Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Псіхолаг Ірына Шмак: «Варта бацькам памятаць пра сваіх ненароджаных дзяцей»
Інтэрв'ю
16.05.2017 17:07

Размова з практыкуючым псіхолагам Ірынай Шмак, якая з’яўляецца кіраўніком сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малыш» SOS Дзiцячай вескi Бараўляны, прысвечана пытанню, якое ў грамадстве старанна абыходзяць, — страта дзіцяці да яго нараджэння.

Біяграфія

Ірына Шмак скончыла ўніверсітэт кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Інстытут даследаванняў па сям’і) са ступенню магiстра навук аб сям’і, Акадэмію паслядыпломнай адукацыі ў Мінску (практычны псіхолаг); PIFE (Еўрапейскі інстытут псіхадрамы).

З 2001 па 2013 год была дарадчыцай сямейнага жыцця Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, членам Рады па справах сям’і пры ККББ, выкладала хрысцiянскую педагогiку ў Мінскім тэалагічным каледжы iмя св. Яна Хрысціцеля і ў «Школе сямейнага жыцця» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; працавала псіхолагам гарачай лініі для пацярпелых ад дамашняга насілля. З 2013 года — кіраўнік сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малыш» SOS Дзiцячай вескi Бараўляны, практыкуючы псіхолаг (псіхадрама, сямейнае кансультаванне і г.д.), дзеючы член і, практык Еўрапейскага інстытута псіхадрамы.

Выпадкі страты дзіцяці сталі не такімі частымі, але больш гучнымі

— 20-30 гадоў таму такіх выпадкаў было значна больш. Было і невыношванне на ранніх тэрмінах, і нараджэнне мёртвых дзяцей, таксама пасля нараджэння дзеці паміралі часцей. Кожны, хто ведае гісторыю сваёй сям’і, ведае і пра такія выпадкі. Сёння гэтыя выпадкі не такія частыя, але, магчыма, яны сталі больш гучнымі.

Страта дзіцяці заўсёды звязана з болем. Бацькі чакаюць, рыхтуюцца, мама звязана з дзіцём унутрывантробна і на псіхалагічным узроўні, магчыма, бацькі ўжо далі імя свайму дзіцятку. Але раптам адбываецца працэс, на які яны паўплываць не могуць. Адбываецца штосьці, што вядзе да гібелі дзіцяці. А псіхіка працуе такім чынам, што мы часта не гатовыя прыняць факт страты. І каб было не так балюча, чалавек пачынае шукаць вінаватых. Часцей за ўсё для бацькоў вінаватымі становяцца ўрачы. Гэта натуральныя паводзіны псіхікі, бо яна шукае шляхі, як аслабіць гэты боль: мы не ў стане былі паўплываць або пракантраляваць...

Касцёл жа заклікае такіх бацькоў разважаць над тым, як гэты боль аддаць Богу

— Вельмі важна ў выпадку страты дзіцяці стаць у праўдзе перад сабою: перад сваім сумленнем, перад сваім целам, усвядоміць сваю бездапаможнасць. Боль страты самай бездапаможнай чалавечай істоты, магчыма, вельмі доўгачаканага дзіцятка, — гэта вельмі глыбокі боль. Гэты боль штурхае чалавека на дзіўныя пошукі вінаватага. Гэта натуральны закон гаравання. І дапамагчы перарваць гэтае замкнёнае кола могуць блізкія людзі, якія ў праўдзе глядзяць на сітуацыю і разумеюць, што ёсць рэчы непадуладныя людзям, і ўрачы — гэта не богі. Тут і гены могуць быць не прычым, і бацькі не вінаватыя... У гэтай сітуацыі важна сказаць сабе: ува мне ёсць гэты боль, і магчыма, мне не хочацца яго перажываць, але ён ёсць. Або жанчына робіць выгляд, што ўсё добра, а трэба дазволіць сабе перажыць жалобу i боль.

Няплодная Ганна моліцца ў святыні, просячы аб патомстве

Грамадства не дазваляе аплакваць дзіцятка, якое не нарадзілася

— Нездарма існуе традыцыя жалобы — на працягу года чалавек аплаквае свайго блізкага, смуткуе па ім. Гэтае гараванне грамадства разумее. Але чамусьці яно не дазваляе чалавеку гараваць па дзіцятку, якое памерла яшчэ да нараджэння. Калі блізкія не дазваляюць перажыць гэтае гора, калі называюць гэта глупствам — будуць жа яшчэ дзеці! — то працэс гаравання становіцца няслушным: я смуткую, а мне не дазваляюць, значыць я буду шукаць іншы шлях гаравання — пошук вінаватых, замыканне ў сабе, алкагалізм. А боль так і застаецца ўнутры.

З маёй практыкі я бачу, што жанчыны не дазваляюць сабе размаўляць пра гэта нават з Богам...

Для Бога кожны чалавек каштоўны. Ужо ў момант зачацця, у момант з’яднання палавых клетак мужчыны і жанчыны чалавек мае падабенства да Бога. Сучаснае грамадства можа бясконца адмаўляць важнасць гэтай падзеі. Аднак у вачах Бога гэта чалавек, які ўжо пакліканы да жыцця. Магчыма, да такога кароткага жыцця.

Дзе прабываюць дзеці, якія памерлі ва ўлонні маці?

— Найперш трэба сказаць, што называць дзіця «страчаным» не зусім карэктна. Яно не перастала існаваць. Яно працягвае жыць у вечнасці. Таму неданошаныя дзеці — гэта таксама асобы. У працэсе пераходу да вечнасці дзіця вызваляецца ад зямных абмежаванняў, звязаных з целам і з ранняй фазай развіцця, але яно ўжо мае свядомасць.

Хрысціянства выключае калектыўную адказнасць. Асабістую віну за першародны грэх маюць толькі першыя людзі. Канешне, дзіця нараджаецца з наступствам першароднага граху, аднак яно не мае ніводнага асабістага граху. Хрост патрэбны дзецям для святога жыцця на зямлі, але (у кантэксце нашай тэмы) гэты сакрамэнт — не адзіны магчымы шлях для збаўлення і для жыцця ў супольнасці святых.

Варта адзначыць, што да нядаўняга часу ў тэалогіі пераважала перакананне, што неахрышчаныя дзеці трапляюць у limbus puerorum (дзіцячая адхлань). Пад ім разумелі стан натуральнага шчасця, але без магчымасці сузіраць Бога тварам у твар. У 2007 годзе са згоды папы Бэнэдыкта XVI быў апублікаваны дакумент Міжнароднай Тэалагічнай Камісіі (працуе пры Кангрэгацыі Веравучэння) пад назвай «Надзея збаўлення для дзяцей, якія паміраюць без хросту», дзе быў прадстаўлены шэраг меркаванняў на гэтую тэму і зроблена выснова аб надзеі на збаўленне неахрышчаных дзяцей.


Другі Ватыканскі Сабор кажа, што збаўленчая ласка Хрыста ахоплівае ўсіх, таксама і тых, хто (не па сваёй віне!) не ведае Евангелля Хрыстовага і Яго Касцёла, але стараецца жыць добрасумленна. Тым больш гэта датычыць нявіннага дзіцяці.

«Паколькі Хрыстус памёр дзеля збаўлення ўсіх, могуць быць збаўленыя нават без хросту тыя, хто памірае за веру (хрост крывёю), і катэхумэны, а таксама ўсе, хто пад дзеяннем ласкі, не ведаючы Хрыста і Касцёла, шчыра шукае Бога і імкнецца выконваць Ягоную волю (хрост жадання). Што датычыць дзяцей, якія памерлі без хросту, Касцёл у сваёй літургіі даручае іх Божай міласэрнасці» (Ці магчыма збаўленне без хросту? Кампендый ККК 1258–1261, 1281–1283 — Рэд.).

Ці трэба маліцца за такіх дзяцей?

— Малітва ніколі не зашкодзіць. Малітва найперш дае палёгку самім бацькам і дапамагае ім прыняць факт страты.

Варта бацькам памятаць пра сваіх ненароджаных дзяцей. Калі вядомы пол дзіцяці, даць яму імя. Гэтае дзіця ўжо было дадзена Богам, і яно ёсць у гісторыі сям’і. Калі бацькі змогуць сказаць іншым сваім дзецям, што ў іх мог нарадзіцца брат ці сястрычка, гэта будзе вельмі добра.

Важна ведаць таксама, што можна запрошваць парэшткі дзіцяці для пахавання. Гэта дазваляе і заканадаўства РБ. Калі дзіця памерла ў перыяд з 22 тыдняў цяжарнасці, то па заяве бацькоў цела дзіцяці могуць выдаць для пахавання.

Асаблівасці формы пахавання вызначаюцца душпастырамі, якія працуюць пры парафіі. Калі па нейкіх прычынах пахаванне дзіцяці немагчыма, то варта на сямейных могілках або побач з магілай кагосьці з родных змясціць таблічку з імем дзіцяці і датай яго адыходу да Бога.

Вялікай падтрымкай будзе частая супольная малітва родных і сяброў за маці памерлага дзіцяці, а таксама святая Імша ў інтэнцыі ўсёй сям’і.

Як перажываюць страту дзетак да іх нараджэння жанчыны, а як мужчыны?

— Перажыванні розныя. І акурат таму вялікае значэнне мае рэакцыя блізкіх. Нельга рабіць выгляд, што нічога не адбылося. Для жанчыны досвед цяжарнасці, якая абарвалася, пакідае глыбокі боль, смутак і фізіялагічны след. Яе цела ўжо перажывала. Калі псіхіка можа адмаўляць гэты факт, памяць у яе целе, на фізічным узроўні ўсё роўна застанецца. У тым ліку гарманальны фон, які змяняецца падчас цяжарнасці, уплывае на псіхіку жанчыны, ён змяняе яе, і гэта пакідае свой след. Падтрымка мужа вельмі важная. Гэта такая кропка, у якой можа адбыцца надрыў адносін паміж сужонкамі, калі не будзе разумення і падтрымкі.

Мужчыны не разумеюць да канца жанчыну, бо яны не перажывалі нічога падобнага ў сваім целе. Бацькоўства ў іх нараджаецца ў момант судакранання з дзіцяткам. Безумоўна, муж разам з жонкаю чакае нараджэння дзіцяці, суперажывае, але татам сябе лічыць ужо па факце.

Адначасова трэба адзначыць, што мужчыны не менш адчувальныя да страты свайго дзіцяці і да бацькоўства, якое не адбылося. Яны могуць вельмі глыбока хаваць свой смутак і могуць нават ніколі не ўзгадаць пра той боль, які ўкрыты ў глыбінях сэрца... і назапашваць адзін боль за другім, бо «мужчыны не плачуць». Невядома, колькі болю назбірае сэрца мужчыны, аж пакуль з ім не здарыцца інфаркт...

 

Страта, якая не праходзіць бясследна

— Калі ёсць падтрымка ў сям’і, калі працэс гаравання прайшоў, то рана на сэрцы маці загойваецца, хоць шрам ад гэтых балесных падзей застаецца назаўсёды. Калі ж не было дазволу на гэтае гараванне — як унутранага, калі жанчына сама сабе не дазволіла, так і знешняга, калі блізкія не дазволілі, не паглядзелі на яе з разуменнем, не падтрымалі, альбо жанчына не атрымала належнай падтрымкі ад святара на споведзі, — тады працэс гаравання набывае паталагічную форму. Смутак і боль, не маючы выйсця праз слёзы і перажыванне трагедыі, ператвараюцца ў азлобленасць, у схаваную агрэсію незразумелага паходжання.

Гэта як і ў постабортным сіндроме: жанчына пачынае хваравіта рэагаваць на дзяцей, на цяжарных маці, пачынае адмаўляць мужу ў інтымнай блізкасці, бо ён крыніца яе болю, альбо пачынае судовыя працэсы з урачамі, альбо нават узнікае агрэсія ў адрас Бога: гэта Ён дазволіў, каб так сталася, — пачынаецца бязвер’е.

І калі гэты паталагічны працэс працягваецца, то гэта будзе адбівацца на целе, выражацца ў нейкіх псіха-саматычных праяўленнях, хваробах. І калі ізноў на гэта не звяртаць увагі, бо цела ўсклікае да збалелай душы, то могуць запускацца незваротныя механізмы. Многія сучасныя вучоныя звязваюць анкалогію з неперажытай злосцю і затоеным гневам. Можна казаць, што гэта толькі здагадкі вучоных, але нельга адмаўляць той факт, што неперажыты смутак вядзе да сумных наступстваў. Варта паглыбляць у грамадстве і сярод сужонкаў разуменне таго, што механізмы правільнага гаравання з’яўляюцца своеасаблівай прафілактыкай наступстваў на фізічным узроўні.

Наступная цяжарнасць

— Напачатку трэба шчыра сабе адказаць: навошта мне наступная цяжарнасць? І тут важна, каб падсвядома наступная цяжарнасць не ўспрымалася як замяшчэнне папярэдняй, як доказ грамадству, што мы здаровыя і можам нарадзіць дзіця. Тое дзіця, якое памерла, ужо ёсць у гісторыі сям’і. А наступнае дзіця будзе цалкам іншым чалавекам, яно павінна прыйсці як адзіна чаканае, а для такога прыняцця неабходна прыняць факт існавання ў сям’і дзіцяці, якое не нарадзілася. Яно ёсць. Ёсць у гісторыі сям’і, у гісторыі роду. Яно ёсць недзе ў нябеснай краіне, побач з Богам.

Неўратычнае жаданне спрабаваць зноў і зноў, каб нарадзіць і даказаць усім, што ў нас усё добра, вядзе да бясконцага цыклу спробаў. Гэтая тунельная свядомасць не дазваляе сужонкам жыць тут і цяпер. Бог не дзейнічае ў мінулым ці будучым — Ён побач з намі менавіта ў гэты момант. І калі такіх бацькоў спытаць, што яшчэ — акрамя жадання мець дзяцей — адбываецца ў іх жыцці, яны не змогуць адказаць, бо ў іх усё звязана з падрыхтоўкай да цяжарнасці і яе чаканнем. У сваёй працы я часта сустракаюся менавіта з неўратычна зараджанымі людзьмі.

Напружанне — сур’ёзная перашкода

— Напружанне перашкаджае зачаццю. І тут я хачу падзяліцца іншым цікавым момантам. Наш сацыяльны цэнтр «Шчаслівы малыш» наведваюць таксама бацькі-ўсынавіцелі, якія ўзялі дзетак пасля дыягназу абсалютнай няплоднасці — гэта значыць з боку мужчыны і жанчыны. Спачатку яны рыхтуюцца да ўсынаўлення, потым усынаўляюць. І ў той момант, калі яны адпускаюць тэму нараджэння ўласнага дзіцяці, пачынаюць любіць гэтае дзіця, прызвычайваюцца да яго, аказваецца, што жанчына зацяжарвае.

У нас за тры гады нашай працы ёсць пяць такіх выпадкаў — і гэта пры абсалютнай бясплоднасці! У той момант, калі ўвага цела і ўсё жыццё пераключаецца на іншыя мэты, арганізм, можна сказаць, адпускае сябе. І гэта, напэўна, добры прыклад таго, што арганізм вельмі чуйна рэагуе на нашую псіхіку. Цела патрабуе пашаны, таму што з’яўляецца святыняй, якая носіць душу. А многія маладыя будучыя бацькі здзяйсняюць свайго роду насілле над целам дзеля паспяховага нараджэння дзіцяці. Заўважце: нараджэння, а не прыняцця дзіцяці і перажывання містычнага з’яднання, бо ў момант зараджэння жыцця бацькі становяцца ўдзельнікамі вялікай справы стварэння — у гэты момант з імі Бог.

Стварэнне чалавека — гэта вялікая таямніца. І калі людзі момант сатварэння чалавека бяруць на сябе, спрабуюць ім кіраваць, увесь час і бясконца паўтараючы спробы, яны не бачаць, дзе ва ўсім гэтым Бог. А калі яны ўсё гэта адпускаюць — адбываюцца цуды.

«Калі ты ўжо?!!» Пра такт

— Па афіцыйнай статыстыцы, кожная чацвёртая маладая пара ў Беларусі — бясплодная. Прычым няплоднасць абсалютная. У нас, у Беларусі, як нідзе ў свеце, 50 працэнтаў жаночай няплоднасці, 50 працэнтаў — мужчынскай. Магчыма, гэта следства катастрофы ЧАЭС — акурат цяпер увайшло ў рэпрадуктыўны ўзрост чарнобыльскае пакаленне. Магчыма, у выніку іншых прычын...

У той жа час неафіцыйная статыстыка кажа, што кожная друга пара мае праблемы з зачаццем дзіцяці. Узнікае пытанне: чаму нашае грамадства такое неміласэрнае, такое непрымальнае да сужэнстваў, у якіх няма дзяцей, да жанчын, якім па ўзросце належыць быць мамамі з дзецьмі на руках? Ужо час... Вы не хочаце дзяцей? Час ідзе! А чаму ў вас толькі адно дзіця?..

Пары маюць праблемы з зачаццем дзіцяці. Гэта факты. Так ёсць. І пастаянна траўмаваць, наступаць на балючыя месцы людзей, якія перажываюць гэтую трагедыю, — бесчалавечна. Магчыма, гэта такі феномен, калі людзі самі мелі праблемы. Таксама гэта пячатка постабортнага сіндрому, маючы якую, грамадства так рэагуе на праблемы маладых сужэнстваў. На маю думку, гэта менавіта велізарны, усёпаглынальны постабортны сіндром выліваецца ў такое непрыняцце і жорсткія адносіны да жанчын, няздольных нарадзіць дзіця. Гэта і ёсць тая агрэсія і боль, якім у свой час не далі праліцца належным чынам, і цяпер яна паталагічна праліваецца на цалкам бязвінных людзей, якія самі церпяць.

Што датычыць нас, хрысціянаў, католікаў: будзьце міласэрныя, як Бог! Мы верым, што наш Бог больш міласэрны, чым справядлівы. Аднак трэба памятаць, што і наступствы здараюцца па справядлівасці. Вельмі шмат трэба яшчэ працаваць нам, веруючым, над сваёй пазіцыяй прыняцця, пашаны таямнічага працэсу стварэння іншага чалавека, гэтага містычнага з’яднання — Божага ўздзеяння і чалавечага ўдзелу. Урачы не ўсемагутныя, сужэнцы не ўсемагутныя. Толькі Бог ведае, калі будзе Яго воля ў зачацці чалавечага жыцця.

Вельмі патрэбная духоўная падтрымка. Вельмі важнае духоўнае выхаванне сваёй паствы да міласэрнасці, дабрыні, любові да жанчын, якія патэнцыйна павінны нарадзіць.

І досыць ужо задаваць гэтае некарэктнае пытанне: калі ты ўжо?!! Гэтае пытанне трэба забыць назаўсёды.

Размаўляла Валянціна Грамыка

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.