Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на прыёме з нагоды завяршэння ім сваёй місіі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі (на беларускай мове)

7 снежня 2015 г.

Шаноўныя прадстаўнікі дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь, [перадусім спадарыня Алена Купчына, намеснік міністра замежных спраў, дарагі сябар, асоба, надзеленая надзвычай высокімі чалавечымі і прафесійнымі якасцямі] паважаныя прадстаўнікі дыпламатычных місій, [а асабліва Ваша Эксцэленцыя спадар Пасол Аляксандр Сурыкаў, Дуаен Дыпламатычнага корпусу,] Ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Ваша Праасвяшчэнства Уладыка Серафім, епіскап Бабруйскі і Быхаўскі, найдастойнейшы прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы,

29 чэрвеня 2012 года ў маёй першай прамове, з якой я звярнуўся да прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў Рэспубліцы Беларусь, я працытаваў верш сучаснай беларускай паэткі Валерыі Куставай, які б хацеў узгадаць яшчэ раз:

Ля апошняй кветкі лётаў трапяткі матылёк,
Ён нават не спрабаваў сесці на яе:
Пэўна, баяўся зламаць кволую сцябліну.
Раптам неба ўздыхнула — і пайшоў дождж.
Адна буйная кропля збіла знясіленага матылька...


Праз тры з паловай гады, калі я завяршаю маю місію Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь, мой сардэчны ўспамін пераносіць мяне ў атмасферу тых дзён. Гэта быў час глыбокага непаразумення і ізаляцыі паміж краінамі Захаду і Беларуссю. Я быў скіраваны сюды Святым Пасадам дзеля таго, каб дапамагчы матыльку не знясіліцца, нягледзячы на кроплі дажджу.

Сёння я магу сказаць, што гэты матылёк, у вобразе якога я бачу беларускі народ, адчувае сябе мацнейшым. Праблемы ўсё яшчэ застаюцца, але змянілася атмасфера. Кроплі дажджу ўжо больш не з’яўляюцца такімі небяспечнымі, а на даляглядзе нават прабіваецца сонечны прамень.

Вядзецца канструктыўная размова, часам нават дыялог. Прынцыпы застаюцца важнымі, але мы можам абмяркоўваць іх ажыццяўленне на практыцы.

Гэта было дасягнута нашымі сумеснымі намаганнямі, шаноўныя прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных уладаў і дарагія мае калегі дыпламаты, а таксама дзякуючы намаганням многіх іншых людзей добрай волі з усяго свету, у тым ліку і вернікаў, якія за гэта маліліся.

Матылёк не ўспрымае толькі агульныя абмеркаванні вакол сябе; ён адчувае сябе мацнейшым дзякуючы той цеплыні, што яго атуляе.

Матылёк зазвычай выглядае вельмі прыгожа. Але ж наш матылёк прызвычаіўся да таго, што вельмі мала хто (калі такі чалавек наогул знаходзіўся) паглядаў на яго з любоўю. Бясконцы дождж стварыў для яго вялікую небяспеку. Часта кроплі збівалі яго амаль да смерці.

Дазвольце мне выказаць гэтыя пачуцці словамі яшчэ адной беларускай паэткі Валянціны Аксак:

Саджу рэмантантныя ружы,
але ніхто не прыходзіць дзівіцца
на іх нетутэйшую гожасць.

Шыю фасоніста сукню,
але ніхто не прыходзіць дзівіцца
на маю стрункастаннасць у ёй.

Пяку задушэўныя дранікі,
але ніхто не прыходзіць дзівіцца
на гасціннасць маю невымоўную.

Мама — з Дзядамі.


Мне здаецца, цяжка больш трапна выказаць самаўспрыманне беларусаў. І дзякуй за гэтыя сумесныя намаганні. Хтосьці яшчэ прыйдзе, каб пакаштаваць дранікаў.

Гэта і ёсць сціплы ўнёсак дыпламатыі. І мы ганарымся, калі ён можа быць апеты паэтамі, а не толькі змешчаны на банкаўскім рахунку.

Сёння мая місія тут завершана. Але яна распачынаецца ў іншай краіне з новымі выклікамі.

Гэта толькі світанне. Давайце ж будзем працаваць так, каб зноў не апынуцца ў цемры. Давайце зробім гэта дзеля матылька і дзеля смаку дранікаў, якімі нас так гасцінна пачаставалі.

Дзякуй вам за прыязнасць і за працу! Поспехаў вам і ўсяго найлепшага!
Бог няхай благаславіць усіх вас!

Адноўлена 07.12.2015 21:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску