Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Заключнае малітоўнае чуванне Тэзэ: кожны дзень аднаўляць давер Богу
02.01.2013 11:43

Працягваць вопыт будавання сувязі з Богам, атрыманы ў дні Еўрапейскай сустрэчы моладзі, давяраць Яму і развіваць Божыя дары заклікаў удзельнікаў сустрэчы ў Рыме прыёр супольнасці з Тэзэ брат Алаіз Лозэр. 1 студзеня моладзь сабралася на апошнім малітоўным чуванні ў базыліцы св. Яна на Латэране, а сёння яна ўжо накіруецца дадому.

Прыёр супольнасці нагадаў, што ў бліжэйшыя дні разам з сотняй маладых вернікаў з розных краін і іншымі братамі з Тэзэ наведае Стамбул (Турцыя), дзе яны будуць святкаваць урачыстасць Аб’яўлення Пана разам з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем і мясцовымі хрысціянамі.

Таксама брат Алаіз звярнуў увагу на пытанне, як Бог можа быць у цэнтры жыцця чалавека кожны дзень. Часам, адзначыў законнік, можа здавацца, што Бог вельмі далёкі ад нас. Браты з Тэзэ, па словах прыёра, жадаюць моладзі вырушыць з Рыма да сваіх дамоў з унутранай сілай, гледзячы ў будучыню з адвагай і радасцю. І менавіта давер Богу можа нарадзіць гэтую ўнутраную сілу. Для таго, каб гэты давер стаў рэальнасцю, трэба, як падкрэсліў прыёр, шукаць асабісты кантакт з Богам, а прыкладам гэтага можа стаць Хрыстус, які давяраў Айцу заўсёды.

Брат Алаіз дадаў, што давер Богу злучаецца з даверам да людзей. З Хрыстом, па словах прыёра, усе мы становімся дзецьмі Бога, і штодзённае аднаўленне даверу Яму нараджае ў нас унутраную смеласць.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме