Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сказаць свету аб Божай любові: у Ваўкавыску завяршыліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.05.2013 23:54

12 мая ў Ваўкавыску завяршыліся ХХ Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Праграму на завяршэнне сустрэчы падрыхтавала Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне. Святую Імшу ўзначаліў рэктар семінарыі кс. прэлат Юзаф Станеўскі.

«Вялікую радасць адчуваем мы, святары, калі бачым вас», — сказаў кс. Станеўскі, звяртаючыся ў гаміліі да моладзі. Святар нагадаў, што на працягу Дыяцэзіяльных дзён моладзі ўзнімалася шмат важных і цікавых тэмаў, а таксама што Касцёл заклікаў маладых вернікаў у гэтыя дні паразважаць «над Евангеллем, якое вядзе да збаўлення». Кожны хрысціянін, як адзначыў рэктар семінарыі, пакліканы да паўсюднага святарства.

«Нам хацелася б ведаць, чым жывяце вы, сённяшняя моладзь», — працягваў кс. Юзаф Станеўскі. Святар падкрэсліў, што сваё жыццё, пакліканне і мэту маладым людзям магчыма зразумець «толькі ў ценю крыжа Хрыста», бо «там выявілася Божая любоў да кожнага з нас». «Наша вера не абмяжоўвае чалавека, не ставіць яго на калені, але вызваляе», — заўважыў рэктар, дадаўшы, што хрысціяне «пасланы ў свет, каб сказаць аб Божай любові».

Пасля гэтай святой Імшы маладыя вернікі былі разасланы ў свае гарады і вёскі, каб быць там вучнямі Хрыста, сведчыць аб сваёй веры і дзяліцца з іншымі сэрцам, поўным дабрыні. Перад гэтым, 11 мая, падчас місійнага набажэнства кожны атрымаў місіянерскі крыж як знак сведкі Езуса Уваскрослага.

Апошнім пунктам святочнай праграмы стаў канцэрт семінарыйнага гурта «Ave».

Удзельнікі выказалі ўдзячнасць Богу за цудоўнае надвор’е падчас трох дзён сустрэчы, падзякавалі арганізатарам на чале з кс. Антоніем Грэмзам і пробашчам ваўкавыскай парафіі кс. Алегам Дулем, які цёпла прымаў маладых вернікаў у сваім касцёле і клапаціўся аб тым, каб мерапрыемства прайшло на высокім узроўні.

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі раз’ехалася па сваіх дамах, каб дзяліцца з іншымі атрыманымі ўражаннямі і верай.

Кс. Юрый Марціновіч, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме