Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Што мы перададзім нашым дзецям?
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
29.04.2013 19:12

Нядаўна на катэхезе мой вучань Данііл задаў пытанне: «Сястра, бацька мяне пакараў за тое, што я дрэнна сябе паводзіў. Ён забараніў мне гуляць на камп’ютары цэлы тыдзень. Ён зграшыў супраць чацвёртай Божай запаведзі?»

Згадзіцеся, вельмі ўжо кемнае пытанне. Я спытала ў Данііла, ці лічыць ён справядлівым пакаранне бацькі. Ён згадзіўся, але адначасова ў сваё апраўданне пачаў расказваць пра сваіх сяброў, як яны агрызаюцца з бацькамі, здзяйсняюць дрэнныя ўчынкі і заслугоўваюць большага пакарання, чым ён, але ў выніку яны застаюцца беспакаранымі. Провід Божы ўладкаваў усё такім чынам, што мы на гэтым уроку вывучалі прарока Самуіла. На фоне гісторыі вялікага прарока разыгралася драма сям’і Ілій. Ілій быў пакараны Панам Богам за тое, што «ён ведаў, як сыны яго грашаць, і не стрымліваў іх» (1 Вал 3, 13). Адназначна, каротка і ясна. Калі мы, бацькі, не будзем стрымліваць грахі нашых дзяцей, гэта абернецца трагедыяй для ўсёй нашай сям’і. Вось да чаго прыводзіць беспакаранасць. Дзеці самі бяруць у свае рукі ўладу і здзяйсняюць «правасуддзе». Што значыць «стрымліваць грахі нашых дзяцей»? Што для бацькоў ХХІ стагоддзя з’яўляецца «грахом», а што цнотай? Усё залежыць ад духоўнай кандыцыі сям’і, разумення дабра і зла. На сустрэчах для бацькоў першакамунійных дзяцей большасць мамаў і татаў імкнецца апраўдаць сваё духоўнае невуцтва атэістычным выхаваннем у дзяцінстве. Дзеці, якія ходзяць на катэхізацыю, ведаюць больш, чым іх бацькі. Праславутае, неаспрэчнае алібі: «Сястра, нас так не вучылі, у нас не было такой магчымасці, як у нашых дзяцей, у нас не было такіх падручнікаў і г.д.» Тады я пытаюся ў бацькоў, асабліва модных мамаў: «Сачыць за сабой, карыстацца касметыкай, хадзіць у салярый, карыстацца камп’ютарам і ўсёй сучаснай тэхнікай, напэўна, вы навучыліся ў сваіх мамаў?» Бацькі звычайна сарамліва ўсміхаюцца і з разуменнем ківаюць галавой. Яны цудоўна разумеюць і ўсведамляюць, што калі б хацелі, то змаглі б развівацца духоўна, але, на жаль, навучыліся жыць без Бога — і дзеля чаго змяняць прывычныя асновы? Але вось з’явіліся дзеці — нашы нашчадкі. Што мы ім перададзім, акрамя матэрыяльных дабротаў?

Бацькі павінны быць для сваіх дзяцей «першымі настаўнікамі веры словам і прыкладам і садзейнічаць пакліканню кожнага з іх, асабліва духоўнаму» (ККК 1656). У што мы верым? У Бога Жывога, Айца і Сына і Духа Святога, або ў ідалаў Багацця, Паспяховасці, Прыгажосці і Задавальнення? Чым «багатыя» нашы сем’і, таму і вучым сваіх дзяцей. Час спыніцца і падумаць…

«Вашы дзеці — гэта не вашы дзеці.
Яны з’яўляюцца праз вас, але не з вас,
І, хоць яны належаць вам, вы не гаспадары ім.
Вы можаце падарыць ім вашу любоў, але не вашы думкі,
Таму што ў іх ёсць уласныя думкі.
Вы можаце даць дом іх целам, але не іх душам,
Бо іх душы жывуць у доме Заўтра, які вам не наведаць, нават у вашых марах.
Вы можаце старацца быць падобнымі да іх, але не імкніцеся зрабіць іх падобнымі на сябе.
Таму што жыццё ідзе не назад і не дачакаецца Учора.
Вы толькі лукі, з якіх пасланы ўперад жывыя стрэлы, якія вы клічаце сваімі дзецьмі.
Лучнік бачыць сваю мэту на шляху ў бясконцае, і гэта Ён згінае вас сваёй моцай, каб Яго стрэлы маглі ляцець хутка і далёка.
Няхай ваша згінанне ў руках гэтага Лучніка будзе вам у радасць,
Бо ён любіць не толькі сваю стралу, што ляціць, але і свой лук, хаця ён і нерухомы»
(Халіль Джэбран. «Прарок»)

Хто фарміруе нашых дзяцей? Хто з’яўляецца для іх аўтарытэтам? Каго яны ахвотна слухаюць? Каго яны пераймаюць? Дарагія бацькі, у адказах на гэтыя пытанні знаходзіцца разгадка праблемы. Мае вучаніцы з трэцяга класа з нецярпеннем чакалі вяртання сваёй настаўніцы з курсаў павышэння кваліфікацыі. Скарыстаўшыся адсутнасцю настаўніцы, модныя вучаніцы сталі прыходзіць у школу у абутку на высокіх абцасах. Цікава, адкуль трэцякласніцы бяруць абутак на высокім абцасе? Размыта ў нас, у дарослых, разуменне дабра і зла, і ў такі жорсткі свет без Бога і правіл мы хочам увесці непадрыхтаваных дзяцей. Потым мы здзіўляемся таму, што на медаглядзе сярод дванаццацігадовых дзяўчат усяго пара нявінных. Нармальна ставімся да таго, што ў «Кантакце» ў нашай трынаццацігадовай дачкі хлопец пакідае запіс: «Я цябе хачу». Не ведаю, як у вас, але ў культуры, у якой я расла, за такі «камплімент» хлопец адказаў бы перад маім бацькам і братамі. Таму што існуюць такія паняцці, як гонар і годнасць. Наша духоўная спадчына з’яўляецца фундаментам для нашых дзяцей, дзякуючы якому яны змогуць устаяць у сучасным свеце. Бо наша мэта заключаецца ў тым, каб нашы дзеці былі падрыхтаванымі і змаглі самастойна прымаць рашэнні, каб яны змаглі ўзяць адказнасць за сваё жыццё і жыццё блізкіх ім людзей. Для гэтага ім патрэбна наша падтрымка. Мы, дарослыя, адказныя за іх. Наша вера, любоў і прыстойнасць — гэта самы надзейны ўнёсак, які мы можам укласці ў нашых дзяцей. Можа быць многае і ўпушчана, але, напэўна, не ўсё… Час брацца за сябе, самы час, ніколі не позна…

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.