Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі ў Мінску: разважаючы аб смерці, мы можам пазбавіцца ўсяго, што аддаляе ад Бога
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.02.2013 11:36

Рэкалекцыі, прысвечаныя разважанню аб добрай смерці, — добрая магчымасць спыніцца і ў цішыні сустрэцца з дасканалай Любоўю, паразважаць над уласным жыццём. Такія рэкалекцыі праходзілі ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля 23–24 лютага.

Падчас рэкалекцый вельмі важным з’яўляецца адпачынак духоўны. У штодзённым жыцці мы шукаем фізічны камфорт, але забываем пры гэтым пра сваю душу.

«Часта мы не адчуваем сябе шчаслівымі. А прычына гэтаму — ілжывыя суцяшэнні і жаданні, якімі перапоўнены нашыя сэрцы. Разважаючы аб добрай смерці, мы маем магчымасць навесці парадак у нашым сэрцы, пазбавіцца ўсяго, што аддзяляе нас ад Бога», — адзначыла сястра Ірына Барцэвіч FMA, звяртаючыся да ўдзельнікаў рэкалекцый.

Падчас канферэнцыі моладзь разважала над прыпавесцю пра блуднага сына, праектуючы яго сітуацыю на сваё жыццё. Кожны чалавек, калі ён хоча быць свабодным і радасным, павінен карыстацца з такога вялікага дару, як сакрамэнт споведзі. Просячы прабачэння, мы ўзрастаем у паўнаце любові, а такім чынам і ў радасці. Аднак чалавек не павінен ганарыцца тым, што ён прыйшоў да пакаяння, таму што Бог заўсёды робіць першы крок насустрач. Лагічным падсумаваннем гэтых разважанняў стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь.

Айцец Павел Шчарбіцкі SDB нагадаў прысутным аб тым, як важна быць сведкамі радасці: «Сапраўднай радасцю немагчыма не дзяліцца. І калі мы з’яўляемся сведкамі сапраўднай радасці, мы не зможам маўчаць, стрымліваючы яе ў сабе».

У гэтыя дні, разважаючы над добрай смерцю, моладзь атрымала «інструменты», дзякуючы якім можна змяняць сваё жыццё і быць сапраўднымі сведкамі Хрыста. Галоўнае — не баяцца дзейнічаць!    

Таццяна Ісакава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме