Касцёл вачыма беларусаў: Чэхія |
Беларусь |
13.03.2013 13:12 |
«Традыцыі закрываць крыжы ў час Вялікага посту тут няма» Ці лічаць сябе чэхі веруючай нацыяй? І ў чым адметнасць музычнай традыцыі ў гэтай краіне? Новая рубрыка Catholic.by «Касцёл вачыма беларусаў» знаёміць чытачоў з жыццём Каталіцкага Касцёла за межамі Беларусі. Сёння гаворка пойдзе пра каталіцкую традыцыю Чэхіі. Сваімі ўражаннямі пра Касцёл у краіне, дзе
Францыск Скарына друкаваў
сваю «Біблію», дзеліцца дактарант Карлавага ўніверсітэта ў Празе беларус
Павел Котаў. Чэхія і атэізм Чэхія ці не самая атэістычная краіна Еўропы. Апошні перапіс насельніцтва паказаў, што менш за чвэрць жыхароў дзесяцімільённай краіны аднесла сябе да людзей веруючых. Самая буйная канфесія тут — каталіцтва (1,5 млн), на другім месцы — чэхі «без канфесіі», якіх налічваецца больш за 700 тысяч: людзі прызнаюць сябе веруючымі без атаясамлення з нейкай канкрэтнай канфесіяй. Растлумачыць гэта можна складанай і драматычнай гісторыяй Касцёла ў Чэхіі. Гусіцтва, гвалтоўная рэкаталіцызацыя ў XVII ст., змагарская каталіцкасць Габсбургаў, якія ўладарылі ў Чэхіі да 1918 г., а потым і паўстагоддзя камуністычначна рэжыму сфармавалі ў большасці чэхаў недавер да рэлігіі і як вынік — адмоўны вобраз Касцёла. Таму першае, што я адчуў у Чэхіі — веруючыя тут у меншасці. І гэта нягледзячы на тое, што касцёлы тут ёсць амаль што ў кожнай вёсцы. У Чэхіі многія называюць сябе атэістамі — у вачах сваіх чэшскіх знаёмых я бачыў здзіўленне, калі казаў, што католік. Нягледзячы на ўсё гэта, жыццё у Чэхіі стала важным этапам у маім духоўным жыцці: менавіта ў Чэхіі я першы раз прыступіў да Камуніі і атрымаў сакрамэнт канфірмацыі. «Я ніколі не бачыў, каб у чэшскім Касцёле асвячалася ежа на велікодны стол» Першае, што заўважаеш, трапляючы на святую Імшу ў чэшскім касцёле, гэта спосаб прыняцця вернікамі Камуніі. Людзі не кленчаць у праходах, а падыходзяць па чарзе да святара — прычым большасць атрымлівае Гостыю на руку. У некаторых выпадках (Вялікі чацвер, шлюб, хрост) вернікі прымаюць Хрыста пад дзвюма постацямі. У кожнай святыні ёсць канцыяналы (адмысловыя спеўнікі — Аўт.), адкуль бяруцца асобныя спевы для Літургіі. Напрыклад, перад чытаннем Евангелля ў Звычайны перыяд спяваецца не «Аллелюя», а частка музычнай Імшы з канцыянала, якой суправаджаецца набажэнства... Іншыя тут і традыцыі, звязаныя з літургічным календаром. Звычай закрываць крыжы ў час Вялікага посту тут не практыкуецца. Падчас посту людзі адмаўляюцца толькі ад мяса. Яшчэ я ніколі не бачыў, каб у чэшскім Касцёле асвячалася ежа на велікодны стол. Амаль год я пражыў у невялікім гарадку каля Прагі. Затым пераехаў у чэшскую сталіцу, дзе наведваў набажэнствы ў тых касцёлах, што былі побач — да таго часу, пакуль не далучыўся нарэшце да пражскай акадэмічнай парафіі. Такім чынам, мой погляд на традыцыю Касцёла ў Чэхіі абмежаваны толькі маім досведам: у традыцыйна каталіцкіх рэгіёнах (гэта паўднёвы ўсход Чэхіі) я амаль не быў. Але і маю акадэмічную парафію, арыентаванаю ў першую чаргу на студэнцкую моладзь з медыйным пробашчам, таксама нельга назваць тыповай. У акадэмічнай парафіі жыццё сапраўды віруе. Ды і моладзі шмат як на нядзельных набажэнствах, так і на розных іншых акцыях парафіі: малітоўных спатканнях, пілігрымках, універсітэцкіх клубах і г.д. У Чэхіі вельмі багатая музычная хрысціянская культура. У нашай акадэмічнай парафіі, якая месціцца ў святыні былой езуіцкай акадэміі, можна пачуць як літургічныя творы вядомых барочных кампазітараў Чэхіі, якія гучалі ў тых мурах у XVIII стагоддзі, так і сучасных кампазітараў. Калі казаць пра музыку, то нельга не ўзгадаць і Рараты. У XVI ст. падчас Адвэнту ў Чэхіі склалася арыгінальнае суправаджэнне ранішніх набажэнстваўу гонар Найсвяцейшай Марыі, калі харал чаргуецца са спевам. Абагульняючы напісанае, я зазначу, што спачатку ў Чэхіі мяне вельмі здзіўляў кантраст паміж колькасцю, старажытнасцю, прыгажосцю храмаў і колькасцю вернікаў у касцёлах. Але пасля я зразумеў: невялікая колькасць зусім не азначае нізкую якасць духоўнага жыцця. І ў «самай атэістычнай» краіне можна знайсці жывыя і актыўныя асяродкі веры, а ўсведамленне таго, што «верыць» у Чэхіі не азначае — «быць як усе», можа быць карысным, бо прымушае глыбей задумацца пра карані і сэнс уласнай веры. Ілья Лапато OCDS
Яшчэ па тэме: Касцёл вачыма беларусаў: Аўстрыя |