20 красавіка ў Чэрняхоўску (Калініградская вобласць) Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па запрашэнні айцоў францішканаў цэлебраваў святую Імшу ўдзячнасці за 20 гадоў з часу вяртання францішканаў у Расію.
Набажэнства распачалося працэсіяй ад цэнтральнай плошчы горада да касцёла св. Брунана. На парозе касцёла ўдзельнікаў працэсіі сустракаў Мітрапаліт Кандрусевіч, што сімвалічна, бо менавіта ён 20 гадоў таму запрасіў францішканаў у Калінінградскую вобласць і ў Маскву.
Перад літургіяй кс. прэлат Ежы Стэцкевіч, пробашч парафіі св. Адальберта ў Калінінградзе, выступіў з дакладам аб гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Калінінградскай вобласці ад часоў св. Войцеха Адальберта да нашых дзён.
У гаміліі падчас Імшы беларускі іерарх узгадаў часы ганенняў на Касцёл у былым СССР і асабліва ў Калінінградскай вобласці, якая стала плацдармам атэізму, да той ступени, што ад 1948 па 1986 г. тут не было ніводнай парафіі. У 1986 г. была зарэгістравана праваслаўная парафія. 1 лістапада кс. Анупрас Гаурнскас з Літвы цэлебраваў першую каталіцкую Імшу ва ўніверсітэце. Адначасова Мітрапаліт нагадаў, што ў тыя часы было шмат людзей, хто сваім жыццём паўтарыў словы св. апостала Пятра: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага».
Калі прыйшоў адпаведны час на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, папа Ян Павел ІІ устанавіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Расіі і іншых краінах былога СССР. У 1993 г. Мітрапаліт Кандрусевіч запрасіў туды францішканаў, якія пачалі працаваць у Чэрняхоўску і Маскве, а потым у іншых гарадах, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу. Яны заснавалі добра вядомае на постсавецкай прасторы Францішканскае выдавецтва, распачалі вельмі важны для Касцёла праект «Расійская Каталіцкая Энцыклапедыя», а таксама заснавалі Інстытут Еўрапейскай Цывілізацыі.
Мітрапаліт падзякаваў францішканам за ўклад у адраджэнне Касцёла ў Расіі і дадаў, што гэта ўжо гісторыя і неабходна ісці наперад, асабліва ў галіне новай евангелізацыі, да чаго заклікалі Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI і таксама заклікае сённяшні папа Францішак. Іерарх заахвоціў вернікаў быць сапраўднымі, а не штучнымі хрысціянамі, і ва ўсіх абставінах сведчыць Евангелле. Францішканам арцыпастыр пажадаў працаваць так, каб дапамагаць людзям знайсці згубленую веру і быць яе сведкамі, праз гэта несучы Евангелле ў сучасны свет і абвяшчаючы мір і дабро.
Мітрапаліт Кандрусевіч прамовіў асноўную частку гаміліі на рускай мове і коратка звярнуўся на польскай, літоўскай і беларускай, за што прысутныя вернікі былі ўдзячны і адказалі апладысментамі. (AG)
|