Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскупы Еўропы: не дазволіць, каб страхі і эгаізм засланілі любоў
09.05.2013 15:34

Касцёл у Еўропе выражае салідарнасць з тымі, хто перажывае цяжкасці, звязаныя з эканамічнымі праблемамі і крызісам веры. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Рады епіскапатаў Еўропы ў сувязі з Днём Еўропы, які адзначаецца на кантыненце 9 мая.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, іерархі заклікалі еўрапейцаў, нягледзячы на існуючыя цяжкасці, з адвагай глядзець у будучыню і не губляць надзеі. «У гэты Год веры з поўнай перакананасцю нагадваем словы з адгартацыі Яна Паўла ІІ “Ecclesia in Europa”: “Езус Хрыстус – крыніца надзеі для Еўропы», — гаворыцца ў паведамленні. Біскупы заахвочваюць «не дазволіць, каб страхі і эгаізм засланілі сабой любоў, якая заўсёды адрознівала наш кантынент», а таксама «адкрыць важнасць сям’і, каштоўнасць дару і гасціннасці, робячы самых патрабуючых нашымі бліжнімі».

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы выказала падзяку ўсім, хто спрыяе развіццю дабрачынных ініцыятыў на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях. «Дапамога, якую яны аказваюць, з’яўляецца клапатлівым і канкрэтным адказам на многія матэрыяльныя патрэбы, але таксама знакам даверлівай любові Бога, які ў Езусе Хрысце стаў блізкім да ўсіх», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама іерархі заклікалі ўсіх хрысціян, якія жывуць на кантыненце, выкарыстаць Дзень Еўропы ў якасці нагоды для разважання над спосабамі пабудовы еўрапейскага грамадства, адкрытага на Абсалют і важнасць праўды, справядлівасці, салідарнасці і свабоды.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.