12 студзеня ў Будславе адбылася працоўная сустрэча прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і Каталіцкага Касцёла ў справе падрыхтоўкі да Юбілейнага будслаўскага фэсту 2013, падчас якога будзе святкавацца 400-годдзе прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў. Сустрэчу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У сустрэчы ўдзельнічалі кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай а. Віктар Бурлака, старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура, намеснік Міністра культуры РБ Віктар Кураш, старшыня Мядзельскага райвыканкама Ілья Шацько, спецыялісты-рэстаўратары і будаўнікі.
Падчас сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч распавёў прысутным аб выкананых працах, якіх нямала, і аб найбольш важных з іх, якія неабходна завяршыць да юбілею. Таксама іерарх пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы з пастырскай праграмай падрыхтоўкі да юбілею і яго правядзення, пры гэтым падкрэсліўшы, што падрыхтоўка да юбілею галоўнага каталіцкага санктуарыя ў Беларусі адбываецца не толькі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але і ва ўсіх дыяцэзіях краіны.
Арцыпастыр таксама паведаміў аб плануемым выданні паштовай маркі, прысвечанай юбілею, аб перэгрынацыі копіі абраза Маці Божай Будслаўскай і рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус па парафіях Беларусі і аб шматлікіх выдавецкіх ініцыятывах, асабліва ў часопісах «Наша вера» і «Ave Maria». «Неабходна правесці юбілей на высокім узроўні, каб ён сапраўды меў як рэлігійнае, так і нацыянальна-грамадскае вымярэнне», — дадаў Мітрапаліт.
Затым былі разгледжаны канкрэтныя праблемы і прапановы спецыялістаў. Быў прыняты план адраджэння будслаўскай святыні і ўпарадкавання наваколля, а таксама пад’язных шляхоў да санктуарыя.
У размове з карэспандэнтам Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў удзячнасць кіраўніцтву Мінскай вобласці і асабіста старшыні Мінскага аблвыканкама Барысу Батуру за арганізацыю і ўдзел у сустрэчы і вельмі канкрэтны падыход да справы. Арцыбіскуп выказаў надзею, што прынятыя на сустрэчы пастанаўленні будуць спрыяць падрыхтоўцы і правядзенню юбілейнага фэсту на высокім узроўні.
(AG)
|