Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Лідзе ўзгадалі святароў і вернікаў, што сталі ахвярамі войнаў і палітычных сістэмаў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.03.2013 22:44

10 сакавіка ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе адбылася малітва ў інтэнцыі духавенства і вернікаў, якія сталі ахвярамі войнаў і несправядлівых палітычных сістэмаў. Сёлета прыпадае 70-годдзе расстрэлу 9 святароў, якія служылі на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Святарамі, якія 10 сакавіка 1943 г. прынялі мучаніцкую смерць ад гітлераўцаў, былі:

Кс. Вінцэнт Лабан, пробашч парафіі ў Лідзе (Слабада)
Кс. Люцыян Мрачкоўскі, вікарый парафіі ў Лідзе (Слабада)
Кс. Стэфан Снегоцкі, вікарый парафіі фарнага касцёла ў Лідзе
Кс. Аляксандр Аўгустовіч, пробашч парафіі ў Нецечы
Кс. Стэфан Дабравольскі, пробашч парафіі ў Беліцы
Кс. Альфонс Бароўскі, пробашч парафіі ў Лацку
Кс. Францішак Цыбульскі, пробашч парафіі ў Трабах
Кс. Ежы Ажароўскі, пробашч парафіі ў Ліпнішках
Кс. Вінцэнт Стшэснеўскі, пробашч парафіі ў Юрацішках.

Сёлетняя ўрачыстасць адбылася ў лідскай парафіі невыпадкова: вернікі гэтай супольнасці калісьці засталіся без душпастырскай апекі, калі іх святары — пробашч кс. Вінцэнт Лабан і вікарый кс. Люцыян Мрачкоўскі — аддалі жыццё за Хрыста.

Святую Імшу падзякі за дар жыцця і скарб веры гэтых святароў цэлебраваў пробашч парафіі кс. Вінцэнт Лісоўскі, дэкан Лідскі. У гаміліі святар адзначыў, што дзякуючы гэтай ахвяры забітых душпастыраў сучасныя католікі «маюць веру і з’яўляюцца людзьмі святла».

Ксёндз Лісоўскі ўзгадаў пра апошні этап зямной пілігрымкі святароў, якія адышлі да Пана за народ верны, прыняўшы адпушчэнне грахоў. Святар дадаў, што ў касцёле засталіся алтар, келіх і крыж з часоў гэтых душпастыраў-мучанікаў. «Хоць прайшло ўжо 70 гадоў і многіх людзей ужо няма з намі, іх сведчанне прамаўляе да нас, жыве сярод нас сёння. Дзякуючы іх гераічнаму ўчынку мы сёння маем моцную веру», — падкрэсліў пробашч парафіі.

Святар нагадаў, што смерць напаткала лідскіх душпастыраў ля парогу Вялікага посту, які яны, напэўна, хацелі перажыць са сваімі вернікамі. У «Папяльцовую сераду, калі пачыналася разважанне над мукай Пана, зямля арасілася крывёю святароў, якія загінулі за тое, што вучылі іншых любіць Бога, бліжняга і сваю радзіму». Сёння, па словах кс. Лісоўскага, «гэтая кроў пытае ў нас: а якая твая вера? Яны аддалі за веру ў Бога сваё жыццё, а на што здольны ты? Які твой давер Пану Богу?».

Падчас літургіі парафіяне дзякавалі Богу за сведчанне забітых душпастыраў і вернікаў, якія ахвяравалі найкаштоўнейшы скарб — сваё жыццё.

Тэртуліян казаў, што кроў мучанікаў — насенне хрысціянства. Падобна як пры смерці Хрыста з Яго прабітага боку нарадзіўся Касцёл, так смерць сведкаў Хрыста — святароў — дае плёны для будучага жыцця Касцёла. Будзем спадзявацца, што гэты добры засеў прынясе шчодрыя плёны ў постаці сапраўды хрысціянскага жыцця.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме