26 снежня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне адбылася аплатковая сустрэча ўдзельнікаў пілігрымкі Гродна — Рось. Летнія пілігрымкі ў санктуарый у Росі, дзе знаходзіцца фігура Езуса Журботнага, якая мае ўжо больш за 400 гадоў і вядомая сваімі цудамі, пачаліся 11 гадоў таму.
У Рось прыходзяць шматлікія пілігрымы, каб праславіць Пана Езуса, а таксама прасіць аб патрэбных ласках. Па традыцыі ў другі дзень Божага Нараджэння ўдзельнікі гэтых пілігрымак збіраюцца на калядную сустрэчу.
Сёлетняя сустрэча пачалася святой Імшой, якую цэлебраваў кіраўнік пілігрымкі кс. Юрый Марціновіч і ў якой удзельнічалі таксама іншыя святары. У гэты дзень Касцёл адзначаў свята св. Стэфана, дыякана і першамучаніка. У гаміліі кс. прэлат Юзаф Трубовіч, звяртаючыся да пілігрымаў, падкрэсліў, што, вандруючы да святых месцаў, яны наследуюць св. Стэфана, які вучыць, асабліва маладых людзей, сведчыць пра Хрыста сваім штодзённым жыццём. Сённяшні свет, як дадаў святар, патрабуе маладых, адважных, руплівых хрысціян, якія жывуць кожны дзень евангельскімі наказамі.
Неад’емная рыса аплатковых сустрэч на Божае Нараджэнне — спеў калядак. У гэтых песнях часта гучыць заклік вырушыць у шлях да нованароджанага ў Бэтлееме Сына Божага, Адкупіцеля чалавека, каб аддаць Яму паклон і прынесці свае дары.
Летам пілігрымы накіроўваюцца пешшу ў санктуарый, каб зведаць там асаблівую прысутнасць і дзеянне Бога. А зімою яны падобным жа чынам запрашаюцца пілігрымаваць да бэтлеемскіх ясляў, каб у Хрысце прызнаць свайго Пана і Караля. Гэтае духоўнае падарожжа да бэтлеемскага гроту адбываецца ў сэрцы кожнага вандроўніка і залежыць у вялікай ступені ад яго асабістых адносінаў і сувязі з Богам.
Як аднаму, так і другому такому пілігрымаванню спадарожнічае настрой духоўнай радасці, гатоўнасці ахвотна перанесці гэты шлях, бо напрыканцы яго будзе чакаць Езус, каб, як пяецца ў калядках, нас прыняць, выслухаць і благаславіць.
Калядная сустрэча, падчас якой адбылося дзяленне аплаткай і выказванне святочных пажаданняў, спрыяла духоўнай фармацыі ўдзельнікаў, як і самі пілігрымкі. Кожная з пілігрымак мае канкрэтную праграму, дэвіз, што дапамагае ўдзельнікам духоўна ўзрастаць і вызначае заданні на ўвесь год. Важна, каб духоўныя плёны пілігрымак памнажаліся і ўмацоўваліся.
У межах каляднай сустрэчы перад удзельнікамі выступіў моладзевы гурт «MAJ» з парафіі ў Квасоўцы, заахвоціўшы сваім спевам да забаваў і стварыўшы вясёлую і цёплую атмасферу.
Няхай жа да бэтлеемскага гроту, у якім нас чакае Дзіцятка Езус, прыйдзе не толькі кожны пілігрым, але і тыя, хто згубіўся на шляхах веры. Няхай таксама і яны сваім жыццём даюць сведчанне веры ў Хрыста!
Кс. Юрый Марціновіч
(AG)
|