Маёўка ў Будслаў: моладзь са Шчучына наведала санктуарый Маці Божай Будслаўскай |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
03.05.2013 15:26 |
1 мая група шчучынскай моладзі — сёлетнія выпускнікі школ — здзейсніла пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Сярод асноўных інтэнцый пілігрымкі стала малітва аб апецы Маці Божай падчас выпускных экзаменаў, а таксама перад выбарам далейшай дарогі.
Шлях чалавека, так ці інакш, заўсёды звязаны з жыццёвым выбарам. І заканчэнне сярэдняй школы якраз і з’яўляецца адным з такіх важных момантаў — куды падацца далей? Прыняцце важных рашэнняў залежыць ад нашых уласных думак, ад парадаў сваякоў і блізкіх, а таксама ад малітвы, таму што Бог дае сілы і заклікае нас да жыцця.
Хто ж, як не Бог, ведае, што патрэбна чалавеку і які занятак будзе прыносіць яму сапраўднае шчасце?
Падчас пілігрымкі ў Будслаў моладзь адведала і іншыя памятныя гістарычныя і культурныя месцы рэгіёна: касцёл і мячэць у Іўі, касцёл у Валожыне. Удзельнікі пілігрымкі былі ўражаныя прыгажосцю возера Нарач і гасціннасцю жыхароў Свіры. Асаблівым пунктам праграмы стала наведванне спаленай у гады Другой сусветнай вайны вёскі Хатынь, дзе былі замардаваныя дзясяткі мірных жыхароў…
У самім Будславе моладзь азнаёмілася з гісторыяй вёскі і гісторыяй з’яўлення на гэтых землях цудадзейнага абраза. На святой Імшы ў санктуарыі шчучынцы прадставілі Маці Божай усе свае просьбы і малітвы.
А. Віталій Слука SP
|
Фотарэпартаж |