Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зацемка
  • Simple Image Gallery Notice: Joomla!'s "/cache" folder is not writable. Please correct this folder's permissions, clear your site's cache and retry.
  • There was a problem rendering your image gallery. Please make sure that the folder you are using in the Simple Image Gallery plugin tags exists and contains valid image files.
Памылка
  • JFolder::files: Шлях не з'яўляецца дырэкторыяй: /var/www/www-root/data/www/old.catholic.by/2/images/simplegallery/2013-05-17-pinsk1/
На Піншчыне распачаліся ўрачыстасці ў гонар святога Андрэя Баболі (дададзена фота)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
15.05.2013 22:51

15 мая ў рамках урачыстасцяў 75-годдзя кананізацыі св. Андрэя Баболі ў Пінску адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Літургіі папярэднічалі прэс-канферэнцыя з удзелам усіх каталіцкіх іерархаў Беларусі, канцэрт і даклады.

Даклад пра гісторыю пінскага архікатэдральнага касцёла агучыў айцец Юзаф Макарчык OFMConv. Пра жыццё св. Андрэя Баболі распавёў ксёндз Аляксей Раманчук.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў прывітальным слове адзначыў: «Амаль чатыры пакаленні таму, 17 красавіка 1938 года, нашы продкі былі сведкамі і ўдзельнікамі ў Рыме ў Белую нядзелю (…) велічнай падзеі. Тагачасны папа Пій ХІ у прысутнасці дзясяткаў тысяч вернікаў з усяго свету абвясціў на плошчы Св. Пятра ў Рыме, што пасля адпаведных прац, прадпісаных Апостальскім Пасадам, Андрэй Баболя, душпастыр Палесся, з Ордэну езуітаў, 16 мая 1657 года замучаны ў Янаве-Палескім за каталіцкую веру — абвяшчаецца святым. У Год веры ў 75-ю гадавіну кананізацыі святога, які таксама з’яўляецца апекуном нашай Пінскай дыяцэзіі, мы хочам праславіць Бога за такога вялікага апекуна за нас перад Божым тронам».

«Касцёл – наша маці – заснавальнікам якога з’яўляецца Езус Хрыстус, праз акт кананізацыі паказвае нам, што пілігрымы на зямлі, карыстаючыя са звышпрыродных дароў – сакрамэнтаў, распарадчыкамі якіх з’яўляюцца святары, —  могуць шчасліва дасягнуць мэты вандроўкі – неба нават пры такіх вонкавых неспрыяльных умовах, як гэта сталася са св. Андрэем Баболем, да якога звяртаемся: св. Андрэй Баболя, маліся за нас!» — дадаў біскуп.

Ва ўрачыстай Імшы прымалі ўдзел біскупы Беларусі, Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлат Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у нашай краіне архімандрыт Сяргей Гаек, Мітрапаліт Шчэцінска-Каменскі арцыбіскуп Анджэй Дзенга, біскуп на пенсіі Ломжынскай дыяцэзіі (Польшча) Станіслаў Стэфанэк, святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі ўлады, госці з замежжа.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, кажучы пра св. Андрэя Баболю, у гаміліі адзначыў: «Слухаючы гісторыю гэтага святога, глыбока адчуваеш цярпенне, бо здаецца, што ён памёр двойчы. Першая яго смерць — тая, што ён панёс за вернасць сваёй веры, якую абвяшчаў, ходзячы па вёсках гэтай зямлі. Другая смерць — тая, якую выказвае малітва сённяшняга дня і выбраныя чытанні: гэтая смерць вынікае з таго, што рукамі хрысціян забіваюцца іншыя хрысціяне». Па словах арцыбіскупа, «гэта так, як быццам бы мы хацелі адкінуць малітву Хрыста, якою Ён маліўся перад сваёй смерцю, просячы, каб усе былі адно».

Згадваючы пра пінскі катэдральны касцёл, Апостальскі Нунцый звярнуўся да вернікаў: «Гляньце навокал, на муры гэтага касцёла: у тым, што мы бачым, ёсць густ і ёсць вера. Усё гэта выяўляе знакі Еўропы ў гэтай святыні – Еўропы ранейшага часу, бо ў наш час паняцце „Еўропа“ жадала б лепшага. Вы – жывыя камяні гэтага касцёла, і ён – ваша гісторыя, ваша прыгажосць. Гэта азначае, што і вы такія. Прыгожа, калі народ нанова знаходзіць карані сваёй гісторыі і ганарыцца ёю».

Прадстаўнік Святога Айца дадаў, што «былі моманты, калі гэтая прыгажосць была знявечаная». «Дзякуй Богу, яна паўстае зноў. Зараз мы знаходзімся тут, каб цешыцца гэтай прыгажосцю», — сказаў іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў пра адказнасць прадстаўнікоў улады ў тым, каб «зберагчы гэтыя помнікі, збудаваныя ў сваёй гісторыі беларускім народам». «Наколькі цудоўна, што сёння вы можаце ўнесці пазітыўны ўклад у адраджэнне гэтага касцёла, яго прыгажосці і моцы, (…) дапамагаць нанова нарадзіцца таму, што было гвалтоўна знішчана, — сказаў Апостальскі Нунцый. — Мы, біскупы, маем надзею, што вы дапаможаце нам выконваць нашы абавязкі з радасцю, каб разам дапамагчы гэтаму народу зразумець – наколькі велічны той народ, які стварае такія прыгожыя помнікі».

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці нагадаў пра той момант з гісторыі жыцця св. Андрэя Баболі, калі ў маскоўскім музеі было знойдзена яго цела і перададзена савецкімі ўладамі ў Ватыкан. Гэта адбывалася ў кантэксце гуманітарнай дапамогі ў змаганні з голадам у СССР, дзякуючы якой ад голаду было выратавана каля 160 тысяч чалавек. Гэтую дапамогу аказвалі папа Бэнэдыкт XV, а пасля – папа Пій ХІ, і яна называлася «папская місія дапамогі галадаючым у СССР». Менавіта ў гэты час Касцёл у СССР перажываў вельмі цяжкую сітуацыю, а іерархі, якія спрабавалі стварыць падпольны Касцёл, былі забіты або дэпартаваны.

«Парадаксальным чынам пераслед яднае католікаў і праваслаўных, — працягваў Апостальскі Нунцый. — У той момант, калі нехта імкнецца знішчыць хрысціянства, гісторыя дзвюх Цэркваў становіцца адной гісторыяй мучаніцтва». «Мы дзякуем Богу за гэты шлях, пройдзены ў пошуках еднасці, які дазваляе нам з большай дыстанцыяй глядзець на тое, што нас падзяляла ў гісторыі», — адзначыў прадстаўнік Святога Айца.

«Моц Касцёла – у тым, што ён ніколі не прадаецца ніводнай палітычнай сіле», — падкрэсліў арцыбіскуп і выказаў надзею, «што ўлада будзе ўдзячна Касцёлу, калі ён зможа ўнесці ў грамадства тое асабістае, што можа ўнесці толькі ён, не будучы звычайным інструментам на службе палітычных сіл».

«Усе мы будзем адказваць перад Богам не за абавязкі, якія выконвалі, а за тое, наколькі ўмелі любіць, — сказаў на заканчэнне гаміліі Апостальскі Нунцый. — Андрэй Баболя і ўсе забітыя за сваю веру няхай зведаюць таго Бога, імя якога – Любоў».

Напрыканцы літургіі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перадаў усім прысутным Апостальскае благаслаўленне папы Францішка. «Гэтае благаслаўленне для ўсіх вас і гэтай зямлі, якое асвяціў сваёй крывёю Андрэй Баболя і многія мучанікі, вядомыя і невядомыя, — сказаў прадстаўнік Папы. — Няхай яно паспрыяе дабрабыту і супакою гэтай зямлі, супакою паміж народамі і паміж рэлігіямі».

Анастасія Грышан, кс. Юрый Марціновіч

{gallery}2013-05-17-pinsk1{/gallery}

Фота Рамана Сушы

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме