Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: малю Бога, каб візіт кардынала Тарана наблізіў прыбыццё Папы ў нашу краіну
Інтэрв'ю
15.04.2013 14:14
У трэці раз Беларусь будзе вітаць пасланніка Святога Айца. На гэты раз ім стане старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран. Нагодай візіту папскага легата з'яўляецца 400-годдзе прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў, якое будзе адзначацца 5–6 ліпеня.

— Ваша Эксцэленцыя, на фэст у Будслаў сёлета папа Францішак прызначыў свайго пасланніка. Ім стане кардынал Жан-Луі Таран. Што гэта, на Вашу думку, азначае для Касцёла ў Беларусі?

— Папскі легат з’яўляецца прадстаўніком самога Пантыфіка. Ужо гэта нагадвае пра значэнне дадзенай падзеі. Гэта таксама павага як да мясцовага Касцёла, так і да краіны. Прызначаючы кардынала Жана-Луі Тарана сваім легатам на будслаўскія ўрачыстасці, Папа хоча падкрэсліць значэнне юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў, ролю Каталіцкага Касцёла ў жыцці беларускага грамадства.

Сапраўды, у нашай геапалітычнай прасторы такія ўрачыстасці з’яўляюцца рэдкасцю. Толькі некалькі гадоў таму падобныя ўрачыстасці адбыліся ў нацыянальным літоўскім санктуарыі ў Шылуве, дзе папскім легатам быў арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер. Цяпер жа Папа нам прызначыў аднаго са сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў з Рымскай Курыі, старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, які таксама на працягу 13 гадоў выконваў функцыю, кажучы простай мовай, міністра замежных спраў Ватыкана.

— Гэта ўжо не першы папскі пасланнік, які прыбывае ў Беларусь…

— Так, сапраўды. У 1997 годзе рэкансэкрацыю мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў кардынал Эдмунд Шока, бацька якога, дарэчы, паходзіў з Гродзенскага раёна. Потым на святкаванне 300-годдзя мінскай архікатэдры папскім легатам быў прызначаны кардынал Юзаф Томка. І цяпер мы маем зноў новага пасланніка Папы, што яшчэ раз нагадвае пра значэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў межах сусветнага Касцёла. Тым больш для нас гэта гонар, што папскім пасланнікам стане кардынал-протадыякан, які 13 сакавіка гэтага года з балкона базылікі святога Пятра абвясціў пра абранне новага папы Францішка.

Беларускія вернікі сваімі цярпеннямі падчас ганенняў на Касцёл і сваім сведчаннем веры заслужылі візіт такога высокага прадстаўніка Ватыкана.

— Што азначае для Беларусі прызначэнне папскім легатам старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу і ў той жа час вядомага дыпламата?

— Далёка па-за межамі Беларусі вядома, што адносіны з рознымі веравызнаннямі ў нашай краіне адзначаюцца сваёй выключнасцю. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ казаў, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі — усходнім і заходнім хрысціянствам. Прыклад гэтага мы можам бачыць у нашай краіне, дзе адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі канструктыўныя і будуюцца на ўзаемапавазе і ўзаемадапамозе. Таксама адносіны з нехрысціянскімі веравызнаннямі добрыя. І на надыходзячы будслаўскі юбілей будуць запрошаны прадстаўнікі як хрысціянскіх, так і нехрысціянскіх веравызнанняў.

Мяркую, што візіт у нашу краіну вядомага іерарха і дыпламата дапаможа далейшаму развіццю адносін як паміж рознымі веравызнаннямі, так і паміж нашай Бацькаўшчынай і іншымі краінамі свету.

— Ці знаёмыя Вы асабіста з гэтым іерархам?

— З кардыналам Жанам-Луі Таранам я знаёмы з 1992 года, калі ён наведаў Маскву. Пасля гэтага было яшчэ некалькі візітаў, якія адбываліся ў межах развіцця адносін паміж Ватыканам і Расійскай Федэрацыяй, а таксама паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Падчас маіх візітаў у Рым ён вельмі часта запрашаў мяне на асабістыя сустрэчы. Жыва цікавіўся сітуацыяй Касцёла, радаваўся дасягненням, дзяліў цяжкасці і падбадзёрваў. Ніколі не забуду, калі падчас адной з сустрэч у Ватыкане я падарыў яму першы расійскі літургічны каляндар. Ён быў вельмі малы, але іерарх сказаў: «Малы, але вельмі важны па сваім значэнні».

Развіццё і дасягненні Касцёла на Усходзе непасрэдна звязаны з яго мудрай і дыпламатычнай дзейнасцю. Прыязджаючы ў Маскву, ён выяўляў сябе не толькі як дыпламат, але і як пастыр, які заўсёды цэлебраваў Эўхарыстыю для вернікаў і сустракаўся з імі.

Можа, вядома ўжо праграма прабывання кардынала Тарана ў Беларусі? Ці плануюцца сустрэчы іерарха з дзяржаўнымі ўладамі і прадстаўнікамі іншых веравызнанняў?

— Пакуль што з праграмы вядома толькі тое, што кардынал узначаліць галоўную святую Імшу ў Будславе — 6 ліпеня ў 11 гадзін. Напэўна, у найбліжэйшы час праграма будзе падрыхтавана. Спадзяюся, што будуць сустрэчы з прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы і дзяржаўнай улады, якія спрыялі б развіццю міжхрысціянскіх адносін, адносін Беларусі з Апостальскім Пасадам і адносін Касцёла ў Беларусі з дзяржавай.

Малю Бога, каб гэты візіт наблізіў прыбыццё Папы ў нашу краіну.

Размаўляла Валянціна Грамыка

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме