12 мая ў в. Ленін Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці адбылася ўрачыстасць у памяць аб 1200 ахвярах Другой сусветнай вайны, забітых у гэтай мясцовасці нямецкімі фашыстамі ў 1943 г. На ўзгаданне аб гэтай важнай для жыхароў Леніна і навакольных вёсак падзеі ўдзячныя нашчадкі падрыхтавалі спецыяльны памятны знак.
На яго асвячэнне і супольную малітву за ахвяраў, сярод якіх было шмат католікаў і праваслаўных, прыбылі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і епіскап Тураўска-Мазырскі Леанід, а таксама мясцовыя святары. У прысутнасці шырокай грамады вернікаў, прадстаўнікоў уладаў Жыткавіцкага раёна і творчых колаў іерархі выступілі з адмысловай прамовай і малітвай за ахвяраў Другой сусветнай вайны.
«Молімся сёння за ахвяраў фашызму — мірных жыхароў, якія загінулі ў лютым 1943 года, — сказаў у сваёй прамове біскуп Антоні Дзям’янка. — Гітлераўцы пазбавілі жыцця нявінных людзей, кіруючыся бязбожнай ідэалогіяй, якая вяла барацьбу з хрысціянскім светапоглядам у імя вяршэнства нямецкай расы над іншымі».
«Мы праз змяшчэнне памятнай дошкі хочам працягнуць памяць аб тых, хто жыў на гэтай зямлі, бо, паводле аднаго з палітыкаў, „народы, якія губляюць памяць — губляюць жыццё“. Хаця наша сустрэча не можа завяршыцца толькі ўспамінам. Трэба таксама зрабіць высновы, што мы павінны заўсёды станавіцца ў абароне Бога і Яго законаў, бо Пан з’яўляецца канчатковым гарантам жыцця чалавека і ўсіх іншых законаў для людзей», — дадаў біскуп. Поўны тэкст слова біскупа>>>
Кульмінацыяй сустрэчы стала асвячэнне памятнай дошкі.
Для жыхароў Леніна і навакольных вёсак гэтая вясновая ўрачыстасць стала знакам непахіснай сувязі паміж пакаленнямі. Нашчадкі ахвяраў дзякавалі Богу за тое, што памяць аб іх продках назаўсёды ўвекавечыў прыгожы помнік, які паўстаў у многім дзякуючы старанням сям’і Аскальдовічаў, нашчадкі якой цяпер жывуць у Шчэціне (Польшча). Малітва падзякі мела свой асаблівы выраз і таму, што яна аднадушна з’яднала вернікаў абедзвюх канфесій на чале з іх духоўнымі пастырамі.
Кс. Андрэй Рылка (AG)
|