Дзеці мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля вучыліся быць рыцарамі і прынцэсамі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.03.2013 12:23 |
3 сакавіка ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля адбылося свята для дзяцей. Прысвечана яно было 23 лютаму і 8 сакавіка. Свята распачалося святой Імшой, якую ўзначаліў кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Святар заклікаў прысутных да паглыблення веры менавіта праз учынкі, бо вера без учынкаў — мёртвая. Урачыстая і забаўляльная праграма чакала дзяцей і іх бацькоў у Моладзевым цэнтры імя св. Яна Боска. Дэвіз свята гучаў так: «Рыцары і прынцэсы». Дзяцей падзялілі на дзве каманды — хлопчыкі і дзяўчынкі — і напачатку высветлілі, хто з іх лепш рыхтуецца да святаў і найбольш вынаходлівы пры падрыхтоўцы падарункаў. Пасля кожнай гульні ці конкурсу вызначалася каманда пераможцаў, і кожны раз вынік быў розны. Такім чынам удзельнікі і арганізатары ўбачылі, што да святаў добра і адказна падыходзяць і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Свята, падчас якога дзеці пераймалі самыя лепшыя якасці рыцараў і прынцэс, было напоўнена радасцю і ўсмешкамі. Завяршылася сустрэча падарункамі, салодкім пачастункам, агульным фотаздымкам і, канешне, малітвай. Усіх жадаючых запрашаем на наступныя сустрэчы. Анастасія Субач |
Фотарэпартаж |