У Баравікоўшчыне ўшанавалі памяць францішканскіх мучанікаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
18.07.2011 14:36 |
У 1943 г. немцы вырашылі спаліць жыхароў в. Пяршаі за дапамогу партызанам. 19 ліпеня фашысты выгналі з дамоў каля 200 сяльчанаў на вуліцу. Да групы мужчынаў далучылі айцоў Ахілеса і Германа, якія хоць і былі папярэджаны пра карную аперацыю, але не пакінулі паству. Святароў разам з амаль сотняю мужчынаў пагналі ў Баравікоўшчыну. Паводле сведчанняў, перад смерцю айцы францішкане моцна пакутавалі, потым былі забіты і спалены. І вось праз заступніцтва благаслаўлёных гэтай зямлі ўдзельнікі набажэнства маліліся за людзей, якія пакутуюць ад розных залежнасцяў, а найперш ад алкагалізму. Біскуп Дзям’янка заклікаў вернікаў, молячыся за тых, хто трапіў у залежнасць, «прасіць заступніцтва ў сваіх благаслаўлёных — а. Германа і а. Ахілеса». Гэтыя ахвярныя пастыры, як адзначыў іерарх, з’яўляўцца прыкладам наследавання Хрыста, які першы склаў сябе ў ахвяру за чалавецтва. Біскуп Дзям’янка заклікаў таксама прасіць у Бога дапамогі, каб трываць у добрым, а калі здарыцца падзенне ў граху, каб адразу паўстаць з яго. У гэты гарачы летні дзень ужо ў трэці раз на месца пакутніцкай смерці а. Германа і а. Ахілеса прыйшлі пешыя пілігрымкі з Івянца і Пяршаяў. Наймалодшаму пілігрыму было ўсяго паўгода. Добры кавалак шляху разам з пілігрымамі прайшоў і біскуп Антоні Дзям’янка. Малітва пад адкрытым небам сярод мноства зеляніны, незвычайны алтар і амбона, змайстраваныя скаўтамі, невялікая статуя благаслаўлёных — усё стварала малітоўны настрой і яднала вернікаў з розных куткоў Беларусі ў адну супольнасць. За веру і адданнасць айцы былі беатыфікаваы 13 чэрвеня 1999 года. 16 верасня 2000 г. была праведзена эксгумацыя астанкаў благаслаўлёных а. Ахілеса і а. Германа, а 23 верасня таго ж года адбылося ўрачыстае перанясенне іх рэліквій у пяршайскі касцёл, дзе яны занялі пачэснае месца ў бакавым алтары святыні. Рашэннем кардынала Казіміра Свёнтка, тагачаснага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, касцёлу св. Юрыя ў Пяршаях быў нададзены статус санктуарыя благаслаўлёных мучанікаў з ордэна францішканаў а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэмпеня.
|
Фотарэпартаж |