Касцёл св. Станіслава ў Санкт-Пецярбургу стаў месцам асаблівага ўшанавання бл. Яна Паўла ІІ |
14.05.2013 16:32 |
12 мая ў касцёле св. Станіслава, біскупа, у Санкт-Пецярбургу падчас парафіяльнай урачыстасці адбылося асвячэнне бюста (гермы) благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ на фелетроне, дзе змешчаны рэліквіі крыві Вялікага Папы. Пробашч кс. Кшыштаф Пажарскі атрымаў іх 16 студзеня з рук арцыбіскупа Кракаўскага кардынала Станіслава Дзівіша.
Касцёл св. Станіслава пасля 60-гадовага перапынку быў вернуты католікам і асвячоны Прымасам Польшчы кардыналам Юзафам Глемпам і арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. У 1998 г. з Кракава ў святыню былі прывезены рэліквіі св. Станіслава.
Бюст благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ спачатку быў зроблены з пластыліну, потым з гіпсу, затым адліты ў Варшаве з бронзы, а пасля пакрыты чыстым золатам. Былі выраблены таксама фелетрон і два анёлы вакол бюста Папы.
Цырымонію асвячэння рэлікварыя ўзначаліў кс. Якаў Блашчышын. Такім чынам касцёл св. Станіслава стаў месцам асаблівага ўшанавання благаслаўлёнага Пантыфіка.
З часу з’яўлення рэліквій у святыні кожную першую сераду месяца цэлебруюцца Імшы ў гонар Яна Паўла ІІ, пасля якіх вернікі атрымліваюць індывідуальнае благаслаўленне рэліквіямі. Таксама была ўсталявана кніга ласкаў і цудаў, атрыманых праз заступніцтва Вялікага Папы.
Існуе таксама надзея, што рэліквіі Яна Паўла ІІ пачнуць перэгрынацыю па парафіях і законных супольнасцях Санкт-Пецярбурга і іншых месцаў.
Алена Канопка (AG)
|