«Споведзь «тварам у твар» і штотыднёвая рассылка навін ад касцёльнай моладзі» Як праходзіць споведзь у Каталіцкім Касцёле ЗША і якую ролю адыгрывае
Касцёл у палітычным жыцці амерыканцаў? Новая рубрыка Catholic.by «Касцёл вачыма беларусаў» знаёміць чытачоў з
жыццём Каталіцкага Касцёла за межамі Беларусі. Сёння гаворка пойдзе пра
каталіцкую традыцыю ЗША. Сваімі ўражаннямі пра Касцёл у Амерыцы
дзеліцца Ларыса Дарашэнка, дактарантка факультэта камунікацый
універсітэта Вісконсін-Мэдзісан. Пра англамоўную літургію — Калі я ўпершыню прыехала ў ЗША, у мястэчку, дзе я жыла, іншых парафій, апроч англамоўных, не было. Памятаю, цяжка было прызвычаіцца да англамоўнай літургіі: казанні разумела не цалкам, не кажучы ўжо пра тэксты малітваў. Гэта было больш за шэсць гадоў таму. Ужо потым былі Сусветныя Дні Моладзі ў Мадрыдзе, якія я правяла пераважна ў англамоўным цэнтры, дзе бліжэй пазнаёмілася з выбітнымі амерыканскімі святарамі і свецкімі дзеячамі. Тады ж даведалася пра англійскую версію брэвіярыя, якая адгэтуль стала, бадай, самай папулярнай на маім тэлефоне (усміхаецца — Аўт.). Цяпер, калі я зноў апынулася ў невялікім амерыканскім горадзе, з’явілася натуральнае жаданне далучыцца да англамоўнай літургіі, зрабіць яе такой жа роднай, як і беларускую. Да таго ж узровень мовы сёння дазваляе не толькі разумець усё, што прамаўляе святар, але і добра спавядацца. І што цікава: асноўныя малітвы, кшталту «Ойча наш» ці «Вітай Марыя», змяшчаюць у сабе архаічныя формы прыназоўнікаў, якія ў штодзённай мове амерыканцы не ўжываюць ужо больш за стагоддзе. Два гады таму ў ЗША выдалі новы Імшал, які наблізіў тэкст літургіі, асабліва гімн Gloria, да лацінскага арыгінала. Пра канфесіяналы: «можна проста зайсці і паспавядацца «тварам у твар» — Чым больш я падарожнічала па Еўропе ці ў ЗША, тым больш разумела: нейкія рэчы, якія для мяне ў навінку, на захад ад Польшчы з’яўляюцца бадай што нормай. Напрыклад, да дзяўчынак-міністрантак я ўжо прызвычаілася. Або да свецкіх, якія ўдзяляюць Камунію пад дзвюма постацямі... Сярод адкрыццяў майго жыцця ў ЗША магу вылучыць канфесіянал «з дзвюма опцыямі» ― з шыльдай і без яе. Першы варыянт прывычны для беларусаў. Другі ж — нешта зусім іншае. Можна проста зайсці і паспавядацца тварам у твар. Я доўгі час і трапляла на споведзь “тварам у твар”, бо не чытала ўважліва надпісы на канфесіянале (усміхаецца — Аўт.). Зрэшты, як я заўважыла, тут амаль усе людзі выбіраюць канфесіяналы, дзе споведзь «тварам у твар». Не ведаю, ці прыжылася б такая форма ў Беларусі. Чамусьці мне здаецца, што ў нас яна была б не настолькі папулярная. {gallery}2013-01-25-usa{/gallery} Касцёл і яго роля ў палітычным жыцці ЗША — Падчас апошіх прэзідэнцкіх выбараў наш штат (Мэдзісан — Аўт.) быў адным з тых, што яшчэ «не вызначыўся», каму аддаць перавагу. Памятаю, як напярэдадні выбараў да нас на сустрэчу моладзі прыехаў біскуп, які ў звароце да моладзі нагадаў пазіцыі Касцёла па такіх пытаннях, як аднаполыя шлюбы, аборты і прымяненне кантрацэптываў, а таксама падкрэсліў тую ролю, якую займае рэлігія ў палітыцы. Адно з казанняў таксама было прысвечана важкасці галасавання і выбару, які павінен зрабіць кожны католік і грамадзянін. Мне нават здавалася, што гэта часам зашмат (прымаючы пад увагу мае палітычныя погляды і стаўленне да амерыканскай двухпартыйнай сістэмы), але з іншага боку бачна, што Каталіцкі Касцёл у ЗША актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, асабліва калі гэта датычыцца каштоўнасцяў абароны сям’і і жыцця. Гэты ўплыў, дарэчы, адчуваецца і ў прыняцці пэўных законаў, як было з рэформай аховы здароўя два гады таму. «Акадэмічны год так спланаваны, што ўсе студэнты на Каляды могуць паехаць дадому» — Перыяд Божага Нараджэння ў ЗША — па-сапраўднаму казачны. Вельмі ўражвае знешняя падрыхтоўка да святаў, камерцыйныя распродажы, дабрачынныя акцыі… Знешне ўсё выглядае, як у тыповых амерыканскіх фільмах: упрыгожванні і ліхтарыкі амаль на кожным доме і дрэвах, пушыстыя ялінкі і нават навальніца з грымотамі напярэдадні Калядаў! Вядома, часта гэта носіць больш знешні характар, але мне падалося, што для многіх амерыканцаў Божае Нараджэнне сапраўды важнае свята, хаця б з пункту гледжання дапамогі бліжнім. Многія сем’і запрашаюць да сябе замежных студэнтаў, каб падзяліцца з імі святочным абедам і радасцю Божага Нараджэння. Гэта не толькі спосаб евангелізацыі, але і сведчанне веры ў адносінах да тых, хто не ведае Хрыста і належыць да іншых канфесій. Зазвычай на свята Божага Нараджэння ўся сям’я збіраецца разам: акадэмічны год спланаваны такім чынам, што студэнты, здаўшы сесію, з чыстым сумленнем могуць паехаць дадому на святы. У студэнцкім касцёле праводзіцца нават адмысловы вечар споведзі. У Мінску, памятаю, іншагароднія студэнты на святы часта заставаліся ў сталіцы, бо ў гэты час акурат пачыналіся залікі і іспыты… Пра моладзь у Касцёле: «электронны ліст з падзеямі бягучага тыдня рассылаюць штотыдзень» — Актыўнасць амерыканскай каталіцкай моладзі мяне прыемна ўразіла. У нас у кампусе ёсць студэнцкі касцёл, у якім заўсёды нешта ладзіцца, прычым ёсць нават адмысловы падзел: студэнты-бакалаўры, магістры і дактаранты. Для кожнай з груп адбываюцца штотыднёвыя сустрэчы, перад якімі ўсіх жадаючых запрашаюць на танную вячэру. Кожны тыдзень каардынатар робіць электронную рассылку з падрабязным планам падзей бягучага тыдня і анонсам будучых мерапрыемстваў. Прынамсі раз у семестр адбываюцца таксама выязныя рэкалекцыі. Дзякуючы групе на Фэйсбуку актыўна арганізоўваюцца і па-закасцёльныя мерапрыемствы: супольныя вечарыны, катанне на лыжах, нават веласіпедныя вандроўкі... Пры парафіі ёсць выдатная бібліятэка, а таксама біблійная школа, у якой хлопцы наведваюць заняткі асобна ад дзяўчат. Арганізоўваецца шмат дабрачынных акцый на любы густ, і адбываюцца яны амаль кожны тыдзень. Аднойчы нават ладзіўся дабрачынны баль, у якім для трох дзяўчат на аўкцыён выстаўлялі прапанову спаткання ад трох хлопцаў! На свята Усіх Святых ладзілі вечарыну з віном і знакамітым мясцовым сырам, дзе некалькі чалавек распавядалі гісторыі пра святых і іх шляху да Бога, я падзялілася гісторыяй пра Язафата Кунцэвіча, базыліка ў гонар якога, як высветлілася, знаходзіцца ў суседнім горадзе! Парафіяльнае жыццё моладзі настолькі насычанае, што часу не стае нават на тое, каб удзельнічаць хоць бы у пятай частцы таго, што адбываецца толькі ў гэтай адной студэнцкай парафіі…
Пра аўтара: Ларыса Дарашэнка ― нарадзілася ў Мінску, у 2009 годзе скончыла Інстытут журналістыкі БДУ, навучанне працягнула ў галіне мас-медыя і камунікацый у магістратуры Mid Sweden University ў Швецыі. Сёння ― студэнтка першага курса дактарантуры на факультэце камунікацый ва ўніверсітэце Вісконсіна-Мэдзісана (ЗША). Рэдакцыя Catholic.by звяртае ўвагу, што тэксты, змешчаныя ў рубрыцы «Касцёл вачыма беларусаў», з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўражаннямі нашых аўтараў і адлюстроўваюць іх уласны досвед знаёмства з каталіцкай традыцыяй Касцёла тых краін, пра якія яны распавядаюць.
Аповеды нашых суайчыннікаў будуць публікавацца на сайце два разы на месяц. Свае водгукі, а таксама пажаданні дасылайце на электронную пошту
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
(тэма ліста — «Касцёл вачыма беларусаў»). Трэці матэрыял рубрыкі распавядзе пра асаблівасці каталіцкай традыцыі ў Італіі. Ілья Лапато OCDS Касцёл вачыма беларусаў: Аўстрыя
|