На выклікі новых рэлігійных рухаў звярнуў увагу старшыня епіскапату Італіі і віцэ-старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) кардынал Анджэла Баньяска. У Варшаве ў гэтыя дні праходзіць сустрэча ССЕЕ і Аб’яднанага Камітэта Канферэнцыі Цэркваў Еўропы (KEK).
У размове з агенцтвам КАІ кардынал паведаміў, што ў Італіі да новых рэлігійных рухаў належаць каля 250 тысяч чалавек. Гэтая з’ява, дадаў іерарх, павінна заахвоціць біскупаў і святароў да роздуму. «Мы бачым патрэбу лепшага прымання вернікаў, дапамогі ім глыбей усведамляць сваю прыналежнасць да Касцёла і больш радасна ўдзельнічаць у жыцці верай», — падкрэсліў віцэ-старшыня ССЕЕ.
Кардынал звярнуў увагу на прысутнасць у новых рэлігійных рухах так званай «лёгкай тэалогіі», лёгкага рэлігійнага паслання. Такія рухі не патрабуюць глыбокага тэалагічнага роздуму, а «звяртаюць значна большую ўвагу на прабыванне людзей разам і на іх моцную эмацыянальнасць». Слабасцю гэтых рухаў, дадаў іерарх, з’яўляецца тое, што яны часта сканцэнтраваны на адзінцы, на асобе, а ў такіх справах, як мір або справядлівасць, чалавек застаецца прадастаўленым самому сабе.
Па словах кардынала, Касцёл можа адказаць на гэтыя выклікі праз глыбокую і зразумелую людзям катэхізацыю, якая павінна быць злучана з вопытам хрысціянскага жыцця. Старшыня італьянскага епіскапату назваў вельмі важным сакрамэнтальнае жыццё, малітву, удзел у літургіі, сведчанне міласэрнасці і ўдзел у хрысціянскай супольнасці. Іерарх заахвоціў таксама звяртаць большую ўвагу на народную пабожнасць, якая часам трактуецца як другарадная форма рэлігійнасці, але разам з тым з’яўляецца часткай чалавечай натуры і патрабуе ачышчэння, умацавання і належнай ацэнкі. (AG)
|