Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзідэнт Ізраіля наведаў горад святога Францішка Асізскага
01.05.2013 17:46

Асізі — не толькі адзін з выключных гістарычных месцаў, ён таксама заслугоўвае ўдзячнасці яўрэяў за выратаванне многіх іх суайчыннікаў 70 гадоў таму, — нагадаў Прэзідэнт Ізраіля Шымон Пэрэс, наведваючы гэты горад. Учора палітык сустракаўся з папам Францішкам, а сёння ў Асізі атрымаў ганаровае грамадзянства «За мір».

У сваёй прамове ізраільскі лідар нагадаў, што св. Францішак, дзякуючы якому праславіўся гэты горад, прысвяціў жыццё барацьбе з беднасцю, шукаючы міру і падкрэсліваючы каштоўнасць пакоры. Сёння ж, працягваў палітык, у свеце, дзе адбываюцца працэсы глабалізацыі, трэба як ніколі раней абараняць маральнасць.

Шымон Пэрэс адзначыў, што св. Францішак заахвочваў любіць бедных, цаніць мір і шанаваць прыроду. Гэтыя прынцыпы, па словах Прэзідэнта, маюць у наш час асаблівую важнасць. Кажучы пра наведванне Францішкам Егіпта і Святой Зямлі, палітык падкрэсліў: «Усе мы павінны маліцца, каб як найхутчэй спынілася праліццё крыві ў нашым рэгіёне».

Прэзідэнт дадаў, што народ Ізраіля ніколі не забудзе намаганняў жыхароў Асізі падчас Другой сусветнай вайны, калі яны ратавалі яўрэйскіх бежанцаў. У той час мясцовы біскуп і браты законныя выратавалі ад нацыстаў больш за 300 яўрэяў.

Кажучы пра Святога Айца Францішка, Шымон Пэрэс адзначыў, што яго сціпласць, любоў да міру, увага да бедных, шанаванне справядлівасці і заклік да дыялога паміж рэлігіямі з’яўляюцца «павевам свежага паветра». Палітык назваў Пантыфіка «сябрам ізраільскага народа», узгадваючы, што ў Буэнас-Айрэсе той усталяваў сувязі сяброўства з мясцовай іўдзейскай супольнасцю.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме