Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зацемка
  • Simple Image Gallery Notice: Joomla!'s "/cache" folder is not writable. Please correct this folder's permissions, clear your site's cache and retry.
  • There was a problem rendering your image gallery. Please make sure that the folder you are using in the Simple Image Gallery plugin tags exists and contains valid image files.
Памылка
  • JFolder::files: Шлях не з'яўляецца дырэкторыяй: /var/www/www-root/data/www/old.catholic.by/2/images/simplegallery/2013-05-01-maskva3/
Касцёл вачыма беларусаў: Расія
Беларусь
01.05.2013 15:30

Святароў тут не прынята называць ксяндзамі, а замест слова «касцёл» ужываюцца словы «церковь», «храм» і «собор». Сваімі ўражаннямі пра каталіцкую традыцыю самай вялікай краіны ў свеце Расіі на прыкладзе Масквы дзеліцца студэнт БДУІРа Раман Салахаў.

Католік, які першы раз апынуўся ў Маскве, можа задацца пынаннем, ці ёсць шанс знайсці сярод велізарнай колькасці праваслаўных цэркваў хоць адзін каталіцкі касцёл?

І вось вам адказ: так. У Маскве ёсць тры касцёлы — катэдральны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, касцёл святога Людовіка Французкага і касцёл святой Роўнаапостальнай Княгіні Вольгі.

Сёлета я заканчваю ўніверсітэт і на пераддыпломную практыку на два месяцы я адправіўся ў Маскву. Часцей за ўсё там я наведваў маскоўскую катэдру. Святыня яшчэ здалёк уражвае сваімі памерамі і прыгажосцю. Прыемна, што наш арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч больш за 15 гадоў працаваў тут.

Касцёл пабудаваны ў 1911 годзе з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. Як і большасць касцёлаў, у савецкі час святыня перажыла заняпад. У 1938 годзе касцёл быў зачынены, у намоленых сценах размяшчаліся рознага кшталту прадпрыемствы...

Касцёл пабудаваны ў форме крыжа. Калі ўваходзіш у святыню, звяртаеш увагу на яе вышыню і колькасць святла. Больш за ўсё ўражвае размешчаны над алтаром велізарны крыж з Езусам укрыжаваным. Крыж зроблены з дрэва і мае па баках 12 галінак вінаграднай лазы — сімвал 12 апосталаў.

{gallery}2013-05-01-maskva3{/gallery}

{gallery}2013-05-01-maskva1{/gallery}

На ўсіх вокнах змешчаны вітражы. У левым нефе знаходзіцца капліца Божай Міласэрнасці, менавіта там знаходзіцца і табэрнакулюм. У святыні ўсталяваны ажно 3 арганы. Самы вялікі з іх быў пабудаваны ў 1955 годзе ў Швейцарыі.

Ля касцёла — дзіцячыя арэлі і лаўкі. Тут заўсёды людна і чутны дзіцячыя галасы. Сюды прыходзяць маладыя сем’і з вазкамі, дзеці застаюцца пасля Імшы пагуляць, ды і звычайныя масквічы прыходзяць, каб схавацца ад мітусні вялікага горада.

«Называць святароў ксяндзамі тут не прынята»

Рускую мову я выкарыстоўваю кожны дзень, але не думаў, што ў Імшы па-руску будзе штосьці незвычайнага. Свае асаблівасці, аднак, ёсць.

Ведаючы на памяць Імшу па-беларуску, мне было даволі цяжка прызвычаіцца да рускай мовы падчас набажэнства. Спачатку я, не адстаючы ад іншых парафіян, гаварыў тое самае, толькі па-беларуску, але ўжо праз месяц усю літургію я ведаў па-руску. Цікава, што ў рускай літургічнай мове няма слова «Касцёл», а выкарыстоўваецца «Царква».

У Беларусі пад «касцёлам» звычайна разумеюць каталіцкую святыню, пад «царквой» — праваслаўную. Тут жа замест слова «касцёл» ужываюць словы «церковь», «храм», «собор». Называць святароў ксяндзамі тут таксама не прынята. Дарэчы, святыя Імшы ў маскоўскай катэдры праходзяць не толькі на рускай, але і на польскай, лацінскай, англійскай, французскай, карэйскай і іспанскай мовах.

На рускай Імшы ў нядзелю ў святыні няма ніводнага вольнага месца. Я сустракаў таксама вернікаў, якія кожную нядзелю прыязджаюць у катэдру з іншых гарадоў Маскоўскай вобласці.

Споведзь тут уладкавана гэтаксама, як і ў Беларусі. Адзінае, незвычайна было бачыць на канфесіяналах шыльдачкі з імем святара і мовамі, на якіх ён можа спавядаць. Калі не зойдзеш у катэдру, нават у будні, калі да Імшы яшчэ шмат часу, у якім-небудзь з канфесіяналаў абавязкова будзе гарэць агенчык — святар спавядае.

Камунію ў катэдры прымаюць стоячы. Дарэчы, менавіта тут на Вялікдзень я ўпершыню прыняў Цела Хрыста пад дзвюма постацямі...

{gallery}2013-05-01-maskva2{/gallery} 

«Гэту кнігу мне падарыў сам Кандрусевіч, калі я была ў Мінску»

Таксама стаў сведкам, як людзей прымалі ў катэхумены. Гэта цэлы абрад. Цікава тое, што на Імшы катэхумены сядзяць асобна ад астатніх парафіян.

Перад Імшой вернікам раздаюць лісты з тэкстамі і нотамі спеваў. Кожную нядзелю перад пачаткам рускамоўнай Імшы, адбываецца рэпетыцыя з парафіянамі спеву тых песень, якія будуць выконвацца падчас набажэнства. Таксама кожны тыдзень у касцёле праходзяць канцэрты арганнай музыкі. Акрамя аргана выкарыстоўваюцца, аднак, і іншыя інструменты, выступаюць таксама оперныя спевакі і хор.

Турысты, якія апынуліся ў Маскве, могуць наведаць бясплатную экскурсію па катэдры. У Пальмовую нядзелю каля касцёлаў не было «вербных кірмашоў», як у нас. Але ж нават той, хто прыйшоў без вярбы, мог набыць яе ў самой святыні — выбар быў вельмі вялікі.

Аднойчы пасля Імшы я стаў сведкам цікавай размовы. Адна жанчына казала другой: «У мяне ёсць такая незвычайная рэч, я яе нікому не даю, але ж ты мая сяброўка, і можаш узяць на тыдзень». Мне стала цікава. Я павярнуўся паглядзець і ўбачыў, як жанчына дастала з сумкі велізарны белы канверт, а адкрыўшы яго, пачала выцягваць вялікую кнігу. Неўзабаве я ўбачыў, што на вокладцы кнігі — партрэт арцыбіскупа Кандрусевіча. Жанчына працягвала: «Гэту кнігу мне падарыў сам Тадэвуш Кандрусевіч, калі я была ў Мінску. Я яе ўжо тры разы ад пачатку да канца прачытала».

Тут я ўзгадаў, што 3 студзеня ў Дзень нараджэння Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы ў мінскай катэдры, калі іерарх прымаў віншаванні, да алтара падышла жанчына і віншавала арцыпастыра ад імя католікоў Масквы...

Пасля я ўсё ж падышоў да жанчыны і спытаў, ці правільна я зразумеў, ці гэта яна была тады ў Мінску. Жанчына адказала, што ўжо не першы год ездзіць на Дзень нараджэння іерарха ў Мінск. Ёй вельмі падабаецца ў беларускай сталіцы і яна наведала ўсе мінскія касцёлы.

«Часам пыталіся, ці праўда, што каталіцызм — гэта хрысціянская вера?..»

Асабліва хацеў бы расказаць пра тых масквічоў, якія глядзяць на каталіцызм праз прызму ТБ і кіно. Калі ты кажаш, што католік, яны адразу ўзгадваюць фільмы як «Аляксандр Неўскі» з крыжакамі, «Мінін і Пажарскі» з заваявальнікамі палякамі або галівудскія фільмы, дзе зазвычай паказваюць каталіцкі шлюб.

Многія лічаць, што католікі падчас Імшы ўвесь час сядзяць, як у тэатры, і назіраюць, што там робіцца на алтары (усміхаецца — аўт.). Часам у мяне пыталіся, ці з’яўляецца каталіцызм хрысціянскай верай... Раз за разам даводзілася распавядаць і тлумачыць. Вядома, я апісаў зусім крайнія выпадкі, але ж здаралася і такое.

Яшчэ хачу дадаць, што Расія — вельмі хрысціянская краіна. Прынамсі, як паказаў мой досвед, шмат людзей у Расіі — вельмі пабожныя людзі. Яны наведваюць у нядзелю царкву, практыкуюць пост, рыхтуюцца і адзначаюць хрысціянскія святы.

Хрысціянства прадстаўлена тут у большасці праваслаўем. Кажуць, што католікаў, прынамсі ў Маскве, ад 60 да 100 тысяч. Гэта пры афіцыйнай колькасці насельніцтва Масквы ў 11,98 мільенаў. Аднак касцёлы ў нядзелю цалкам запоўненыя.

Прабыўшы ў Маскве два месяцы, я чарговы раз пераканаўся: усё роўна, у якой краіне ты знаходзішся, шмат там католікаў ці не, прыйшоў ты ў вялікі касцёл ці малы, галоўнае, што мы — адзіная каталіцкая сям’я. Апынуўшыся ў касцёле ў Маскве, я нібыта апынуўся ў сваёй роднай Беларусі. У любой краіне свету для цябе адчыненыя дзверы касцёла. Цябе тут заўсёды чакаюць і гатовыя дапамагчы. І, выязджаючы за мяжу, ты сапраўды пачынаеш адчуваць гэтую нябачную сувязь католікаў ва ўсім свеце. Гэта вельмі ўражвае.

Пра аўтара: Раман Салахаў нарадзіўся ў Салігорску. Сёння — студэнт 4 курса БДУІРа па спецыяльнасці «маркетынг». У 2012-2013 праходзіў пераддыпломную практыку ў Маскве.

Свае водгукі, а таксама пажаданні дасылайце на электронную пошту Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript (тэма ліста — «Касцёл вачыма беларусаў»). Рэдакцыя Catholic.by звяртае ўвагу, што тэксты, змешчаныя ў рубрыцы «Касцёл вачыма беларусаў», з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўражаннямі аўтараў і адлюстроўваюць іх уласны досвед знаёмства з каталіцкай традыцыяй Касцёла той краіны, пра якую яны распавядаюць.

Ілья Лапато OCDS

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.