Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Адальберт — апостал Усходняй Прусіі: Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў адпустовыя ўрачыстасці ў Калінінградзе
Беларусь
21.04.2013 19:31

21 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовыя ўрачыстасці ў парафіі Св. Адальберта ў Калінінградзе. У гаміліі на рускай, беларускай, польскай і літоўскай мовах іерарх нагадаў, што IV-я Велікодная нядзеля — гэта нядзеля Добрага Пастыра, калі вернікі моляцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

Мітрапаліт узгадаў таксама, што Калінінградская вобласць пасля Другой сусветнай вайны не мела ніводнага каталіцкага або праваслаўнага святара. Сітуацыя пачала змяняцца крыху больш за 20 гадоў таму. Сёння, дадаў іерарх, яна зусім іншая, аднак і сёння жніво вялікае, а працаўнікоў мала, таму неабходна маліцца аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця. У жыцці Касцёла, адзначыў Мітрапаліт, ніхто не можа замяніць святара, бо не можа цэлебраваць Эўхарыстыі, спавядаць і г.д. Роля святара незаменная: ён з’яўляецца евангелізатарам, асвячае Божай ласкай людзей і будуе хрысціянскую супольнасць.

Такім першым місіянерам і евангелізатарам гэтай зямлі, па словах іерарха, быў св. Адальберт. Ён, паслухмяны наказу Хрыста ісці і абвяшчаць Евангелле ўсяму свету, накіраваўся ва Усходнюю Прусію, дзе за сваю вернасць Хрысту заплаціў крывёю. «Сёння шмат гаворыцца пра Еўрасаюз і пра аб’яднаную Еўропу, але на самой справе ўжо 10 стагоддзяў таму св. Адальберт быў заснавальнікам аб’яднанай Еўропы, — сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Ён быў вядомы на ўсім кантыненце, аб’яднаў яго верай, яго ідэі актуальныя і сёння. Аб’яднаная Еўропа павінна звяртацца да яго спадчыны, каб будаваць сваю еднасць і яе ўмацоўваць не на эканамічным ці палітычным прагматызме, але перадусім на хрысціянскіх каштоўнасцях».

«Пасеянае св. Адальбертам Божае слова прынёсла багаты плён, і край стаў каталіцкім, — працягваў арцыпастыр. — На жаль, у выніку рэфармацыі каталіцызм быў забаронены. Потым, нягледзячы на гэта, ён адрадзіўся. Але ізноў прыйшли часы ваюючага атэізму. И толькі цяпер каталіцкая вера, як і іншыя веравызнанні, адраджаецца. У той жа час злы дух не спіць і працэсы секулярызацыі паступаюць. Таму ў наш час неабходна новая евангелізацыя, патрэбны людзі фармату св. Адальберта, каб нанова сеяць Божае слова».

Мітрапаліт заклікаў вернікаў быць вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, бараніць веру і яе сведчыць іншым.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме