Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл вачыма беларусаў: Аўстрыя
Беларусь
11.01.2013 15:13
«Тут няма куцці і дзялення аплаткай… А арганістаў для парафіі адбіраюць па конкурсу…»

Чаму аўстрыйцаў можна смела назваць музыкальнай нацыяй? Якая роля адводзіцца ў аўстрыйскіх касцёлах арганістам і ці проста ўладкавацца на такую пасаду ў аўстрыйскі касцёл?

Новая рубрыка на сatholic.by «Касцёл вачыма беларусаў» пазнаёміць чытачоў з жыццём Каталіцкага Касцёла за межамі Беларусі. Першы матэрыял з гэтай рубрыкі прысвечаны Касцёлу ў Аўстрыі.

Сваімі развагамі пра католікаў і каталіцкае жыццё ў Аўстрыі дзеліцца мінчанка Настасся Клімовіч, студэнтка ўніверсітэта музыкі і акцёрскага мастацтва г. Грац.

Пра мову і споведзь
 

– У Грацы, дзе я зараз вучуся, касцёлаў шмат. Што казаць -- каталіцкая краіна. Iмшы праходзяць у асноўным па-нямецку. Літургія на нямецкай мове пайшла мне толькі на карысць. На пачатку, вядома, кожнае другое слова ў нямецкай літургічнай мове для мяне было новым. Таму само сабой атрымлівалася: сэнс шукаеш літаральна ў кожным слове. Адпаведна, гэта дапамагала перажываць літургію больш свядома.

Адносна Імшы на беларускай мове, то я чула, што яе можна знайсці ў грэка-католікаў у Вене, там ёсць святар з Беларусі.

Самым цяжкім напачатку была для мяне споведзь, зусім няпроста спавядацца на іншай мове. А што здзіўляе і па сёння, гэта адсутнасць чэргаў да канфесіяналаў. Іх зусім няма. Памятаю, у маёй роднай парафіі Св. Антонія ў Мінску Імша магла нават пачацца пазней – так шмат спавядалася людзей. І так паўтаралася некалькі тыдняў запар. У мяне склалася ўражанне, што ў Аўстрыі споведзь успрымаецца больш як духоўная размова, а не як сакрамэнт. Але, вядома, не ўсімі. І хоць чэргаў да канфесіянала няма, да Камуніі падчас Імшы прыступаюць амаль усе вернікі.

«На месца арганіста ў парафію праводзяцца конкурсы»

– Калі казаць пра літургію, то нейкіх асаблівых адрозненняў я не заўважыла. Iншая рэч – музычнае аздабленне літургіі. Аўстрыйцы куды больш цэняць прафесіяналізм самога арганіста. У некаторых парафіях пры выбары арганіста ладзяць нават адмысловыя конкурсы.

Мне пашчасціла афіцыйна ўладкавацца арганісткай у адну парафію. А так, iграю ў дзвюх, часам у трох парафіях. Увогуле тут да арганіста ставяцца з павагай, пры тым што і праца адпаведным чынам узнагароджваецца.

Вядома, на гэтыя сродкі шмат не пражывеш, але для мяне, як студэнткі, гэта ўсё ж заробак і добрая практыка. Да таго ж і маё служэнне.


Што адразу кідаецца ў вочы, гэта тое, што аўстрыйцы вельмі музыкальная нацыя. Літаральна кожны другі добра спяваe. Падчас Імшы разам з супольнасцю спявае таксама і ксёндз, арганіст жа іграе, шмат імправізуе, часам спявае псальм. Мікрафоны тут, у прынцыпе, толькі на алтары.  У кожнага ў руках спеўнікі. Часам спяваюць на некалькі галасоў. Музычнае ж аздабленне імшы адрозніваецца нават сярод маленькіх парафій.  У цэлым, мяне вельмі радуе арганізаванасць аўстрыйцаў, іх ініцыятыўнасць і адказнасць у правядзенні Імшы.

Яшчэ дадам, што Аўстрыя – адна з нямногіх краін, дзе паралельна з будаўніцтвам новых сучасных арганаў, захоўваюцца таксама і старыя арганы. Гэта іх нацыянальнае багацце.

Касцёлы і традыцыя

– У самім Грацы дастаткова шмат касцёлаў, тым не менш падчас нядзельнай Імшы касцёл, дзе я працую, заўсёды поўны. Толькі вечарам людзей звычайна менш. А нам, арганістам, у нядзелю не да адпачынку. Іграю дзве, тры, а часам і чатыры Імшы.

У некаторых парафіях Граца дастаткова актыўна наладжана праца з моладдзю: сустрэчы, рэкалекцыі… Вось ужо некалькі гадоў праходзяць традыцыйныя трохдзённыя адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Жадаючых прыняць удзел у Адарацыі запісваюць, таму кожны мае гадзіну-дзве чування перад Сакрамэнтам.

Калі казаць пра традыцыю святкавання хрысціянскіх святаў, то ў параўнанні з Касцёлам у Беларусі розніца адчувальная. Гэта і было для мяне напачатку нязвыклым. На Вігілію ў аўстрыйцаў ужо накрыты святочны стол. Няма традыцыі 12 страў, няма куцці і дзялення аплаткай. Таму даводзіцца іх гэтаму вучыць (усміхаецца – Аўт.).

Пра аўтара
Настасся Клімовіч. Нарадзілася ў Мінску. Вучылася ў мінскім вучылішчы імя M.I. Глінкі. Сёння – студэнтка фартэпіяннага і арганнага факультэтаў універсітэта музыкі і акцёрскага мастацтва ў Грацы (Аўстрыя).

Рэдакцыя Catholic.by звяртае ўвагу, што тэксты, змешчаныя ў рубрыцы «Касцёл вачыма беларусаў», з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўражаннямі нашых аўтараў і адлюстроўваюць іх уласны досвед знаёмства з каталіцкай традыцыяй Касцёла тых краін, пра якія яны распавядаюць.

Аповеды нашых суайчыннікаў будуць публікавацца на сайце два разы на месяц. Свае водгукі, а таксама пажаданні дасылайце на электронную пошту Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript (тэма ліста – «Касцёл вачыма беларусаў»). Другі матэрыял рубрыкі распавядзе пра асаблівасці каталіцкай традыцыі ў ЗША.

Ілья Лапато OCDS

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме