Хроніка візіту біскупа Людвіга Шварца SDB у Беларусь |
Іерархі |
01.02.2013 16:22 |
30 студзеня — 1 лютага з візітам у Беларусі знаходзіўся біскуп дыяцэзіі Лінц (Аўстрыя) Людвіг Шварц SDB. Падчас трохдзённага прабывання ў нашай краіне іерарх наведаў Багданава, Смаргонь і Мінск. «Біскупу Людвігу Шварцу SDB мы ўдзячныя ў першую чаргу за тую дапамогу, якую дыяцэзія Лінц аказвае Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй Беларусі — падтрымку ў дабрачынных, фармацыйных і будаўнічых праектах, — адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — З біскупам Людвігам мы ведаем адзін аднаго ўжо даўно. Час ад часу перыядычна сустракаемся на розных канферэнцыях у Аўстрыі і Італіі. Падчас гэтага візіту біскуп Людвіг быў вельмі ўражаны тым малітоўным духам, які ён пабачыў. „Вера Касцёла ў Беларусі — жывая, і найлепшы доказ гэтаму — беларуская моладзь“, — заключыў ён». 30 студзеня біскуп наведаў парафію Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні з нагоды парафіяльнай урачыстасці святога Яна Боска. Аўстрыйскі іерарх удзельнічаў у літургіі, а пасля — у сустрэчы ў моладзевым цэнтры. У гэты дзень у смаргонскай парафіі 12 чалавек склалі абяцанні для ўступлення ў Асацыяцыю салезіянаў супрацоўнікаў. 31 студзеня з біскупам сустрэўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Прадстаўнік Папы паразмаўляў з госцем пра сітуацыю Касцёла ў Аўстрыі. Таксама Апостальскі Нунцый выказаў падзяку біскупу Шварцу, які належыць да таварыства айцоў салезіянаў, за служэнне салезіянаў у Мінску. Была абмеркавана магчымасць узмацніць дзейнасць салезіянскай супольнасці ў Беларусі. У гэты ж дзень біскуп Шварц наведаў парафію Св. Міхала Арханёла ў Багданаве, пры якой ёсць прыёмная сям’я. Біскуп сустрэўся з дзевяццю дзецьмі-сіротамі, выказаў радасць, што яны знайшлі прытулак і апекуноў — кс. Ігара Лашука SDB і сясцёр Алену і Тэрэзу з Інстытута кансэкраванага жыцця. Дзеці ўручылі госцю падарунак і ў сваю чаргу атрымалі пачастункі. Біскуп наведаў таксама адну з мясцовых малазабяспечаных сем’яў. 31 студзеня адзначаўся ўспамін св. Яна Боска, апекуна дзяцей і моладзі і заснавальніка таварыства айцоў салезіянаў, да якога належыць і біскуп Людвіг Шварц SDB. Таму аўстрыйскі іерарх пабываў у мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля, дзе служаць салезіяне. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Шварц удзельнічалі ў святой Імшы, падчас якой была звернута ўвага на постаць св. Яна Боска і на ролю моладзі ў жыцці Касцёла. Пасля літургіі свята працягнулася ў моладзевым араторыі. 1 лютага біскуп азнаёміўся з працай мінскага Душпастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, а таксама наведаў рэдакцыю сайта Catholic.by, дзе распытаў пра стан і функцыянаванне сучаснай каталіцкай прэсы ў Беларусі. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |