі

«Мне здаецца, цяжка больш трапна выказаць самаўспрыманне беларусаў. І дзякуй за гэтыя сумесныя намаганні. Хтосьці яшчэ прыйдзе, каб пакаштаваць дранікаў», адзначыў таксама арцыбіскуп.

Як дадаў іерарх, «гэта і ёсць сціплы ўнёсак дыпламатыі», «і мы ганарымся, калі ён можа быць апеты паэтамі, а не толькі змешчаны на банкаўскім рахунку».

«Давайце ж будзем працаваць так, каб зноў не апынуцца ў цемры. Давайце зробім гэта дзеля матылька і дзеля смаку дранікаў, якімі нас так гасцінна пачаставалі», заклікаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і падзякаваў за прыязнасць і працу.

Таксама з прамовай выступіла намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь спадарыня Алена Купчына. «Мне хацелася б аддаць належнае Вашай дзейнасці ў рэлігійнай сферы, а менавіта адзначыць Ваш унёсак у развіццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які дзякуючы Вам стаў больш адпавядаць чаканням беларускага народа, найглыбейшым пачуццям і імкненням беларускіх католікаў, якія, я ўпэўнена, ніколі пра гэта не забудуццца і якія заўсёды будуць ганарыцца тым вялікім сяброўствам, якога Вы дасягнулі з каталіцкай супольнасцю Беларусі, еўрапейскай нацыі, члена вялікай еўрапейскай сям’і», між іншым адзначыла Алена Купчына.

(AG)
 
© 2003-2025 Catholic.by