Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыялог у трох актах: беларускі рэжысёр — пра тэатр і веру ў Бога
Інтэрв'ю
27.03.2017 14:44

Як ставяцца да веры ў Бога акцёры і ці шмат сярод іх практыкуючых вернікаў? На гэтыя і іншыя тэмы з нагоды Міжнароднага дня тэатру, які 27 сакавіка адзначаюць ва ўсіх тэатрах свету, для Catholic.by разважае рэжысёр Зміцер Бейнарт-Саладуха — практыкуючы католік.в

Дзеючыя асобы:

  • Зміцер — беларускі рэжысёр, 54 гады. Жанаты, бацька дваіх дзяцей. У творчым багажы — праца ў Купалаўскім тэатры і моладзевым тэатры ў Гомелі.
  • Журналіст — мужчына гадоў 30-ці з нататнікам і алоўкам.


Пралог. У рэдакцыі гучаць пазыўныя праграмы «Радыёфакт» Беларускага радыё. Паступова іх заглушаюць гукі чайніка, які ўсім сваім нутром сігналізуе аб тым, што кіпень гатовы.

За сталом сядзяць двое. Чутна, як лыжка стукае па сценках кубка. Зміцер робіць глыток гарбаты і на хвіліну ўслухоўваецца ў цішыню. У пакоі чуваць, як ціха і мерна пастуквае гадзіннікавая стрэлка на сцяне. Праз імгненне Зміцер пачынае аповед.

Чаму ідуць у рэжысёры?

Завязка.
У ёй Зміцер расказвае журналісту аб прафесійным выбары і ваганнях паміж адукацыяй акцёра і рэжысёра.



— Гісторыя майго прыходу ў прафесію нетыповая. Калі мне было 11 гадоў, разам з аднакласніцай я трапіў на пробы ў «Беларусьфільм». Мяне заўважылі. Пасля раскрыліся мае здольнасці да сцэнічнай мовы і яшчэ дзіцём я агучваў і дубляваў фільмы. Доўжылася гэта да 9 класа.

Тады я марыў аб прафесіі акцёра. Але, як часта бывае ў маладым узросце, бачыліся толькі прывабныя праявы гэтай прафесіі. Быць акцёрам — гэта цяжкая праца і нярэдка скалечаная біяграфія...

У выпускным класе я пачаў разважаць: Вось скончу школу, паступлю на акцёрскае — мама кажа, што здольнасцей у мяне няма, але чамусьці ў кіно мяне ўжо здымалі — дык што ж рабіць?

Акцёрскі свет вабіў мяне, я не хацеў збочваць, я вырашыў, што стану рэжысёрам. Але пасля выпуску мне будзе 20-21 год. Ці хтосьці са сталых акцёраў, з якімі я працаваў яшчэ дзіцём, стане прыслухоўвацца да такога юнага рэжысёра?

Ужо тады я разумеў, што спачатку трэба паднабрацца жыццёвага досведу. Я адклаў рэжысуру і паступіў у палітэхнічны інстытут. Некалькі гадоў працаваў па спецыяльнасці, а пасля пайшоў рэалізоўваць сваю мару. Тады мне было 25.

Тэатр пачынаецца з забабонаў?

Акт першы.
У ім Зміцер робіць экскурс у асновы акцёрскага майстэрства, расказвае пра найбольш распаўсюджаныя забабоны артыстаў і малюе вобраз ідэальнага акцёра.  

Журналіст:
— Ці часта Вы сутыкаецеся з акцёрамі, якія вераць у Бога і не хаваюць гэтага?

Зміцер:
— Шчырыя і сумленныя акцёры разумеюць, што пляцоўка іхняй працы —  гэта чалавечы дух, таму зацятых атэістаў у тэатрах я не сустракаў.

Тэатр — гэта месца, дзе рэалізуецца пэўная духоўная практыка. Калі акцёр выходзіць на сцэну, ён працуе з душамі гледачоў і іх эмоцыямі. А эмоцыі ў сваю чаргу ўплываюць на ўнутраны стан чалавека.
Добры акцёр адчувае прысутнасць ірацыянальнага чуллівага свету, увесь час імкнецца патлумачыць яго і крышталізаваць. Калі б уся трупа верыла ў Бога, усе б разумелі, адкуль крыніца гэтых звышадчуванняў і дзе тая мяжа, за якой пачынаецца свет ірацыянальнага.



Але, не будучы вернікамі, акцёры тлумачаць гэта кожны на свой капыл. У гэтай сувязі часта з’яўляюцца забабоны. Напрыклад, лічыцца, што падчас тэатральнага працэсу нельга есці семкі. Калі ж у акцёра ўпаў друкаваны тэкст яго ролі, то на гэты ліст абавязкова трэба сесці (усміхаецца — заўв. Аўт.).

Не ва ўсіх тэатрах забабоны аднолькавыя, найбольш гэта распаўсюджана ў рэпертуарных тэатрах.

Ёсць артысты, якія перад выхадам на сцэну моляцца і жагнаюцца. Я таксама перад прэм’ерай малюся і благаслаўляю акцёраў (усміхаецца — заўв. Аўт.). Нават калі не ўсе акцёры гэта разумеюць, яны ведаюць, што гэта на дабро.

Журналіст
:
— Вы згадалі, што акцёры працуюць з душамі людзей. А гэтаму можна навучыцца, калі такіх задаткаў у чалавека яшчэ няма?

Зміцер:
— Тэарэтычна — так, гэта будзе толькі рамяство, але яно не стане мастацтвам. Рамесныя навыкі можна прывіць нават зусім няздольнаму акцёру. Гэта будзе непераканаўча, брыдка, але навыкі будуць. Чалавек будзе ўсведамляць, што і для чаго ён робіць на сцэне.

Акцёрская прафесія прадугледжвае развіццё здольнасцей, якімі, вылучыўшы сярод іншых, чалавека адарыў Пан Бог. Асабіста я бачу тут Бога, хтосьці іншы — лёс, гены, збег абставін і г.д.



Развіваць здольнасці будучых акцёраў павінны педагогі — сапраўдныя асобы. Але сёння, на жаль, я канстатую «дэвальвацыю» такіх кадраў. У лепшым выпадку «педагог» становіцца «выкладчыкам».

Выкладчыкі далёка не заўсёды з’яўляюцца асобамі, часта ім няма чаго перадаць акрамя рамесных навыкаў. Яны не выхоўваюць у студэнтах асобу. Раней, калі вучыўся я, мяне выхоўвалі як асобу лепшыя педагогі.

Журналіст
:
— Бачачы людзей на сцэне, ці можаце Вы вызначыць, маюць яны акцёрскую адукацыю ці не?

Зміцер:
— Безумоўна. Апроч акцёрскага таленту, які складана разабраць па паліцах, ёсць пэўныя ўменні, якія вызначаюць, наколькі чалавек апрацаваны прафесіяй.

Асабліва ў вочы кідаецца прафесійная культура акцёра — найперш яго мова. Ёсць культура маўлення, якой вучаць. Гэта не толькі арфаэпія ці акцэнталогія. Існуюць стандарты, праз якія бачна, як вымаўляе словы акцёр — ведае ён моўныя нюансы ці не.

Не менш важна і тое, як чалавек пачуваецца ў прасторы. Калі акцёр свабодны, узнікае адчуванне, што ён прыгожы. Ён жыве на сцэне, на яго прыемна глядзець, нават калі кананічна яго рысы твару могуць быць несіметрычныя.

Быць свабодным на сцэне азначае быць пазбаўленым рознага кшталту заціскаў: мускульных, псіхалагічных, псіхічных. Гэта дасягаецца чатырма-пяццю гадамі трэніровак, магчымасцю спалучаць усе працэсы, якія ў табе віруюць; бачыць перспектыву свайго дзеяння і разумець, што ты робіш. Як правіла, гэтаму вучаць у тэатральных вучэльнях.

Заціснуты чалавек заўсёды аднолькавы. Здараецца, што заціскі могуць быць цікавымі, як у Луі дэ Фінеса. Але дыяпазон яго выразнасці абмежаваны. Гэта не ўніверсальны акцёр, ён — акцёр калідора, адной ролі.

Усе згаданыя вышэй нюансы вельмі заўважныя.



Журналіст:
— (абрываючы) ...ідэальны акцёр — універсальны?

Зміцер:
— Безумоўна.

Журналіст:
— А нежаданне акцёра распранацца на сцэне — гэта заціск?

Зміцер:
— Калі гэта сарамлівасць, то хутчэй за ўсё проста заціск. Калі ж пазіцыя — то не.

Журналіст
:
— А як гэта даносіцца ў Акадэміі мастацтваў? На выхадзе акцёр павінен быць гатовы зрабіць на сцэне ўсё, што ад яго запатрабуюць?

Зміцер
:
— Усім рэжысёрам хочацца бязмежнага акцёра, які зробіць усё, што ты скажаш. Але выкананне заданняў на сцэне не заўсёды будзе сведчыць аб раскрыцці акцёрскага патэнцыялу.

Большасць рэжысёраў хочуць бачыць яшчэ і асобу, аднадумцу, роўнага сабе.

Калі акцёр яшчэ не выспеў як асоба, павінен быць чалавек, якому акцёр зможа даверыцца. Напрыклад, свайму педагогу. Гэта працэс адукацыі і выхавання, які мае акрэслены тэрмін. Пасля прыйдзе час, калі ён сам нясе за сябе адказнасць.

Акцёр мусіць пражываць ролю, а не выконваць яе. Вельмі важна мадэляваць перажыванне, быццам усё здараецца ўпершыню. Гэта няпроста і патрабуе часу.

Як пачынаў сваё развіццё ў Беларусі касцёльны тэатр?

Акт другі.
У ім Зміцер дзеліцца гісторыяй свайго прыходу да веры. Расказвае пра ролю ў сваім жыцці кс. Славаміра Ляскоўскага з Гомеля, а таксама прыгадвае станаўленне касцёльнага тэатра. На прыкладзе сваёй дачкі Зміцер разважае пра важнасць выхавання дзяцей ў духу веры.

Зміцер:
— Да веры я прыйшоў ўжо сфармаваным чалавекам. Калі я ахрысціўся, мне было ўжо за 30. Сваёй духоўнай апорай я свядома абраў менавіта каталіцтва.



Я вырас у атэістычнай сям’і. Не было ані наводак, ані экспансій, ані традыцый — нічога. Гэта была асабістая гісторыя. Ужо потым, калі я ўсвядоміў свой хрысціянскі шлях, я зразумеў, што калісьці Бог узяў мяне за руку і павёў.

Часткова гэта гісторыя завязаная з Гомелем, дзе я ў свой час працаваў галоўным рэжысёрам Моладзевага тэатра. У Гомелі я пазнаёміўся з пробашчам новага касцёла кс. Славамірам Ляскоўскім. Тады я якраз рыхтаваўся да хросту і наведваў заняткі ў мінскім Чырвоным касцёле, даязджаючы на катэхезу.

Ксёндз Славамір зрабіў у той час нашмат больш, чым тыя заняткі. Ён мной зацікавіўся. Не ведаю, чаму. Але яго цікаўнасць і размовы з ім далі мне выразны імпульс, што мой выбар мае ўсе падставы быць і не трэба ніякіх сумніваў.

З ксяндзом Славамірам у нас пачаліся цэлыя сесіі сустрэч — мы гутарылі і маглі па гадзіне, па дзве наразаць кругі па перыметру касцёла. Ён уводзіў мяне ў гэты каталіцкі кантэкст. З таго часу ў нас моцнае сяброўства: ён для мяне галоўны духоўнік — пастыр, да якога ў самыя складаныя перыяды жыцця я прыязджаю за духоўнай парадай.

Журналіст:
— Сёння ў секулярным грамадстве нярэдкай з’яўляецца думка, што рэлігійная традыцыя не патрэбная: маўляў, дзіця вырасце і само зробіць выбар. Што сказалі б на гэта Вы, улічваючы ўласны вопыт?

Зміцер:
— Калі б я гадаваўся ў гэтай традыцыі з маленства, мне не давялося б шмат чаго асэнсоўваць упершыню — гэта закладалася б, як нешта дадзенае. Але разам з тым я быў бы нашмат больш фармальным.

З іншага боку, ёсць прыклад маёй дачушкі. З маёй другой жонкай мы пабраліся шлюбам у касцёле. Рыхтуючыся да сакрамэнту шлюбу, мы шмат разважалі. І наша дзяўчынка, якую я прыняў як родную, паралельна атрымлівала нейкія рэшткі інфармацыі аб тым, пра што мы з яе матуляй разважаем.

Потым, калі я вярнуўся ў Мінск і забраў з сабой сям’ю, мы пачалі хадзіць у парафію на Залатой Горцы. Там вельмі добра была пастаўлена праца з дзецьмі і моладдзю.

І зараз мы проста шчаслівыя, што ў нас такое дзіцё. Сёння ўжо яна дапамагае нам выстойваць у нашай веры. Гэта неверагодна светлы і моцны ў маралі чалавек, які стойка праходзіць жыццёвыя выпрабаванні.

Паміж намі няма ніякіх бар’ераў, як часта бывае. Гэта давер, які збудаваўся праз Касцёл. І мы разумеем, што гэта не наша заслуга, гэта Пан Бог.

Журналіст
:
— А што гэта за гісторыя пра касцёльны тэатр, да якой ваша сям’я мае дачыненне?

Зміцер:
— У нашым з жонкай жыцці касцёльны тэатр з’явіўся дзякуючы айцу Славаміру, які хацеў прынесці ў парафіі заходнюю традыцыю касцёльнага тэатра, знаёмую яму ў Польшчы. Мы пра гэта тады нічога не ведалі.

Усё пачалося з аднаго прадстаўлення на Божае Нараджэнне. Мы рабілі гэта ўпершыню і тады яшчэ зусім не разумелі, дзе можам выйсці за каноны, а дзе не. Калі ж прыехалі ў Мінск, с. Анатоля — настаяцелька кляштара, высветліўшы, што мая жонка актрыса, а я — рэжысёр, запалала шчасцем — яе марай было стварэнне ў залатагорскай парафіі тэатру.

Разам з ёй мы пачалі распрацоўваць ідэі, абапіраючыся на заняткі з моладдзю, якія яна вяла, і арганізавалі першыя спробы тэатру. Мы рэгулярна сустракаліся, праводзячы заняткі па прафесійных дысцыплінах, і ладзілі тэатральныя пастаноўкі да розных касцёльных святаў.



Сястра генеравала ідэі, а мы глядзелі, як гэта ўвасобіць у жыццё. Сёння прынамсі раз на год робім вялікую пастаноўку — інсцэніраваны Крыжовы шлях на Залатой Горцы. Сёлета мы зменім форму — будзе нешта новае.



Сёння з жонкай мы займаемся тэатрам спарадычна. Наша стаўленне да тэатра вельмі шчырае і пяшчотнае, але мы не маглі кампраміснічаць, таму пасля крызісу ў пачатку 2000-х мы сышлі з тэатра, як месца працы. Касцёльны ж тэатр застаецца для нас своеасаблівай аддушынай.

Катарсіс гледача vs катарсіс артыста

Акт трэці.
У ім Зміцер прыгадвае свой вопыт працы з акцёрамі, расказвае пра адчуванні рэжысёра падчас прэм’еры і разважае пра катарсіс публікі пасля спектакля.

Журналіст:
— Як часта як рэжысёр Вы сутыкаецеся з непаразуменнем акцёраў?

Зміцер:
— Такое здараецца. Упрэцца акцёр і ўсё — пачынаеш высвятляць, у чым прычына. Былі выпадкі, калі супраціўлялася іх унутраная прырода, а я не ў стане быў растлумачыць, чаму я хачу ад іх менавіта такога дзеяння.

І толькі пасля прэм’еры акцёры пачыналі разумець, што і да чаго.

