Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чуць у сэрцы словы Езуса: «Я цябе люблю». Святая Імша з другога дня Дыяцэзіяльных дзён моладзі ў Ваўкавыску
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.05.2013 03:25

У другі дзень Дыяцэзіяльных дзён моладзі ў касцёле св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У літургіі ўдзельнічаў таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пробашч парафіі кс. Алег Дуль, вітаючы Апостальскага Нунцыя і біскупа, сказаў, што для маладой парафіі вялікі гонар – наведванне прадстаўніка Папы. Святар падзякаваў біскупу Кашкевічу за выбар гэтай парафіі для правядзення Дыяцэзіяльных дзён моладзі.

На пачатку літургіі моладзь голасна прывітала арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці вясёлым заклікам сустрэчы: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, Езус з намі заўсёды, хвала Яго між намі, Езус ідзе перад намі».

«Для мяне вялікая радасць быць сёння з вамі, — адзначыў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да моладзі. — Калі ў вашым сэрцы вера моцная настолькі, як вашы галасы, то вы святыя. Калі ж гэта не так — трэба навучыцца так моцна «крычаць» сэрцам, як вы гэта робіце вуснамі».

Па словах арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, удзельнікі гэтай сустрэчы, прыйшоўшы на яе, прыйшлі да Езуса, які чакаў іх, бо «хацеў абняць і сказаць: ты прыгожы, моцны і важны для Мяне». «Зараз вы павінны чуць у сэрцы словы Езуса, які кажа: Я цябе люблю», — заахвоціў моладзь прадстаўнік Папы.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што вельмі важна чуць гэты голас Бога ў сэрцы, бо жыццё не заўсёды лёгкае: «Сёння мы разам, каб адчуваць наша адзінства, але вялікая небяспека здараецца, калі мы самотныя і нам здаецца, што Бог нас не любіць». Тады, працягваў Апостальскі Нунцый, чалавек можа сказаць: «Божа, я больш не веру, што Ты мяне любіш, мяне ніхто не любіць, і я самотны». «Але словы Бога - «Я цябе люблю» - тое, што мы павінны адчуваць у сэрцы у такія моманты самотнасці», — звярнуў увагу іерарх.

Па словах арцыбіскупа, «найвялікшая небяспека, якая вымушае нас адчуваць сябе сумнымі, — гэта страх, што хтосьці можа зрабіць нам злое». У такія моманты «трэба падняць галаву і глядзець у вочы іншага чалавека, кажучы: Бог мяне любіць, і я не баюся!». «Касцёл нікога не баіцца, у Касцёла няма ворагаў, і калі хтосьці супраць Касцёла – гэта іх адказнасць, але мы любім усіх», — дадаў прадстаўнік Святога Айца.

«Сёння мы бяром Цела Хрыста і ламаем, каб даць кожнаму гэтае Цела. І гэта – тое, што вы павінны прапаведаваць: што Хрыстус у вашым сэрцы», — нагадаў арцыбіскуп.

Часам можа здарыцца так, працягваў Апостальскі Нунцый, што іншы чалавек скажа, што «не жадае нічога чуць пра Касцёл і хоча жыць, як жывёла». «Але мы – выкладчыкі Хрыстовай мовы. Калі мы будзем маўчаць – хто пакажа іншым гэты голас Езуса?» — звярнуўся да моладзі арцыбіскуп.

Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што кожны з маладых хрысціян – храм Бога, і такім храмам хрысціянская моладзь застаецца ў кожную хвіліну свайго жыцця, у тым ліку размаўляючы з іншым чалавекам, гуляючы па вуліцы.

Напрыканцы святой Імшы маладыя вернікі ўручылі Апостальскаму Нунцыю памятны падарунак Дзён моладзі, такім чынам далучаючы іерарха да ліку ганаровых удзельнікаў гэтай сустрэчы.

«Я перакананы, што для кожнага з удзельнікаў гэта благаслаўлёны час, кожны адчувае ўнутранае ўзбагачэнне і ўмацоўваецца ў веры, — сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да моладзі. — З даверам і адвагай ідзіце за Езусам. Дазвольце, каб Ён заўсёды быў вашым настаўнікам і сябрам. Тады вы пераканаецеся, што жыццё набірае асаблівы сэнс і перад вамі адкрываюцца новыя дзівосныя гарызонты веры».

Таксама ў гэты дзень удзельнікі сустрэчы працавалі ў шасці групах, разважаючы над галоўнымі праўдамі веры, і адаравалі Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, а напрыканцы дня праславіць Бога разам з моладзевым гуртам «Miłość» з Ліды.  

Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме