Удзельніца сустрэчы Тэзэ ў Рыме: рай на зямлі, я ўпэўнена, ёсць. Імя яму — Тэзэ |
Беларусь |
08.01.2013 10:38 |
Паездка і сама сустрэча Тэзэ ў Рыме пакінулі мноства разнастайных уражанняў, некаторымі з іх я хацела б падзяліцца. Яшчэ год таму я планавала любым шляхам трапіць на сустрэчу Тэзэ, як толькі даведалася, што яна будзе праходзіць у Рыме. Для гэтага мне нават прыйшлося звольніцца з працы, каб прадаставілася ўнікальная магчымасць удзелу ў дадзенай праграме. Так, такія вось ахвяры, але на фоне ўбачанага мной Рыма яны сталі дробязямі. Нечаканым для сябе чынам абрала паездку з грэка-католікамі, дзе кіраўнікамі былі Андрэй Гайдукевіч і а. Антоній, якія здорава спраўляліся з усімі ўскладзенымі на іх абавязкамі. Здолелі стварыць адзінства ўнутры нашай маленькай пераязной «дзяржавы». Падчас шляху моладзь мела магчымасць пазнаёміцца адно з адным, слухаць духоўную навуку, маліцца, спяваць, глядзець фільмы, весці дыскусіі, дзякаваць і разважаць над убачаным. Экскурсійны бок Шлях па Еўропе мяне вельмі ўразіў: я нібы трапіла ў казку. Кожная краіна незвычайна прыгожая, апісаць гэтую прыгажосць словамі немагчыма, нават фотаздымкі не дапамогуць у гэтым. Усё неабходна абавязкова ўбачыць на свае вочы. Славакія і Аўстрыя запомніліся пейзажамі з відам на горы і лясы, якія запоўнілі душу рамантыкай і спакоем. Прага запомнілася гатычнай архітэктурай, а Венецыя… Незапланаваную паездку ў Венецыю лічу дарам Нябеснага Айца. Горад — сапраўдны цуд: замест машын — лодкі і кацеры. Дагэтуль не разумею, як людзі там жывуць. А тое, як беларуская група, практычна ўсім складам у 50 чалавек вадзіла карагоды на Венецыянскай плошчы, праслаўляючы Бога, надоўга застанецца яркім успамінам. І, канечне, велічны Рым, які так праслаўляюць, узгадваючы яго перавагу: горад на сямі ўзгорках, скарбніца сусветнай культуры, сэрца каталіцызму. І куды ні пайдзі ў Рыме — паўсюль гісторыя і набытак. Горад-музей, адным словам. Усе славутасці, здавалася б, немагчыма было абыйсці, але са здзіўленнем узгадваю, што давялося ўбачыць нямала: Ватыкан, Калізей, Фантан Трэві, Пантэон, плошчу Іспаніі, плошчу Навона, базыліку Сан Джавані на Латэране, базыліку святога Паўла за Мурамі, помнік Віктару-Эмануілу ІІ, рымскія катакомбы… Духоўны бок Тэзэ — гэта перш за ўсё месца пошуку сустрэчы з Богам. Сустрэча сцірае адрозненні паміж канфесіямі, стварае атмасферу адзінства. Думаю, што існуюць зусім розныя шляхі і спосабы сустрэчы з Богам: для кагосьці гэта захапленне ад сузірання пейзажнай разнастайнасці кожнай краіны, можа, навуковыя даследаванні; для кагосьці слушныя думкі філосафа, а для кагосьці — убачыць нямоглага старога чалавека. У Тэзэ гэтыя шляхі таксама розныя: для кагосьці спевы, для кагосьці — размова з бліжнім, для іншага — супольнасць, малая група, а для кагосьці — цішыня і адзінства. Убачаныя святыні, а з імі вадаёмы і фантаны ў многім схіляюць да разважанняў, абдумвання асабістага жыцця, ды і проста радасці і адчування, што цябе любяць. Хаця быць сам-насам з сабою, зразумець, хто я і чаго я сапраўды хачу, прыняць рашэнне і набрацца рашучасці — зусім не просты занятак. Стрыжань жыцця ў Тэзэ — аснова, якой падпарадкоўваецца ўсё жыццё, — гэта малітва. Важна, каб па прыездзе з Тэзэ маладыя людзі здолелі стаць актыўнымі членамі ў сваіх парафіях, бралі сабе за мэту дапамагчы ўнутры і па-за сваімі парафіямі, не канкурыруючы з імі. Каб здолелі данесці сутнасць хрысціянства — адзінства ў Хрысце. Вольга Чыкун
|
Фотарэпартаж |