Я лічу, гэта справядліва, калі ёсць толькі адзін чалавек, які адказвае за ўсё. Ён прыдумаў, ён убачыў, ён можа не ўмець тлумачыць словамі, але ён у стане пабудаваць гэта праз акцёра.

Акцёр і рэжысёр — розныя спосабы бачання жыцця. У тэатры акцёр не павінен думаць, як ён выглядае збоку. Калі акцёр пачынае праяўляць сваю рэжысуру, ён павінен мець на гэта здольнасці. Калі ўсё на ўзроўні амбіцый — гэта непрафесійна. Тут трэба або «ламаць» акцёра, або мяняць яго.

Журналіст:
— Якія ў Вас адчуванні на прэм’еры Вашага спектакля? Якое месца звычайна займаеце: у партэры, на балконе, за калонай?

Зміцер:
— Убачыць поўнае спалучэнне ўсіх складнікаў тэатральнага працэсу ўпершыню: акцёраў, гук, святло, музыку, гледача — неверагоднае пачуццё! Гледачы, вядома, тут галоўныя. Па іх рэакцыі можна зразумець, атрымаўся спектакль ці не.



Адзін з нядаўніх маіх спектакляў я ставіў разам з сябрам Паўлам Южаковым-Харланчуком. Ён увесь час быў з артыстамі за кулісамі, а я — у зале побач з гукарэжысёрам. Мне там было спакайней. Часам выходзіў з залы, каб проста выдыхнуць. Быць рэжысёрам на прэм’еры свайго спектакля — вялікі стрэс.

Ці хочацца мне штосьці змяніць, калі гляджу спектакль? Не. Звычайна я раблю гэта загадзя. Рэжысура — тая прафесія, дзе абавязкова ёсць элемент прагноза.

Журналіст:
— Пасля спектакля глядач напоўнены і хоча атрымаць зваротную сувязь ад акцёраў. Мяркую, акцёры таксама ў гэтым зацікаўлены. Але кожны ідзе сваёй дарогай....

Зміцер:
— Усё залежыць ад прыроды тэатра. У інтэрактыўных тэатрах такая магчымасць абмену існуе. Класічны варыянт прадугледжвае, што катарсіс павінен адбывацца непублічна.

У акцёра катарсіс свой: пасля спектакля ён шчасліва спустошаны і не гатовы да камунікацыі. А гледачу даецца ўнікальны шанс не змазаць эмоцыю, якую ён атрымаў. Яму патрэбен час, каб зрабіць праекцыю пабачанага на сваё жыццё. Таму справядліва, што ёсць гэты вакуум.

З аднаго боку жаданне зваротнай сувязі зразумелае, з іншага боку — гэта непажадана, бо ўнутранага катарсісу не адбудзецца. Некаторыя тэатры, праўда, ладзяць вечарыны з абмеркаваннем пастановак.

Але не трэба забывацца пра класічныя формы зваротнай сувязі — кветкі, апладысменты, запісы ў кнігу падзякаў.

«Вера — гэта атмасфера майго жыцця»

Развязка.
У ёй Зміцер разважае пра небяспеку задавальнення сабой у рэжысёраў і падводзіць вынік таго, што значыць для яго вера ў Бога.

Журналіст:
— Не магу не спытаць пра момант задавальнення сабой у рэжысёраў. Ці здараецца такое ў Вас?

Зміцер:
— З гэтым трэба змагацца. З пэўнага часу мне прасцей: я дзякую Богу, што здольны займацца тым, чым займаюся. Калі бачу, што ў мяне штосьці атрымалася, то разумею, што гэта не мая асоба такая таленавітая, а падтрымка Бога.

Але гэта мая асабістая гісторыя. Ёсць людзі, якія спакойна перажываюць поспех як асабісты подзвіг. Але пыха — гэта базіс, на якім нічога добрага не вырасце.

Вера для мяне — гэта атмасфера майго жыцця, якой я дыхаю. Часта я раблю гэта, не асэнсоўваючы. І калі б ёй не дыхаў, то не жыў бы.

Заслона.
Гутарыў Ілья Лапато,
фота Catholic.by і з прыватнага архіва героя

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.