Львоў: а. Эдуар Кава OFMConv атрымаў біскупскае пасвячэнне |
22.06.2017 09:28 |
21 чэрвеня ў Львове Мітрапаліт Мечыслаў Макшыцкі ўдзяліў біскупскае пасвячэнне а. Эдуарду Каву OFMConv, якога папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Львоўскай архідыяцэзіі.
Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел таксама арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый ва Украіне, і біскуп Харкаўска-Запарожскі Станіслаў Шыракарадзюк OFM. 39-гадовы біскуп Эдуард на сёння з’яўляецца самым маладым каталіцкім біскупам у свеце.
Эдуард Кава нарадзіўся 17 красавіка 1978 года ў горадзе Масціска Львоўскай вобласці. Пасля заканчэння школы ўступіў у Ордэн канвентуальных францішканаў. У 1997 годзе склаў першыя манаскія абяцанні, пасля чаго два гады вывучаў філасофію ў семінарыі ордэна ў Кракаве. З 1999 па 2003 год вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі «Марыя — Каралева Апосталаў» у Санкт-Пецярбургу і жыў у мясцовым манастыры св. Антонія Цудатворца канвентуальных францішканаў. Прэзбітэрскае пасвячэнне сённяшняму біскупу 1 чэрвеня 2003 года ўдзяліў беларускі іерарх Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў той час нёс служэнне ў Расіі. Айцец Эдуард Кава нёс служэнне ва Украіне і з’яўляўся дэлегатам кракаўскай правінцыі свв. Антонія і Якуба Ордэна канвентуальных францішканаў ва Украіне. (gaudete.ru/vgr) |