Моладзь мінскай парафіі Божага Цела наведала касцёлы і гістарычныя мясціны Берасцейшчыны | Друк |
Душпастырства
11.08.2015 17:13
Гатычнае дойлідства, абраз Маці Божай Ласкавай і прыгажосць беларускіх краявідаў: разам з айцом Сяргеем Трысценем OCD моладзь з мінскай парафіі Божага Цела здзейсніла аўтавандроўку па касцёлах і гісторыка-культурных помніках Пінскай дыяцэзіі. 
 
Падарожжа ўключала Баранавіцкі, Пружанскі і Івацэвіцкі раёны і насіла  інтэграцыйны, пазнавальны і, безумоўна, рэлігійны характар. 

Першым пунктам на шляху вандроўнікаў стала вёска Ішкалдзь Баранавіцкага раёна, дзе знаходзіцца самая старая (з неперабудаваных) каталіцкая святыня: касцёл Святой Тройцы — унікальны для Беларусі прыклад гатычнага дойлідства. 

У васьмі кіламетрах ад Ішкалдзі — вёска Паланечка (колішнія ўладанні Радзівілаў) з касцёлам святога Юрыя, у якім быў ахрышчаны Ігнат Дамейка. Тут, на гістарычнай Навагрудчыне, нарадзіўся і паплечнік Дамейкі — сусветнавядомы Адам Міцкевіч, таму маленькая радзіма паэта — маёнтак Завоссе — стала чарговым прыпынкам вандроўнікаў.
 

 
Цудоўныя краявіды і адмысловы інтэр’ер шляхецкай сядзібы нікога не пакінулі абыякавым. Таксама мінская моладзь наведала парафію ў Крошыне, дзе ў касцёле Божага Цела знаходзіцца жырандоля, вырабленая мясцовым майстрам-кавалём і паэтам Паўлюком Багрымам, і парафію Перамянення Пана ў вёсцы Новая Мыш, дзе вандроўнікі спыніліся на святую Імшу. 

Наступным прыпынкам стала Косава ў Івацэвіцкім раёне са слынным палацам Пуслаўскіх у стылі неаготыкі і сядзібай Тадэвуша Касцюшкі, а яшчэ косаўскім касцёлам Святой Тройцы, дзе быў ахрышчаны Касцюшка. 

З аповеду мясцовай парафіянкі моладзь даведалася пра гісторыю касцёла, які вернікі збераглі ў часы атэізму, і абраз Маці Божай Ласкавай, слынны цудамі не толькі ў даўнія часы, але і сёння. 

Не змаглі падарожнікі абмінуць і ружанскі палац Сапегаў. Гарачы жнівеньскі дзень скончыўся на легендарным возеры Свіцязь. Перапоўненыя ўражаннямі, вандроўнікі дзякавалі Богу не толькі за цудоўны час, але і за пробашча а. Сяргея Трысценя OCD, у якога быў дзень нараджэння. 
 
Надзея Сянько
 
© 2003-2024 Catholic.by