Урачыстасці Маці Божай Шкаплернай у Пяршаях | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.07.2011 16:44

16 ліпеня 2011 г. у парафіі Cвятога Юрыя ў Пяршаях адбыўся фэст у гонар Маці Божай Шкаплернай. Літургію з гэтай нагоды ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

Распавядаючы пра гісторыю культу Маці Божай Шкаплернай, іерарх нагадаў таксама пра гісторыю распаўсюджвання яе культу ў Беларусі і непасрэдна ў пяршайскай парафіі. Тут гэта звязана перш за ўсё з абразом Маці Божай, які цяпер знаходзіцца ў галоўным алтары святыні.

Біскуп нагадаў таксама постаць былога пробашча парафіі айца Рогера Свідэрскага, які не шкадаваў сіл для таго, каб знайсці гэты вобраз і аднавіць яго. А перш за ўсё аднавіць веру людзей з якімі ён як душпастыр быў злучанны. Працуючы ў Беларусі, айцец Свідэрскі «ўваскрашаў» усё тое, што было забіта і замучана на беларускай зямлі.

Шматлікія вернікі з бліжэйшых парафій яшчэ добра памятаюць гэтага святара. Ён не толькі будаваў і аднаўляў святыні ў Камені, Цеснавой, Пяршаях, але перш за ўсё стараўся будаваць святыню людскіх сэрцаў.

Добра ведаюць яго таксама мясцовыя праваслаўныя вернікі і святары, таму што, будучы святаром Паўсюднага Касцёла, не рабіў розніцы паміж канфесіямі і стараўся данесці Божае слова да ўсіх. Галоўным сведчаннем гэтага з’яўляюцца два крыжа, якія, дзякуючы намаганням а. Рогера, былі пастаўленны пры дарозе, якая вядзе ў Пяршаі — лацінскі і грэчаскі (праваслаўны і каталіцкі).

Як адзначыў біскуп Дзям’янка, гэта святар быў сапраўдным спаткаемцам сваіх папярэднікаў — благаслаўлёных айцоў Германа і Ахілеса, якія працавалі тут да яго і  ахвяравалі сваё жыццё за парафіянаў, тым самым даўшы сведчанне пра сапраўдную каштоўнасць ахвярнай любові Хрыста і яго вучняў да людзей: «Няма большай любові, чым тая, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў».

Выражэннем памяці і ўшанаваня ахвярнай працы айца Рогера стала памятная дошка, якую парафіяне мясцілі ў сваёй святыні і якую асвяціў біскуп Антоні Дзям’нка.

На заканчэнне супольнай літургіі іерарх падзякаваў усім прысутным  вернікам, гасцям і святарам за супольную малітву і заахвоціў да памнажэння тых плёнаў, якія прынесла ахвярная праца вялікага душпастыра.

А. Аляксандр Улас OFMConv

 
© 2003-2021 Catholic.by