«Заўсёды за ўсё дзякаваць Богу»: у Гродне дзякавалі за пілігрымку «Гродна – Рось» | Друк |
Душпастырства
11.08.2015 14:46
10 жніўня ўдзельнікі пешай пілігрымкі з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі сабраліся ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на святой Імшы-падзяцы за пілігрымку. 

Такая Імша стала ўжо традыцыяй: пасля вяртання дадому пілігрымы падсумоўваюць праведзены ў пілігрымцы час і дзякуюць за яго Богу.

Падчас Імшы пілігрымы маліліся таксама за ўсіх людзей, якіх сустракалі падчас пілігрымкі. Маліліся за ўсіх, хто прымаў на начлег, частаваў; хто малітвай і ахвярай падтрымліваў гродзенскую пілігрымку.

Святую Імшу ўзначаліў арганізатар пілігрымкі кс. Юрый Марціновіч. З гаміліяй да прысутных звярнуўся ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч, які падзякаваў удзельнікам пілігрымкі за тое, што чарговы раз «далі прыгожае сведчанне веры і любові да Божа і бліжняга на гродзенскай зямлі».

Прыгадваючы аб тым, што жыццё чалавека — гэта непарыўная пілігрымка, якая трывае ад хросту да моманту адыходу з гэтага свету, святар заахвоціў, каб заўсёды за ўсё дзякавалі Богу, «бо гэта Ён з’яўляецца чыннікам таго, чаму ў нашым жыцці ўсё спраўджваецца».
 

 
Падчас Імшы былі ўзгаданы тыя, хто калісьці браў актыўны ўдзел у пілігрымцы, але ў нядаўні час адышоў у вечнасць. Маліліся таксама за памерлага кс. Яна Занеўскага, які разам з парафіяльнай супольнасцю ў Квасоўцы заўсёды гасцінна прымаў пілігрымаў з Гродна. Узгадалі ў малітве і памерлую паўгады таму Хэлену Этэль, якая неаднаразова прымала ўдзел у пілігрымцы.

У другой частцы сустрэчы ля святыні прагучала падзяка ўсім, хто клапаціўся аб добрым і бяспечным ходзе пілігрымкі, а таксама святарам і семінарыстам, якія ў ёй удзельнічалі, — за духоўную апеку. 

Вечар працягнуўся танцамі і спевамі, якімі вернікі праслаўлялі Бога і дзякавалі Яму за пілігрымку, а завяршыўся вечар малітвай і благаслаўленнем. Традыцыйная аплатковая сустрэча ўдзельнікаў пешай пілігрымкі «Гродна — Рось» адбудзецца 26 снежня. 
 
Iаланта Марцулевiч, сакратар пілігрымкі «Гродна-Рось»
 
© 2003-2024 Catholic.by