Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбыўся дзень супольнасці «Хатні Касцёл»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.05.2013 11:48

1 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбыўся, па шматгадовай традыцыі, дзень супольнасці «Хатні Касцёл» руху «Святло-Жыццё». У сустрэчы прынялі ўдзел сем’і з Мінска, Магілёва і Маладзечна.

Сустрэча распачалася ружанцовай малітвай. Разважаючы над Хвалебнымі таямніцамі, удзельнікі дзякавалi Богу за Уваскрослага Езуса, за магчымасць спаткання пад апекай Мацi Божай Будслаўскай i прасілі аб магчымасці дарыць сваю любоў і сямейную гасціннасць усім без выключэння і межаў.

Святую Імшу для ўдзельнікаў супольнасцяў «Хатні Касцёл» і «Каштоўная Пярліна» канцэлебравалі кс. Павел Шылак — дыяцэзіяльны мадэратар  супольнасці «Хатні Касцёл», кс. Ірынэуш Копач — адказны за супольнасць «Каштоўная Пярліна», кс. Гжэгаж Балеста з Лебедзева і а. Алег Вайцяховіч з парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне.

У гаміліі кс. Ірынэуш Копач узгадаў аб пачатку супольнасці «Хатні Касцёл», якая ў гэтым годзе адзначае саракагоддзе, аб яе заснавальніку кс. Францішку Бляхніцкім, аб першых «Аазах дзяцей Божых» і падкрэсліў важнасць евангелізацыі ў сучасным свеце, асабліва прыкладам сямейнага жыцця і жыцця ў супольнасці.

На практычных занятках у школе малітвы сямейным колам была прапанавана малітва да Духа Святога ў інтэнцыі сем'яў з іншых колаў, каб агарнуць малітвай усiх удзельнiкаў «Хатняга Касцёла» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Пасля ўрачыстага абеду кс. Павел Шылак правёў канферэнцыю на тэму «Пазнанне Бога ў гісторыі свайго жыцця». Святар распавёў аб тым, што Пан Бог вядзе нас па жыцці і, азіраючыся назад, мы можам заўважыць моманты, калі адчувалі прысутнасць Бога. Бог разбурае іллюзіі, якія чалавек стварае аб Ім і аб сваім жыцці. Нельга хутка і неабдумна інтэрпрэтаваць падзеі свайго жыцця і наракаць на Божую кару. Бог не карае, і Яго нельга выкарыстоўваць у сваіх эгаicтычных мэтах. Трэба вучыцца распазнаваць волю Бога ў сваім жыцці. Яна там, дзе спакой і згода з самім сабой.

Падчас адарацыі Насвяцейшага Сакрамэнту ўдзельнікі сустрэчы прасілі аб Божай міласэрнасці для сябе, сваіх сем’яў і блізкіх, усіх тых, каго сустракаюць на сваім шляху. Потым сямейная пара, адказная за «Хатні Касцёл у Мінску» — Віктар і Марына Дагілі — прынялі з рук мадэратара супольнасці абраз Святой Сям’і, які будзе перадавацца з сям’і ў сям’ю для асаблівай малітвы ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў супольнасці.

На заканчэнне было аб’яўлена, што пятнаццацідзённыя рэкалекцыі І ступені адбудуцца з 14 па 28 ліпеня 2013 года ў Баранавічах. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя сем’і.

Чарговы дзень супольнасці «Хатні Касцёл» адбудзецца на пачатак новага года працы 14 верасня 2013 года ў Мінску.

Сем’і «Хатняга Касцёла» сардэчна дзякуюць кусташу санктуарыя а. Віктару Бурлаку OFM за магчымасць і добрыя ўмовы для правядзення сустрэчы.

Алена i Аляксандр Латушкiны

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме