Адышоў у вечнасць дон Кармэло Джарратана - італьянскі святар, які вельмі любіў Беларусь | Друк |
Душпастырства
17.01.2015 17:32

14 студзеня ў сценах рымскага шпіталя перастала біцца сэрца вельмі сціплага, ціхага і простага чалавека, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу і людзям. Мансіньёр Кармэло Джарратана, якога ўсе называлі проста дон Кармэло, адышоў у дом Нябеснага Айца.

Выхаваўшыся ў шматдзетнай сіцылійскай сям’і і атрымаўшы першы дар веры і ўзаемадапамогі, дон Кармэло з моцным запалам і гарачым сэрцам прысвяціў сваё жыццё на працу на Жніве Пана. Спачатку абвяшчаў Евангелле на роднай сіцылійскай зямлі, потым у Рыме. Асноўным прынцыпам яго служэння было тое, што парафія - гэта сям’я, якая складаецца з сем’яў. Праз літургію і катэхезу святар фармаваў вернікаў, каб праз учынкі міласэрнасці, любоў і дабрыню яны абвяшчалі Евангелле ўсім людзям, асабліва найменшым.
 
На працягу многіх гадоў дон Кармэло таксама супрацоўнічаў з рознымі парафіямі ў Беларусі, са свецкімі арганізацыямі, каб даць той “кубак вады”, пра які навучае Езус Хрыстус, асабліва людзям пакінутым, сумным, хворым, дзецям з чарнобыльскай зоны і з дамоў-інтэрнатаў. Праз розныя ініцыятывы была арганізавана дапамога для жыхароў Беларусі, многія дзеці змаглі пабываць у Італіі, каб не толькі адпачыць і палепшыць здароўе, але і праз гасціннасць італьянскіх сем’яў адчуць сябе крыху больш шчаслівымі і прыйсці да веры. Дзякуючы духоўнай падтрымцы дона Кармэло многія італьянскія сем’і ўсынавілі дзяцей, якім не хапала сямейнага цяпла і любові.

Дон Кармэло таксама часта наведваў Беларусь. Многія, хто яго сустракаў, змаглі ўбачыць у ім сведку сапраўднай веры, любові і міласэрнасці. Таму ў гэтыя дні асаблівым чынам хочам быць удзячныя Пану Богу за дар асобы і служэння гэтага душпастыра.

Падчас пахавальнай Імшы, у якой удзельнічалі біскупы, святары і вернікі з розных куткоў свету, маліліся і ўспаміналі італьянскага святара, які моцна любіў Беларусь. Вянок з жывых кветак з беларускім сцягам асабліва ўказваў на ўдзячнасць дону Кармэло ад беларускіх дзяцей і іх новых італьянскіх бацькоў.

Вечны адпачынак дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць. Няхай адпачывае ў супакоі вечным. Амэн.

Кс. Юрый Жаўняровіч


 
© 2003-2024 Catholic.by