Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Германія: AfD праверыць законапраект «Шлюб для ўсіх» на адпаведнасць канстытуцыі
03.07.2017 14:29

Нямецкая партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (Alternative für Deutschland — далей AfD) выступіла з прапановай праверыць юрыдычна прыняты 30 чэрвеня ў Бундэстагу законапраект «Шлюб для ўсіх».

Фота DPA

Перадгісторыя

Праект гэтага закона абмяркоўваўся ў Бундэстагу ўжо даўно, але канцлер Германіі Ангела Меркель блакавала яго ход. 27 чэрвеня ў інтэрв’ю часопісу Brigitte ў берлінскім тэатры Максіма Горкага (на фота ўверсе) канцлер заявіла, што перагледзела сваю пазіцыю.

Саюзнік у Бундэстагу Хрысціянска-дэмакратычнай партыі, якую ўзначальвае Меркель, Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі разам з прадстаўніком апазіцыі партыяй Зялёных ужо на наступны дзень заявіла аб гатоўнасці пазачарговага галасавання па гэтаму законапраекту яшчэ да парламентскіх канікул.

Фракцыя зялёных святкуе прыняцце законапраекта ў Бундэстагу, фота SN/APA/AFP/TOBIAS SCHWARZ

Ужо 30 чэрвеня ў Бундэстагу ізноў разглядалі гэты законапраект. Гэтым разам законапраект быў падтрыманы большасцю галасоў парламентарыяў. Пры гэтым сама канцлер прагаласавала супраць, як і чвэрць дэпутатаў яе фракцыі.

«Для мяне шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны», — сказала Меркель журналістам пасля галасавання.

 Ангела Меркель галасуе чырвонай карткай («супраць»), фота dpa

Сярод 623 дэпутатаў большасць прагаласавала «за» (393 галасы) поўнае прававое прызнанне гомасексуальных шлюбаў. 226 парламентарыяў прагаласавалі «супраць», чатыры — устрымаліся.

Згодна з законапраектам «Шлюб для ўсіх» у будучыні аднаполыя пары змогуць браць шлюб, а таксама ўсынаўляць дзяцей гэтаксама як пара мужчыны і жанчыны. Да гэтага ў краіне дзейнічалі т.зв. зарэгістраваныя грамадзянскія партнёрствы, якія на заканадаўчым узроўні былі прыняты пасля гарачых дэбатаў у 2001 годзе.

Грамадзянскае партнёрства шмат у чым было падобнае да традыцыйных шлюбаў за выключэннем магчымасці ўсынаўляць дзяцей.

AfD і праверка

«Мы правяраем зараз гэты законапраект ў Федэральным канстытуцыйным судзе. Я асабіста «за» такі крок», — адзначае лідар партыі Аляксандр Гаўланд (на фота ўнізе)у каментарыі газеце Bild am Sonntag.

Паводле слоў палітыка, «Шлюб для ўсіх» азначае хаатычнасць каштоўнасцей, якая шкодзіць нямецкаму грамадству.

Міністр унутраных спраў Германіі Томас дэ Мэзьер у каментарыі газеце пазітыўна ацэньвае шансы законапраекта ў федэральным судзе. Міністр дадаў, што для яго шлюб — гэта сувязь паміж мужчынам і жанчынай.

«Я галасаваў супраць гэтага законапраекта. Прычына? З майго пункта гледжання як юрыста для гэтага нам патрэбна было б змяненне канстытуцыі», — сказаў ён.


Фота EPA

Міністр унутраных спраў (на фота) папярэдзіў аб тым, што закон «уступіць у сілу не без цяжкасцяў», таму што адсутнічае цэлы шэраг урэгуляванняў. Так, будзе незразумела, як і калі будуць пераўтворана зарэгістраванае грамадзянскае партнёрства, прынятае ў Германіі раней.

Дэ Мэз’ер дадаў: «Пры ажыццяўленні закона будуць масіўныя праблемы, якія пасля трэба будзе выпраўляць».

Як паведамляюць нямецкія СМІ, зарэгістраванае грамадзянскае партнёрства не будзе аўтаматычна «залічана» як шлюб. Абодва партнёры толькі ў прысутнасці супрацоўніка ЗАГСа павінны «перарэгістраваць» сваё грамадзянскае партнёрства ў шлюб. Найбліжэйшы тэрмін для такіх манёўраў пры ўступленні закона ў сілу будзе дасяжны 1 лістапада.


Федэральны канстытуцыйны суд Германіі, фота spiegel.de

Адпаведнасць канстытуцыі рашэння Бундэстага сёння знаходзіцца пад пытаннем. Многія нямецкія юрысты адзначаюць, што лічаць закон адпавядаючым канстытуцыі. Супраць гэтага выступае, аднак, былы прэзідэнт Федэральнага канстытуцыйнага суда Ханс-Юрген Папір.

Намеснік прэзідэнта Бундэстага Ёханэс Сінгхамер і прадстаўнік Каталіцкага Касцёла патлумачылі, што разлічваюць на канстытуцыйную скаргу.

Барацьба напярэдадні выбараў

У верасні 2017 года ў Германіі пройдуць выбары ў Бундэстаг і адпаведна будзе абраны (або перавыбраны) новы канцлер.

Пасля незадаволенасці шэрагу немцаў палітыкай Хрысціянска-дэмакратычнай партыі, якая была накіравана на прыняцце вялікай колькасці бежанцаў, у Германіі набрала абароты новая партыя «Альтэрнатыва для Германіі».

AfD выступае з крытыкай міграцыйнай палітыкі партыі Меркель, а таксама за выхад з еўразоны. На федэральных выбарах у 2013 годзе, калі партыя толькі была зарэгістраваная, ёй не ўдалося набраць неабходныя 5 працэнтаў галасоў і яна не трапіла ў Бундэстаг.
Аднак сёлета шансы партыі на праход у Будэстаг выглядаюць куды больш рэальнымі. Партыя ўжо ўвайшла ў шэраг Ландтагаў (мясцовыя органы кіравання зямель), у тым ліку абыйшоўшы хрысціянскіх дэмакратаў у зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, адкуль калісьці балатавалася сама Ангела Меркель.

Крытыкі называюць рашэнне Меркель па законапраекту «Шлюб для ўсіх» стратэгічным манёўрам напярэдадні выбараў. З уступленнем у сілу закона шансы хрысціянскіх дэмакратаў у параўнанні з AfD, якая выступае супраць закона, могуць узрасці.

Ілья Лапато (KNA/cath)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.