Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кусташ будслаўскага санктуарыя: «Пасля фэсту яшчэ 30 дзён у Будславе моляцца ў інтэнцыях пілігрымаў»
Інтэрв'ю
27.06.2017 08:00

Пра асаблівасці сёлетніх урачыстасцяў у Будславе ў размове з Catholic.by распавёў а. Віктар Бурлака OFM, кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

Будслаўскі фэст 2017

«Разам з усім Касцёлам уключаемся ў святкаванне 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, і гэта галоўная тэма сёлетніх урачыстасцяў, — адзначыў кусташ.

У межах перэгрынацыі 28 чэрвеня ў Будслаў прыбудзе фігура Маці Божай Фацімскай. Цяпер яна наведвае Мядзельскі дэканат, да якога належыць і будслаўская парафія».

Духоўная падтрымка пілігрымаў

«Ад 22 чэрвеня — гэта дзень, у які сёлета выйшлі першыя пешыя пілігрымкі ў Будслаў, — кожны дзень да 30 чэрвеня ўключна ў будслаўскім санктуарыі цэлебруюцца святыя Імшы ў інтэнцыі ўсіх пілігрымаў. Парафія моліцца аб Божым благаслаўленні для ўсіх пілігрымаў, у тым ліку і тых, хто прыбудзе аўтобусамі».

Баранавічы-Будслаў 2017

Тэматычныя палаткі

Падчас галоўных урачыстасцяў Будслаў ажывае. Звычайна ціхая плошча перад святыняй у гэтыя дні застаўлена палаткамі, дзе можна набыць духоўную літаратуру, даведацца пра дзейнасць манаскіх супольнасцяў у Беларусі, паразмаўляць з семінарыстамі на тэму паклікання да святарства. Ёсць тут і палаткі з прысмакамі, каля некаторых дымяцца шашлыкі, тут і там прыцягваюць вока яркія дзіцячыя цацкі.

Будслаў 2014

«Сёлета па традыцыі сваю прадукцыю будуць прадстаўляць выдавецтва “Про Хрысто” з Мінска, выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі. Свае палаткі ўсталююць айцы кармэліты, капуцыны, салезіяне, марыяне і іншыя манаскія супольнасці. Семінарысты з Пінска ў сваёй палатцы зладзяць акцыю пакліканняў. Са сваёй дзейнасцю будуць знаёміць і члены “Легіёна Марыі”. Група дапамогі залежным “Светач” арганізуе так званую “лаву цвярозасці”. Трэба адзначыць, што за два дні да фэсту група залежных людзей з гэтай супольнасці таксама вырушыць пешшу ў Будслаў. І гэта будзе іх першая пілігрымка».

Хто можа паставіць тэматычную палатку ў Будславе?

«Прынцып просты. Усталяванне палатак з рэлігійнай прадукцыяй узгадняецца з пробашчам будслаўскай парафіі. Палаткі з сувенірнай прадукцыяй, харчаваннем і іншымі рэчамі нерэлігійнага характару ўсталёўваюцца з дазволу райвыканкама. Такая дамоўленасць існуе ўжо шмат гадоў, яна сябе добра зарэкамендавала, бо, калі даеш некаму дазвол на рэалізацыю пэўнай прадукцыі, то бярэш адказнасць і за яго прадукцыю».

Пасля фэсту яшчэ 30 дзён у Будславе моляцца ў інтэнцыях пілігрымаў

«У санктуарыі заўсёды ёсць магчымасць запісаць інтэнцыі. Два гады таму мы дадалі стацыянарныя пункты, дзе можна пакінуць інтэнцыі, запісаўшы іх на картцы. Але заўсёды ў касцёле дзяжураць манахіні, браты або свецкія асобы, якія запісваюць малітоўныя просьбы. Добраахвотныя ахвяраванні можна пакінуць у любой скарбонцы.

Пасля заканчэння фэсту ў санктуарыі ля абраза Маці Божай кожны год на працягу 30 дзён цэлебруецца складковая святая Імша менавіта ў тых інтэнцыях, якія былі запісаны ў дні фэсту».

Штогод у Будслаў прыбывае каля трох тысяч пешых пілігрымаў

«У гэтым годзе, думаю, пілігрымак будзе не менш, чым у мінулым. Будзе адна новая — з удзелам залежных асобаў. Яна вырушыць з Бягомля.

Таксама адна з маладых пілігрымак — сямейная. Яна працягваецца адзін дзень, але ўдзел у ёй бяруць пераважна ўсе члены сям’і. Вызначаецца гэтая група вялікай колькасцю дзіцячых вазкоў ды і ўвогуле дзяцей. Колькасць удзельнікаў гэтай пілігрымкі, якая сёлета будзе ўжо трэцяй па ліку, з кожным годам павялічваецца.

Увогуле штогод у Будслаў прыбывае каля трох тысяч пешых пілігрымаў».

Сямейная пілігрымка ў Будслаў

У гэтым годзе, як дадаў кусташ, уваход пешых пілігрымаў будзе рэгулявацца такім чынам, каб кожны пілігрым меў час памаліцца ў святыні перад абразом.

Турнікеты для бяспекі?

Апошнія гады пілігрымы, каб трапіць на тэрыторыю будслаўскага санктуарыя, вымушаны прайсці кантроль службаў бяспекі і пераадолець турнікеты.  

«Забаронена праносіць усё тое, што стварае небяспеку для людзей. Трэба памятаць, што ў Будслаў я іду на малітву. І калі пілігрым ідзе з малітоўнікам і ружанцам, з кубкам і лыжкай, каб штосьці з’есці, то ля турнікета да яго пытанняў не будзе».

У гэтым годзе, як паведаміў а. Віктар Бурлака OFM, ад службы аховы асаблівае папярэджанне: будзе звяртацца ўвага і на лякарствы, каб на месца масавай малітвы не былі пранесены псіхатропныя рэчывы.

Заезды і паркінгі

Паркінг для аўтамабіляў святароў і законных асобаў будзе знаходзіцца за будынкам кляштара, як і ў мінулыя гады. Заезд на паркінг — праз в. Крывічы. Пасля з’езду з маста праз раку Сэрвач перад святыняй паварот налева.

Паркінгі для свецкіх будуць знаходзіцца на пад’ездах да Будслава.

Цэнтральны ўезд у Будслаў на дні фэсту перакрываюць, таму заезд праз Даўгінава будзе немагчымы.

Прамая трансляцыя або фэст на свае вочы з любой кропкі свету

Як і штогод, будзе арганізавана прамая трансляцыя з урачыстасцяў у Будславе, за якой можна будзе сачыць 30 чэрвеня і 1 ліпеня на сайце Catholic.by. Уключэнне плануецца з 14.00. З гэтай гадзіны пачынаюць прыбываць пешыя пілігрымы.

«Для мяне гэты фэст — дванаццаты»

Для а. Віктара Бурлакі гэты фэст у Будславе будзе ўжо дванаццатым. Пачынаючы ад 2006 года з дапамогай братоў ён адказвае за арганізацыю галоўных урачыстасцяў. Да гэтага — ад 2000 па 2003 гг. — айцец Віктар дапамагаў арганізоўваць будслаўскія ўрачыстасці папярэдняму кусташу а. Славаміру Вятлугіну OFM.

Падрыхтавала Валянціна Грамыка

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.