11 мая ў парафіі Св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску ў межах Дыяцэзіяльных дзён моладзі адбылася сустрэча і размова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці з маладымі вернікамі Гродзенскай дыяцэзіі. Прадстаўнік Святога Айца, а таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адказалі на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.
Адказваючы на пытанне аб тым, як пачуў пакліканне да служэння Богу, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці расказаў пра часы свайго юнацтва, калі ў ноч Божага Нараджэння быў на малітве ў касцёле. «Я памятаю, што менавіта тады я адчуў голас, што настаў гэты момант», — сказаў іерарх.
«У нашай парафіі быў вельмі добры пробашч, і я, гледзячы на яго, слухаючы яго гаміліі, хацеў быць такім, як ён, — сказаў у адказ на пытанне моладзі біскуп Кашкевіч. — Напэўна, не мы выбіраем, але выбірае і кліча сам Бог — трэба толькі своечасова даць адказ».
Кажучы, кім для яго як хрысціяніна з’яўляецца Езус Хрыстус, Апостальскі Нунцый адзначыў: «Езус – гэта паветра, якім я дыхаю. Мы з Ім знаёмы ўжо шмат часу, і нам немагчыма жыць адзін без аднаго. Калі мне прапануюць шукаць Бога ў нейкім іншым месцы – я не ведаю, куды яшчэ пайсці, бо Бог – унутры. Тут я ўзгадваю словы св. Аўгустына, які кажа: я шукаў Цябе звонку, шукаў Цябе ў рэчах, і пачуў голас, які сказаў мне: вярніся ў самога сябе, бо праўда ўнутры. Для мяне Езус – частка мяне, і я – частка Яго».
Біскуп Кашкевіч, адказваючы на пытанне, як умацаваць сваю веру, заўважыў, што веру «мы павінны заўсёды паглыбляць». «Часта пасля школы моладзь ад’язджае ў іншыя гарады, краіны і забывае пра сваю веру, якую ёй перадалі бацькі. Вера – вялікі дар, які нам варта пастаянна паглыбляць праз малітву», — дадаў іерарх.
«На маю думку, сэнс жыцця – гэта любоў», — адказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці на пытанне пра тое, што для яго з’яўляецца сэнсам жыцця.
Таксама моладзь цікавілася тым, як распазнаць сваё пакліканне, як перамагчы страх вызнаваць перад Хрыстом свае грахі. Па словах Апостальскага Нунцыя, важна памятаць, што «самы вялікі грэх – грэх супраць любові». Таксама «нешчаслівыя тыя людзі, якія бясконца ўзгадваюць пра свае грахі, бо, калі чалавек застаецца на адным месцы – ён не выздаравее са сваіх грахоў, але калі ён пазірае ўверх – адтуль працягваецца рука, якая яго ўзнімае».
Таксама ў гэты дзень адбылася прэзентацыя моладзевых груп на тэму «Ведаем, каму паверылі». У выступленнях кожная парафія імкнулася быць арыгінальнай, прысутнічалі песні, сцэнкі, пантаміма, танцы. Моладзь са Смаргоні прадставіла жыццё сваёй парафіі ў малюнках. Гродзенская катэдральная парафія выявіла публічнае сведчанне веры. Моладзь з Суботнікаў у кароткім прадстаўленні паказала, што з Богам нікога не трэба баяцца.
У той жа дзень праходзіла і місійнае набажэнства, падчас якога маладыя хрысціяне даверыліся Богу і вызналі сваю веру і прыналежнасць да Касцёла. Сястра Рэната Грэгарчук, якая зараз працуе ў Афрыцы, распавяла моладзі пра сваю працу з хворымі, дзецьмі вуліцы, падзялілася думкамі пра сваё прабыванне на місіях, а таксама адзначыла, што місіянерам можа быць кожны ў сваім асяроддзі.
Кожны з удзельнікаў атрымаў місійны крыжык, які разам з благаслаўленнем уручылі святары. Маладыя людзі паабяцалі быць місіянерамі ў сваіх дамах, месцах працы і вучобы, казаць іншым пра Бога, які любіць усіх, пра Касцёл, дзе для кожнага ёсць месца, і пра дабро, якое варта чыніць адзін для аднаго, бо Бог жыве ў сэрцы кожнага. Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан
|