Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ХХІ пешая пілігрымка Пінск-Лагішын стала рэкорднай па колькасці ўдзельнікаў
Беларусь - Пінская дыяцэзія
13.05.2013 12:35

Сёлета 9 мая, напярэдадні ўспаміну Маці Божай Лагішынскай, адбылася традыцыйная, ужо ХХІ пешая пілігрымка з пінскага катэдральнага касцёла ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай, Каралевы Палесся.

Пілігрымка, у якой прынялі ўдзел каля 150 чалавек, аказалася самай шматлікай за ўсе гады вандравання да Палескай Мадонны. Нягледзячы на спякотнае надвор’е, пілігрымы горача маліліся, праслаўлялі Бога спевамі і танцам, карысталіся магчымасцю прыступіць да споведзі і проста паразмаўляць са святарамі.

У дарозе пілігрымаў гасцінна віталі жыхары вёскі Крыўчыцы. Яны накармілі Божых вандроўнікаў смачным абедам. Трэба зазначыць, што вернікі гэтай і суседняй вёскі — Падбалоцце — штогод з вялікай радасцю і па-сямейнаму прымаюць у сябе пілігрымаў з Пінска.

На апошнім прывале перад Лагішынам пілігрымаў чакаў традыцыйны пачастунак ад пробашча і кусташа санктуарыя кс. Тадэвуша Шэшкі. Сярод шматлікіх гасцінцаў паломнікам асабліва смакавалі лагішынскія булачкі «з пякарні Маці Божай», як жартам называе іх ксёндз пробашч.

З гарачым энтузіязмам віталі пілігрымаў жыхары Лагішына і каля брамаў касцёла. Знясіленыя, стомленыя і апаленыя на сонцы пілігрымы з радасцю прымалі благаслаўленне і шчодрае акрапленне асвечанай вадой ад біскупа Антонія Дзям’янкі. Пастыр дыяцэзіі вітаў пілігрымаў разам з кс. канцлерам Станіславам Паўлінам, рэктарам Духоўнай семінарыі кс. Янам Саламонам і кусташам санктуарыя кс. Тадэвушам Шэшкам.

Пасля прывітання пілігрымаў ля цудатворнага абраза Маці Божай Лагішынскай адбылася найважнейшая падзея дня — святая Імша, якая была цудоўным завяршэннем для сэрцаў соцень пілігрымаў, якія не толькі прыйшлі пешшу, але і прыехалі з ваколіц, каб разам перажыць святы вечар вігіліі ўрачыстасці з нагоды гадавіны каранацыі абраза Каралевы Палесся.

Святая літургія, якую ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка і ў якой прынялі ўдзел мясцовыя святары, навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, законныя сёстры і вернікі з Пінска, Лагішына і ваколіц, для некаторых пілігрымаў стала кропкай завяршэння іх ахвярнага пешага шляху да Нябеснай Заступніцы. Але было нямала і такіх, для каго завяршэнне пілігрымкі стала шматкроп’ем, адкрытым на будучыя сустрэчы з Каралевай Палесся.

Люся Ненадавец

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме