Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый у парафіі ў Жалудку: забыць пра гісторыю — забыць, колькі каштавала вернасць Хрысту
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.04.2013 20:34

Сэрцам кожнай парафіі з’яўляецца касцёл — святое месца, дзе індывідуальна або ў супольнасці чалавек сустракаецца з Богам. Касцёл — адзін з найважнейшых элементаў, якія ўтвараюць парафію, вакол якога канцэнтруецца парафіяльнае жыццё. Менавіта ў касцёле вернікі ўзбагачаюцца праз сакрамэнты, слухаюць Божае слова, вучацца быць міласэрнымі адзін да аднаго. Касцёл — знешняя праява веры супольнасці, а яго гісторыя — адлюстраванне гісторыі парафіянаў, іх лепшых і горшых часоў.

27 красавіка вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку дзякавалі Богу за 160 гадоў з часу паўстання іх святыні. На ўрачыстасці прыбыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, а таксама ардынарый Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі (Украіна) арцыбіскуп Пётр Мальчук OFM і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Таксама па запрашэнні пробашча парафіі кс. Яна Рэйшаля прыбылі яго былыя аднакурснікі з Беларусі, Расіі і Украіны. Прысутнічалі шматлікія святары, парафіяне, сёстры законныя, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, мясцовых уладаў.

Парафія ў Жалудку была заснавана ў 1490 г., цяперашні касцёл пабудаваны ў 1853 г., кансэкраваны 15 жніўня 1853 г.

Юбілейныя ўрачыстасці распачалі тыднёвыя місіі, якія праводзяць айцы рэдэмптарысты.

Вітаючы сабраных, кс. Ян Рэйшаль, які ў гэты дзень дзякаваў Богу за 21 год святарскага служэння, адзначыў, што ў асобе прадстаўніка Святога Айца жадае прывітаць на гэтай зямлі Пантыфіка Францішка. «На Гродзеншчыне верны люд вітае папу Францішка ў асобе Апостальскага Нунцыя, гэты люд набліжаецца да Бога, знаходзячы шлях да Яго», — сказаў святар. Варта адзначыць, што 10 гадоў таму, калі парафія святкавала 150-годдзе свайго касцёла, на ўрачыстасці таксама прыбыў тагачасны Апостальскі Нунцый у нашай краіне арцыбіскуп Іван Юркавіч.

У гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што для яго вялікая радасць сустрэцца на гэтай урачыстасці з вернікамі, якія шчыра моляцца. Арцыбіскуп назваў сапраўднай радасцю тое, што «мы маем гэтае святое месца і разумеем яго значэнне».

Апостальскі Нунцый падкрэсліў, што сапраўдным Касцёлам з’яўляюцца вернікі, якія ўтвараюць Касцёл духоўны. «Вы — жывыя камяні, у якія ўпісана гісторыя гэтай святыні», — заўважыў прадстаўнік Святога Айца, звяртаючыся да парафіянаў.

Узгадваючы час пераследаў і знішчэння святыняў, арцыбіскуп адзначыў, што нікому не ўдалося знішчыць Касцёл, «нікому не ўдалося выдаліць з вашых сэрцаў веру ў Хрыста і любоў да Касцёла і Папы» — і, хоць у святыні «зламалі дах, выбілі вокны, але ніколі не выбілі вокны вашых сэрцаў». «Сёння мы прысутнічаем тут не для таго, каб святкаваць перамогу над ворагам, — Касцёл агортвае малітвай усіх сваіх ворагаў», — дадаў Апостальскі Нунцый.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці заахвоціў удзельнікаў літургіі быць вернымі і годнымі сведкамі тых пакаленняў, якія, абараняючы веру, плацілі за гэта сваёй крывёю, і памятаць аб тых, хто будаваў гэтую святыню. Па словах іерарха, памяць з’яўляецца вельмі важнай, бо Касцёл ствараецца з памяці.

Прадстаўнік Папы звярнуўся таксама да дзяцей. «Вельмі цяжка быць годнымі той ахвяры, якую прынеслі вашы дзядулі і бабулі», — заўважыў арцыбіскуп і дадаў, што сёння, у час рэлігійнай свабоды, чалавек вельмі часта забываецца даваць сведчанне, губляе веру, здраджвае Богу і знішчае Касцёл. «Вашы продкі не сказалі пра Бога: „Я Яго не ведаю“, а сказалі: „Я вельмі добра ведаю Яго і гатовы заплаціць нават коштам сваёй крыві“», — падкрэсліў Апостальскі Нунцый. Быць хрысціянінам, як адзначыў іерарх, не азначае мець лёгкае жыццё — наадварот, гэта «жыццё цяжкае і ахвярнае».

«Калі вы забудзеце пра гісторыю, дзеці забудуць, колькі каштавала вернасць не гэтым камяням, а Хрысту», — сказаў арцыбіскуп, звяртаючыся да бацькоў, прысутных у святыні. Усе хрысціяне, дадаў Апостальскі Нунцый, — гэта жывое Цела Хрыста, і Бог, які на нас спазірае, «павінен убачыць гэтае Цела». «Дзякуючы за 160 гадоў вернасці Богу і Касцёлу, просім вас: будзьце жывым Целам Хрыста, бо гэтая зямля таго патрабуе, і не забывайце, што вы — частка гэтага Цела», — заахвоціў вернікаў прадстаўнік Святога Айца.

Напрыканцы літургіі парафіяне выказалі ўдзячнасць гасцям, якія прыбылі на ўрачыстасць, у тым ліку пілігрымам з Мінска.

«Кожны касцёл як дом Божы — гэта знак сакрамэнтальнай прысутнасці Бога сярод свайго народу, і разам з тым ён нагадвае, што як вызнаўцы Хрыста мы ствараем Касцёл — значыць сям’ю дзяцей Божых, якіх яднае вера і сакрамэнт святога хросту», — адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч, падводзячы вынік урачыстасці. Гродзенскі ардынарый заклікаў прысутных захоўваць і перадаваць наступным пакаленням скарб веры і любові да Хрыста і Яго Касцёла, пажадаўшы: «Няхай гэтая вера і любоў спадарожнічаюць вам у асабістым і духоўным развіцці, а таксама знойдуць адлюстраванне ў клопаце пра гэты сакральны будынак як бачны знак прысутнасці Хрыста ў жыцці вашай парафіяльнай супольнасці».

Па заканчэнні літургіі Апостальскі Нунцый асвяціў крыж і фігуры Маці Божай і святога Апостала Яна.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме