10 мая ў парафіі Св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску распачаліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі. На запрашэнне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча адказалі больш за 1200 маладых людзей, што прыбылі з усёй дыяцэзіі, каб умацоўваць сваю веру, каб перажыць прыгожую сустрэчу з Богам і сваімі равеснікамі.
У сустрэчы ўдзельнічае і група студэнтаў з Нігерыі, якія вучацца ў Беларусі, а таксама моладзь з Магілёва.
Дэвізам гэтых дзён моладзі сталі словы: «Ідзіце і навучайце ўсе народы». У Год веры арганізатары клапаціліся аб тым, каб моладзь магла ўмацаваць сваю веру або нанава знайсці яе, таму ўсе разважанні, гаміліі і канферэнцыі базуюцца на слове «вера». Падчас сустрэчы моладзь будзе разважаць над тэмамі, вылучанымi Святым Айцом Францішкам у гаміліі ў Пальмовую нядзелю: радасць, крыж, маладыя.
У гэтым годзе Дыяцэзіяльныя дні моладзі юбілейныя, бо праходзяць ужо ў 20-ы раз Яны бяруць свой пачатак у 1993 годзе, калі біскуп Аляксандр Кашкевіч, па прыкладу Святога Айца Яна Паўла ІІ, вырашыў прысвяціць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў. Першы з’езд адбыўся ў маі 1993 г., і з той пары штогод каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі збіраецца на сумесную сустрэчу і малітву.
Сёлетняя сустрэча пачалася Ларэтанскай літаніяй да Маці Божай пры Найсвяцейшым Сакрамэнце. Падчас святой Імшы пробашч ваўкавыскай парафіі кс. Алег Дуль выказаў радасць з таго, што можа прывітаць шматлікую моладзь, якая прыбыла на мерапрыемства.
Ксёндз Антоні Грэмза, арганізатар Дыяцэзіяльных дзён моладзі, у гаміліі патлумачыў значэнне і мэту гэтай сустрэчы. «Моладзь хоча быць разам, аб’ядноўвацца ў веры, бо разам лягчэй жыць, лягчэй пераносіць усе цяжкасці. Разам мы будзем адважнымі пасланнікамі Езуса», — сказаў святар і дадаў, што веру, якая заснула, трэба абудзіць, і гэтай мэце таксама служыць дадзеная сустрэча, каб, пасля вяртання моладзі дадому, на вучобу ці на працу «вера магла дзейнічаць у ёй». Святар заклікаў маладых людзей быць разам, ствараючы адну вялікую сям’ю любячых адзін аднаго хрысціян, што, як падкрэсліў, прынясе ім радасць.
У праграме першага дня сустрэчы прысутнічала канферэнцыя, з якой выступіў пробашч парафіі ў Геранёнах кс. Сяргей Ангур TChr. Святар на аснове ўрыўкаў з Евангелля пастараўся паказаць моладзі каштоўнасць веры, і заахвоціў, каб у кожным маладым сэрцы нарадзілася «гэтае прагненне — хачу ўбачыць Езуса». Дзелячыся ўласным досведам перажывання веры, святар прывёў сваё разуменне яе: «Вера — гэта тое, што я раблю, што мяне спатыкае. Яно мае сэнс».
У сёлетнюю Пальмовую нядзелю папа Францішак заклікаў моладзь: «Ніколі не будзьце сумнымі! Хрысціянін не можа быць сумным! Наша радасць паходзіць (…) з сустрэчы з Асобай: Езусам, які пасярод нас; паходзіць з таго, што мы ведаем: будучы з Ім, ніколі не будзем самотнымі, нават у цяжкія хвіліны, нават калі на жыццёвым шляху нам сустракаюцца праблемы, якія здаюцца невырашальнымі».
Словы Пантыфіка «Ніколі не будзьце сумнымі!» паспрыялі таму, што маладыя ўдзельнікі сустрэчы правялі канец яе першага дня ў атмасферы музыкі і танцаў, чаму дапамог гурт «MAJ» з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы. Забавы працягваліся да позняга часу, нагадваючы моладзі, што радасць — Божы дар, які дапамагае дзяліцца сваёй верай са спаткання з Хрыстом. Кс. Юрый Марціновіч
(AG)
|