Падарожжа на Дні моладзі ў Ваўкавыск па-салезіянску |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
13.05.2013 17:54 |
З 10 па 12 мая ў Ваўкавыску праходзілі Дні моладзі, у якіх удзельнічала і моладзь са Смаргоні ў складзе 32 маладых людзей з парафіі Святога Міхала Арханёла. Як вядома, у гэтай парафіі працуюць ксяндзы салезіяне і сёстры салезіянкі, якія плённа перадаюць дзецям і моладзі харызму св. Яна Боска. Святы заўсёды казаў маладым людзям быць радаснымі і выкарыстоўваць кожную хвіліну з карысцю, каб не было часу для граху. Дваццаць гадзін у дарозе дазволілі прымяніць яго заклік на практыцы. Ксёндз Станіслаў Краўчанка SDB на пачатку падарожжа даў моладзі такі наказ: «Бегайце, прыгайце, спявайце, гуляйце, але толькі не грашыце. Я вам давяраю». Салезіянская моладзь добра падрыхтавалася да падарожжа. Гітара, спеўнікі, гульні, ежа, добры настрой і поўнае любові сэрца да Бога. Усё гэта дало магчымасць правесці час па-хрысціянску. Тыя, хто ехаў разам з імі ў цягніку, каго яны сустрэлі на днях моладзі ў Ваўкавыску, былі здзіўлены іх энтузіязмам і энергічнасцю. «Ні хвіліны спакою…» — казала пра іх моладзь з іншых парафій, бо любая вольная секунда адразу запаўнялася крычалкамі, песнямі і танцамі. Такімі паводзінамі моладзь у першую чаргу хацела данесці да іншых заклік, што святы павінен быць заўсёды радасны. Праславіць Бога сваімі паводзінамі, спевамі, жыццём і даць сведчанне веры тым людзям, якія знаходзяцца побач, — смаргонскай моладзі гэта ўдалося. Едучы дадому, моладзь прыйшла да высновы, што вяртаецца да сваіх сем’яў ужо трошачку іншая, больш радасная і духоўна моцная. З упэўненасцю можна сказаць, што кожны гатовы ўвасобіць у жыццё дэвіз XX дзён моладзі «Ідзіце і навучайце ўсе народы». Кожны гатовы быць сведкам Хрыста дома, у школе, на працы, сярод сваіх сяброў. Наперад з Хрыстом! Вераніка Ермак |
Фотарэпартаж |